Дзеі 19 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І ста́лася, калі Апало́с знахо́дзіўся ў Кары́нфе, Павел, прайшоўшы го́рныя вобласці, прыбы́ў у Эфе́с і, знайшоўшы некато́рых вучняў,
І сталася, як Апальлёс быў у Карыньце, што Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, зайшоў у Эфэс. Знайшоўшы-ж некаторых вучняў,
спыта́ў іх: ці прынялí вы Духа Святога, калі ўве́равалí Яны ж адказа́лі яму́: мы нават і не чулі, што ёсць Дух Святы́.
сказаў да іх: Ці, уве́раваўшы, прынялі вы Духа Сьвятога? Яны-ж сказалі яму: Але-ж мы й ня чулі, што існуе Сьвяты Дух.
Тады ён спытаў іх: у што ж вы хрысцíліся́ Яны адказалі: у Іаа́нава хрышчэ́нне.
І сказаў да іх: Дык у што-ж вы хрысьціліся? Яны-ж сказалі: У хрышчэньне Іоанавае.
Павел сказаў: Іаан хрысцíў хрышчэ́ннем пакая́ння, ка́жучы лю́дзям, каб ве́равалі ў Таго, Хто пры́йдзе пасля яго, гэта значыць, у Хрыста Іісуса.
Паўла-ж сказаў: Іоан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб уве́равалі ў Таго, што йдзе́ за ім, знача ў Ісуса Хрыста.
Пачуўшы гэта, яны ахрысцíліся ў імя́ Госпада Іісуса,
Пачуўшы-ж, яны ахрысьціліся ў імя Госпада Ісуса.
і калі Павел ускла́ў на іх ру́кі, сышоў на іх Дух Святы́, і яны сталі гавары́ць на іншых мовах і праро́чыць.
І, як узлажыў Паўла рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і пачалі гаварыць языкамі ды прарочыць.
А было́ іх усіх каля двана́ццаці чалавек.
Было-ж усіх каля дванаццацёх мужоў.
Прыйшоўшы ў сінагогу, Ён адважна прапаве́даваў тры месяцы, даво́дзячы і перако́нваючы пра Царства Божае.
Увайшоўшы-ж у сынагогу, адважна прамаўляў, вядучы ў працягу трох ме́сяцаў гутаркі й даводзячы аб царстве Божым.
А калі некато́рыя ўпа́рціліся і не ве́равалі, зласло́вячы шлях Гасподні перад народам, то ён, пакíнуўшы іх, аддзялíў ву́чняў і штодзе́нь прапаве́даваў у вучы́лішчы нейкага Тыра́на.
А як некаторыя закамянелі й ня ве́рылі, зьневажаючы шлях (Гасподні) перад народам, дык, пакінуўшы іх, аддзяліў вучняў і кожын дзе́нь гутарыў у школе не́йкага Тырана.
Гэта праця́гвалася два гады́, так што ўсе жыхары́ Асíі чу́лі про́паведзь пра Госпада Іісуса, як Іудзеі, так і Э́ліны.
Дзе́ялася-ж гэта два гады, і гэтак чулі слова Госпада Ісуса ўсе́ жыхары Азіі, Жыды і Грэкі.
І небыва́лыя цу́ды твары́ў Бог рукамі Паўла,
І Бог немалыя цуды рабіў рукамі Паўлы,
так што на хворых усклада́лі ху́сты і паясы́ ад це́ла яго, і адступа́лі ад іх хваро́бы, і ду́хі злыя выхо́дзілі з іх.
так, што хусткі й паясы ад це́ла ягонага на хворых ускладалі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі із іх.
Спрабава́лі і некато́рыя з вандро́ўных Іудзейскіх закліна́льнікаў прамаўля́ць над тымі, хто меў злых ду́хаў, імя́ Госпада Іісуса, гаво́рачы: закліна́ем вас Іісусам, Якога Павел прапаве́дуе.
Дый некаторыя з вандроўных шаптуноў Жыдоўскіх пачалі над апанаванымі злым духам называць імя Госпада Ісуса, мовячы: Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.
І былí нейкія сем сыноў Ске́вы, Іудзейскага першасвятара́, якія гэта рабíлі.
