Дзеі 16 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Дайшоў ён да Дэ́рвіі і Лíстры. І вось, быў там адзін ву́чань па імені Цімафей, сын нейкай жанчыны Іудзейкі, што ўве́равала, ба́цька ж яго быў Э́лінам;
 
І прыйшоў ён у Дэрбу й Лістру. І вось быў тамака адзін вучань, на ймя Цімахвей, сын аднае́ жанчыны Жыдоўскае, ве́ручае, і ба́цькі Грэка.

пра яго све́дчылі браты́, якія былí ў Лíстры і Іканíі.
 
Аб ім сьве́дчылі браты ў Лістры й Іконіі.

Павел пажада́ў узя́ць яго з сабою; і, ўзя́ўшы, абрэ́заў яго з-за Іудзеяў, якія былí ў тых мясцінах; бо ўсе ведалі, пра ба́цьку яго, што ён быў Э́лінам.
 
Паўла зажадаў, каб ён з ім пайшоў; і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Жыдоў, што былі ў тых ваколіцах: бо ўсе́ ве́далі бацьку ягонага, што быў Грэк.

Калі ж прахо́дзілі яны па гарадах, то нака́звалі веруючым выко́нваць пастано́вы, прыня́тыя Апосталамі і прасвітарамі ў Іерусаліме.
 
Калі-ж праходзілі праз ме́сты, аддавалі ім перахоўваць уставы, пастаноўленыя Апосталамі й старшымі, што ў Ерузаліме.

І цэ́рквы ўмацо́ўваліся ў веры і ўзраста́лі колькасцю штодзе́нь.
 
І цэрквы крапчэлі ў ве́ры ды ўзрасталі што-дня лікам.

Прайшоўшы праз Фрыгíю і Галацíйскую краíну, яны Ду́хам Святы́м не былí дапу́шчаны прапаве́даваць сло́ва ў Асíі.
 
Прайшоўшы-ж праз Фрыгію й зямлю Галятыйскую, ня даў ім Дух Сьвяты абвяшчаць слова ў Азіі.

Прыйшоўшы ў Місíю, яны спрабава́лі ісці ў Віфінíю, але Дух не дапусцíў іх.
 
Прыйшоўшы ў Мізію, маніліся йсьці ў Віфінію; і не дазволіў ім Дух.

Прайшоўшы Місíю, яны сышлі ў Траа́ду.
 
Дык, прайшоўшы праз Мізію, зыйшлі ў Троаду.

І было́ ўначы́ відзе́нне Паўлу: нейкі муж Македонец стаяў і прасіў яго, ка́жучы: перайдзі ў Македонію і дапамажы́ нам.
 
І паказалася Паўлу ўначы зьява: не́йкі муж, Македонец, стоючы, прасіў яго й мовіў: Прыходзь у Македонію й памажы нам.

Калі ён убачыў відзе́нне, то мы адразу пастара́ліся адпра́віцца ў Македонію, разуме́ючы, што паклíкаў нас Гасподзь дабраве́сціць ім.
 
Як жа пабачыў ён зьяву, ураз-жа памкнуліся мы йсьці ў Македонію, разуме́ючы, што паклікаў нас Госпад абвяшчаць ім Эвангельле.

І вось, адпра́віўшыся з Траа́ды, мы накірава́ліся проста ў Самафра́кію, а на другі дзень у Неа́паль
 
Дык, вырушыўшы з Троады, мы борзда пайшлі ў Самафракію, а назаўтрае ў Нэапаль,

і адтуль у Філíпы — першы ў той ча́стцы Македоніі горад, кало́нію; у гэтым горадзе мы застава́ліся некалькі дзён.
 
адтуль-жа ў Філіппы, што ёсьць пе́ршае ме́ста тае́ часьці Македоніі — калёнія. І былі мы ў гэтым ме́сьце не́калькі дзён.

А ў дзень суботні мы вы́йшлі за горад да ракí, дзе, як лічы́лася, было́ месца малітвы, і, сеўшы, размаўлялі з жанчынамі, якія сабра́ліся там.
 
А ў дзе́нь суботні выйшлі мы за ме́ста к рацэ, дзе́ звычайна адбывалася мале́ньне, і, пасе́ўшы, прамаўлялі да сабраных жанчын.

І слу́хала адна жанчына па імені Лíдзія, прадаўшчыца пу́рпуру, з горада Фіяты́р, якая шанава́ла Бога; і Гасподзь адкрыў яе сэ́рца, каб успрыма́ць тое, што гаварыў Павел.
 
І слухала адна жанчына, на ймя Лідзія, таргоўка парфірай, з ме́ста Фіатыра, якая шанавала Бога; і Госпад расчыніў сэрца яе́, каб зважала на прамову Паўлы.

Калі ж ахрысцíлася яна і дом яе, то папрасіла, ка́жучы: калі вы палічы́лі мяне вернай Госпаду, дык увайдзíце ў мой дом і жывíце. І яна перакана́ла нас.
 
Калі-ж ахрысьцілася яна й дом яе́, прасіла нас, мовячы: калі вы прызналі мяне́ ве́рнай Госпаду, дык увайдзе́це ў дом мой ды жыве́це. І прымусіла нас.

Ста́лася, што, калі мы ішлі да ме́сца малітвы, сустрэ́ла нас адна служа́нка, якая ме́ла ду́ха вяшчу́нства і якая прыно́сіла гаспадара́м сваім вялікі прыбы́так прадказа́льніцтвам.
 
Сталася-ж, як мы йшлі на малітву, сустрэла нас адна дзяўчына, якая ме́ла ве́шчага духа ды варажбой вялікі даход давала гаспадаром сваім.

Яна, ідучы́ за Паўлам і за намі, крычала, ка́жучы: гэтыя людзі — рабы́ Бога Усявы́шняга, яны абвяшча́юць нам шлях спасе́ння.
 
Яна, ідучы за Паўлам і намі, закрычэла, мовячы: Людзі гэтыя — рабы Госпада Найвышэйшага; яны абвяшчаюць нам шлях да збаўле́ньня!

Так рабіла яна многа дзён. Павел жа, якому апры́крала гэта, звярнуўся да ду́ха і прамовіў: зага́дваю табе íмем Госпада Іісуса Хрыста вы́йсці з яе. І дух вы́йшаў у той жа час.
 
І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла-ж, узлаваўшыся, павярнуўся й сказаў духу: Прыказую табе́ імем Ісуса Хрыста: выйдзі з яе́! І выйшаў той-жа час.

Гаспадары́ ж яе, уба́чыўшы, што знíкла надзея на прыбы́так іх, схапілі Паўла і Сілу і пацягну́лі на плошчу да нача́льнікаў;
 
Гаспадары-ж яе́, бачучы, што прапала надзе́я заробку іхняга, схапіўшы Паўлу й Сілу, павалаклі на плошчу да начальнікаў.

і, прывёўшы іх да правіцеляў, сказалі: гэтыя людзі, бу́дучы Іудзеямі, будара́жаць наш горад
 
Прывёўшы-ж іх да ваяводаў, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць ме́ста нашае, а яны — Жыды

і прапаве́дуюць звы́чаі, якіх нам, Ры́млянам, нельга ні прыма́ць, ні выко́нваць.
 
і вучаць звычаяў, якіх нам, Рымлянам, ня сьле́д ні прыймаць, ні выпаўняць.

І паўстаў натоўп су́праць іх, а правіцелі, сарва́ўшы з іх вопратку, загада́лі біць іх кія́мі;
 
І паўстаў народ проці іх, і ваяводы, сарваўшы вопраткі з іх, загадалі біць іх кіямі.

і, нанёсшы ім шмат удараў, кінулі іх у цямніцу і загадалі ахоўніку пільна сцерагчы́ іх;
 
Даўшы-ж ім шмат удараў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы сторажу вастрожнаму крэпка пілнаваць іх.

атрыма́ўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўну́траную цямніцу і ногі ім забíў у кало́дкі.
 
Ён, дастаўшы гэткі прыказ, кінуў іх у ўнутраную вязьніцу ды ногі ім паўшчамляў у калоду.

Каля по́ўначы Павел і Сіла, мо́лячыся, спе́вам услаўля́лі Бога; а вя́зні слу́халі іх.
 
Каля паўночы Паўла й Сіла маліліся й пяялі гімны Богу, і вязьні чулі іх.

Раптам зда́рылася вялікае землетрасе́нне, так што захіста́ліся падму́ркі цямнíцы; адразу паадчыня́ліся ўсе дзверы, і з усіх паспада́лі кайданы́.
 