Былі-ж не́йкія сямёра сыноў Ске́вы, архірэя Жыдоўскага, якія рабілі гэта.
Але злы дух сказаў у адказ: Іісуса зна́ю і Паўла ве́даю, а вы хто такія?
І злы дух, адказваючы, сказаў: Ве́даю Ісуса, дый Паўлу ве́даю; а вы хто будзеце?
І накíнуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адо́леўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны го́лыя і пара́неныя вы́беглі з дома таго.
І чалаве́к, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і перамогшы іх, ме́ў гэткую сілу над імі, што яны голыя й параненыя ўцяклі з гэнага дому.
Гэта стала вядо́ма ўсім Іудзеям і Э́лінам, якія жылí ў Эфе́се, і страх напаў на ўсіх іх, і ўзвялíчвалася імя́ Госпада Іісуса;
Гэта сталася ве́дама Жыдом і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і страх напаў на іх на ўсіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.
і многія з тых, што ўве́равалі, прыхо́дзілі, спавяда́ючыся і адкрыва́ючы ўчы́нкі свае;
Багата-ж із тых, што ўве́равалі, прыходзілі, вызнаваючы й апавядаючы ўчынкі свае́;
а няма́ла з тых, што займа́ліся чарадзе́йствам, сабра́ўшы кнігі свае, спалíлі перад усімі; і падлічы́лі кошт іх, і атрыма́лася пяцьдзеся́т тысяч серабро́м.
і даволі з тых, што чынілі чары, папрыносіўшы кнігі свае́, папалілі іх перад усімі; і, палічыўшы цану іх, знайшлі пяцьдзесят тысячаў серабра.
З такою сілаю сло́ва Гасподняе ўзраста́ла і ўмацо́ўвалася.
З гэткай сілай расло й крапчэла слова Гасподняе.
Калі ж гэта адбыло́ся, вы́рашыў у ду́ху Павел прайсці праз Македо́нію і Аха́ію і адпра́віцца ў Іерусалім, і сказаў ён: пасля таго, як я пабу́ду там, трэба мне і Рым уба́чыць.
Калі-ж гэта споўнілася, Паўла пастанавіў у духу йсьці ў Ерузалім, прайшоўшы праз Македонію і Ахе́ю, ды сказаў: Пабываўшы там, трэ’ мне́ й Рым пабачыць.
І, пасла́ўшы ў Македо́нію дваіх з тых, што служы́лі яму, Цімафе́я і Эра́ста, сам на нейкі час заста́ўся ў Асíі.
Паслаўшы-ж у Македонію двух прыслужнікаў сваіх, Цімахве́я й Эраста, сам астаўся часова ў Азіі.
Узняло́ся ж у той час немало́е абурэ́нне су́праць шля́ху Гасподняга,
Пад гэны-ж час узьнялася трывога немалая аб шлях (Гасподні):
бо нейкі майстар па серабры́, íмем Дзімітрый, што рабіў сярэ́браныя храмы Артэмíды і даваў немалы́ заро́бак раме́снікам,
бо не́хта, на ймя Зьмітра, што рабіў сярэбраныя храмы Артэміды й даваў раме́сьнікам немалы заработак,
сабра́ўшы іх і іншых такіх работнікаў, сказаў: людзі, вы ве́даеце, што ад гэтага заро́бку зале́жыць наш дабрабы́т;
сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў гэтага дзе́ла, сказаў: Мужы, вы ве́даеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;
і вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфе́се, але амаль ва ўсёй Асíі гэты Павел перакана́ў і адвярну́ў шмат людзей, ка́жучы, што зро́бленае рука́мі чалаве́чымі — не багí;
бачыце-ж і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але й блізу па ўсе́й Азіі гэны Паўла, пераканаўшы, багата народу адвярнуў, кажучы, што няма багоў рукатворных.
а гэта пагража́е нам, што не толькі рамяство́ гэтае будзе знясла́ўлена, але і храм вялікай багіні Артэмíды стане лічы́цца за нішто, і будзе зве́ргнута ве́ліч той, якую ўшано́ўвае ўся Асíя і ўвесь свет.
А гэта ня толькі пагражае ўпадкам нашаму рамяслу, але й тым, што храм вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца ве́ліч тае́, якую паважае ўся Азія і ўве́сь сьве́т.