Зьнячэўку сталася вялікае трасе́ньне, ажно захісталіся падваліны вязьніцы; і ўраз расчыніліся ўсе́ дзьве́ры, і ўсім апалі путы.

Ахоўнік, прачну́ўшыся і ўбачыўшы, што адчы́нены дзверы цямніцы, вы́няў меч і хацеў забіць сябе, ду́маючы, што вя́зні ўцяклí.
 
І стораж вязьніцы, прачхнуўшыся ды бачучы расчы́неныя дзьве́ры вязьніцы, дастаўшы ме́ч, хаце́ў забіць сябе́, бо думаў, што вязьні паўцякалі.

Але Павел усклíкнуў моцным голасам, ка́жучы: не рабі сабе ніякага зла, бо ўсе мы тут.
 
І моцным голасам загаласіў Паўла, мовячы: Не рабі сабе́ нічога благога: бо ўсе́ мы тут!

Той, папрасіўшы агню́, убег і ў трымце́нні прыпа́ў да Паўла і Сілы,
 
Папрасіўшы сьвятла́, ён убе́г і, дрыжучы, прыпаў да Паўлы й Сілы

і, вы́веўшы іх адтуль, сказаў: спадары́! што мне трэба рабіць, каб спасцíся?
 
ды, выводзячы іх вонкі, сказаў: Гаспадары! Што трэ’ рабіці мне́, каб спасьціся?

Яны ж адказа́лі: уве́руй у Госпада Іісуса Хрыста, і спасе́шся ты і ўвесь дом твой.
 
Яны-ж адказалі: Ве́руй у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўве́сь дом твой.

І прапаве́далі слова Гаспо́дняе яму і ўсім, што былí ў доме яго.
 
І казалі слова Гасподняе яму і ўсім хатнім ягоным.

І ён, забраўшы іх у той час ночы, абмы́ў раны іх, і адразу быў ахры́шчаны ён сам і ўсе дама́шнія яго;
 
І ў тую-ж гадзіну ўначы, узяўшы іх, паабмываў ім раны й ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя безадкладна.

і, прывёўшы іх у дом свой, ён прапанава́ў ім трапе́зу і з усім домам сваім узра́даваўся, што ўве́раваў у Бога.
 
Завёўшы-ж іх у свой дом, паставіў ім пачастунак і це́шыўся разам з усе́нькім домам, што ўве́раваў у Бога.

Калі ж настаў дзень, правіцелі паслалі гарадскіх служы́целяў сказаць: вы́звалі тых людзей.
 
Як-жа настаў дзе́нь, паслалі ваяводы слуг ме́скіх, кажучы: Звольніце гэных людзе́й.

Ахоўнік паве́даміў пра гэта Паўлу: правіцелі прысла́лі зага́д вы́зваліць вас, так што цяпер выхо́дзьце і ідзіце з мірам.
 
І стораж вязьніцы абвясьціў словы тыя Паўлу: Прыслалі ваяводы, каб звольніць вас. Дык вось, выходзьце і йдзе́це з мірам.

Але Павел сказаў ім: нас, Ры́мскіх грамадзя́н, без суда́ прынаро́дна бíлі і кíнулі ў цямнíцу, а цяпер упо́тай выпуска́юць? не, няхай пры́йдуць і са́мі вы́ведуць нас.
 
Паўла-ж сказаў да іх: Нас, грамадзян Рымскіх, бяз суду білі перад народам і кінулі ў вязьніцу, а цяпе́р цішком звальняюць нас? О, не́: няхай самі прыйдуць ды вывядуць нас.

Гарадскія служыцелі перадалí правіцелям гэтыя сло́вы; і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта Ры́мскія грамадзя́не.
 
Слугі ме́скія пераказалі словы гэтыя ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны Рымскія.

І, прыйшоўшы, яны папрасілі ў іх прабачэ́ння, потым вы́велі і прасілі пакінуць горад.
 
І, прыйшоўшы, перапрашалі іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць ме́ста.

Яны ж, вы́йшаўшы з цямніцы, прыйшлі да Лíдзіі і, убачыўшы братоў, далí ім настаўле́нне і адпра́віліся.
 
Выйшаўшы-ж з вязьніцы, прыйшлі ў Лідзію. І, бачучы братоў, навучалі іх ды пайшлі стуль.