Пачуўшы гэта і напо́ўніўшыся лю́тасцю, яны закрыча́лі, ка́жучы: Артэмíда Эфе́ская — вялікая!
Пачуўшы-ж і напоўніўшыся страхам, яны закрычэлі, мовячы: Вяліка Артэміда Эфэская!
Увесь горад быў ахо́плены сму́таю; і яны кíнуліся аднаду́шна да тэа́тра, схапіўшы Га́ія і Арыста́рха Македо́нян, спадаро́жнікаў Паўла.
І ўсё ме́ста напоўнілася ўзварушэньнем; і, захапіўшы з сабой Гайя й Арыстарха, Македонцаў, што вандравалі з Паўлам, кінуліся аднадушна ў тэатр.
Калі ж Павел хацеў пайсці да народу, вучні не пуска́лі яго;
Калі-ж Паўла хаце́ў выйсьці да народу, вучні не пазволілі яму.
і некато́рыя з начальнікаў Асійскіх, якія былí яму пры́яцелямі, паслаўшы да яго, прасілі не з’яўля́цца ў тэатры.
Дый некаторыя із начальнікаў Азійскіх, што былі прыяцелямі яго, паслалі да яго прасіць, каб ня йшоў у тэатр.
Тым часам адны крычалі адно, другія — другое, бо сход быў бязла́дны, і многія не ведалі, дзе́ля чаго сышлíся.
Адны-ж крычэлі адно, другія другое: бо сход быў бязладны, і большасьць ня ве́дала, дзеля чаго сабраліся.
Тады з натоўпу вы́ставілі напе́рад Алякса́ндра, якога прапанава́лі Іудзеі. Аляксандр, да́ўшы знак рукою, хацеў апраўда́цца перад народам.
З таўпы-ж выпхнулі напе́рад Аляксандра, якога выпіхалі Жыды. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хаце́ў апраўдацца перад народам.
Але, даве́даўшыся, што ён Іудзей, усе ў адзін голас амаль дзве гадзíны крычалі: Артэмíда Эфе́ская — вялікая!
Калі-ж даве́даліся, што ён — Жыд, дык узьняўся крык у адзін голас, і крычэлі каля дзьвюх гадзін: Вяліка Артэміда Эфэская!
Тады гарадскí сакрата́р, супако́іўшы натоўп, сказаў: мужы́ Эфескія! хто з людзей не ве́дае, што горад Эфес з’яўля́ецца захава́льнікам храма вялікай багíні Артэмíды і выя́вы, якая ўпала з неба?
Усьцішыўшы-ж народ, пісар кажа: Мужы Эфэскія! Хто-ж ня ве́дае, што ме́ста Эфэс ёсьць вартаўнік храму вялікае багіні Артэміды й Дыапэта?
дык вось, паколькі гэта бясспрэ́чна, то трэба вам захоўваць спакой і не рабіць нічога безразва́жна;
А як проці гэтага нічога сказаць не́льга, дык трэ’ вам супакоіцца й нічога неразважна не рабіць.
вы прывялі гэтых людзей, якія ні храм не рабава́лі, ні багíні вашай не зневажа́лі;
Вы-ж прывялі гэтых людзе́й, якія ані храму не абакралі, ані багіні вашае не зьневажалі.
калі ж Дзімітрый і раме́снікі, што з ім, ма́юць ска́ргу на каго-не́будзь, то дзе́йнічаюць суды́ і ёсць прако́нсулы, няхай ска́рдзяцца адны на другіх;
Калі-ж Зьмітра й раме́сьнікі, што з ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і старасты ёсьць: няхай адны адных пазываюць.
а калі вы дамага́ецеся яшчэ нечага, то гэта вы́рашана будзе на законным сходзе;
Калі-ж даходзіце не́чага іншага, дык будзе разьвязана на законным сходзе.
мы ж рызыку́ем быць абвінава́чанымі ў бу́нце за сённяшняе, бо няма ніякай прычыны, каб апраўда́ць гэтае збо́рышча. Сказаўшы гэта, ён распусцíў сход.
Мы-ж баімося, каб не абвінавацілі нас за сягоньняшнюю разруху, бо-ж няма ніякае прычыны, каб апраўдаць гэту зборку.