Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І сталася, калі Апалос быў у Карынфе, Павел, прайшоўшы верхнія краіны, прыйшоў у Эфес, і знайшоў некаторых вучняў,
 
І сталася, як Апальлёс быў у Карыньце, што Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, зайшоў у Эфэс. Знайшоўшы-ж некаторых вучняў,

і спытаўся ў іх: Ці атрымалі вы Святога Духа, калі ўверавалі? — А яны яму: А мы нават не чулі, ці ёсць Святы Дух.
 
сказаў да іх: Ці, уве́раваўшы, прынялі вы Духа Сьвятога? Яны-ж сказалі яму: Але-ж мы й ня чулі, што існуе Сьвяты Дух.

І ён спытаўся [ў іх]: Дык у што вы былі ахрышчаныя? — А яны сказалі: У Іаанава хрышчэнне.
 
І сказаў да іх: Дык у што-ж вы хрысьціліся? Яны-ж сказалі: У хрышчэньне Іоанавае.

І Павел сказаў: Іаан хрысціў хрышчэннем пакаяння, кажучы народу, каб уверавалі ў Таго, Хто ідзе за ім, гэта значыць у [Хрыста] Ісуса.
 
Паўла-ж сказаў: Іоан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб уве́равалі ў Таго, што йдзе́ за ім, знача ў Ісуса Хрыста.

І, пачуўшы гэта, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса,
 
Пачуўшы-ж, яны ахрысьціліся ў імя Госпада Ісуса.

і, калі Павел усклаў на іх рукі, на іх зышоў Святы Дух, і яны пачалі гаварыць на іншых мовах і прарочыць.
 
І, як узлажыў Паўла рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і пачалі гаварыць языкамі ды прарочыць.

А было ўсіх мужчын каля дванаццаці.
 
Было-ж усіх каля дванаццацёх мужоў.

І, увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, разважаючы і пераконваючы пра Царства Божае.
 
Увайшоўшы-ж у сынагогу, адважна прамаўляў, вядучы ў працягу трох ме́сяцаў гутаркі й даводзячы аб царстве Божым.

Але калі некаторыя ўпарціліся ў нявер’і і не давалі пераканаць сябе, ліхасловячы дарогу Гасподнюю перад мноствам людзей, ён, адступіўшыся ад іх, аддзяліў вучняў і штодня прапаведваў у школе [нейкага] Тыранна.
 
А як некаторыя закамянелі й ня ве́рылі, зьневажаючы шлях (Гасподні) перад народам, дык, пакінуўшы іх, аддзяліў вучняў і кожын дзе́нь гутарыў у школе не́йкага Тырана.

І гэта доўжылася два гады, так што ўсе жыхары Азіі пачулі слова Госпада [Ісуса] — і іудзеі, і эліны.
 
Дзе́ялася-ж гэта два гады, і гэтак чулі слова Госпада Ісуса ўсе́ жыхары Азіі, Жыды і Грэкі.

І Бог тварыў незвычайныя цуды Паўлавымі рукамі,
 
І Бог немалыя цуды рабіў рукамі Паўлы,

так што нават хусткі ці фартухі адносілі з яго цела да хворых, і ад іх адступалі хваробы, і [з іх] выходзілі злыя духі.
 
так, што хусткі й паясы ад це́ла ягонага на хворых ускладалі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі із іх.

Нават некаторыя з вандроўных іудзейскіх заклінальнікаў паспрабавалі называць над апанаванымі злымі духамі імя Госпада Ісуса, кажучы: Заклінаю55 вас Ісусам, Якога прапаведуе Павел.
 
Дый некаторыя з вандроўных шаптуноў Жыдоўскіх пачалі над апанаванымі злым духам называць імя Госпада Ісуса, мовячы: Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.

І рабілі гэта сем сыноў нейкага Скевы, іудзейскага першасвятара.
 
Былі-ж не́йкія сямёра сыноў Ске́вы, архірэя Жыдоўскага, якія рабілі гэта.

І злы дух сказаў ім у адказ: Ісуса я ведаю, і Павел мне вядомы, а вы хто?
 
І злы дух, адказваючы, сказаў: Ве́даю Ісуса, дый Паўлу ве́даю; а вы хто будзеце?

І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, адолеў абодвух і ўзяў над імі такую сілу, так што яны, голыя і параненыя, выбеглі з таго дома.
 
І чалаве́к, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і перамогшы іх, ме́ў гэткую сілу над імі, што яны голыя й параненыя ўцяклі з гэнага дому.

І гэта стала вядома ўсім: і іудзеям, і элінам, якія жылі ў Эфесе; і напаў страх на ўсіх іх і ўзвялічылася імя Госпада Ісуса.
 
Гэта сталася ве́дама Жыдом і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і страх напаў на іх на ўсіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.

І многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы свае ўчынкі.
 
Багата-ж із тых, што ўве́равалі, прыходзілі, вызнаваючы й апавядаючы ўчынкі свае́;

І даволі многія з тых, хто займаўся чарадзействам, пазносілі свае кнігі і спалілі перад усімі; і падлічылі іх кошт, і выйшла пяцьдзесят тысяч серабром.
 
і даволі з тых, што чынілі чары, папрыносіўшы кнігі свае́, папалілі іх перад усімі; і, палічыўшы цану іх, знайшлі пяцьдзесят тысячаў серабра.

Гэтак слова Гасподняе магутна расло і ўмацоўвалася.
 
З гэткай сілай расло й крапчэла слова Гасподняе.

І калі гэта здзейснілася, Павел задумаў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаію, падацца ў Іерусалім, сказаўшы: Пасля таго, як пабываю там, трэба мне ўбачыць і Рым.
 
Калі-ж гэта споўнілася, Паўла пастанавіў у духу йсьці ў Ерузалім, прайшоўшы праз Македонію і Ахе́ю, ды сказаў: Пабываўшы там, трэ’ мне́ й Рым пабачыць.

І, паслаўшы ў Македонію двух са сваіх памочнікаў Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Азіі.
 
Паслаўшы-ж у Македонію двух прыслужнікаў сваіх, Цімахве́я й Эраста, сам астаўся часова ў Азіі.

І ў той час адбылося немалое хваляванне вакол дарогі [Гасподняй].
 
Пад гэны-ж час узьнялася трывога немалая аб шлях (Гасподні):

Бо адзін сярэбранік імем Дзімітрый, які рабіў сярэбраныя мадэлі храма Артэміды, даваў рамеснікам немалы заробак.
 
бо не́хта, на ймя Зьмітра, што рабіў сярэбраныя храмы Артэміды й даваў раме́сьнікам немалы заработак,

Сабраўшы разам іх і працаўнікоў такога ж рамяства, ён сказаў: Мужы, вы ведаеце, што ад гэтага заробку мы маем [наш] дабрабыт.
 
сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў гэтага дзе́ла, сказаў: Мужы, вы ве́даеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;

І вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў даволі вялікую грамаду, кажучы, што гэта не багі тыя, якія робяцца рукамі.
 
бачыце-ж і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але й блізу па ўсе́й Азіі гэны Паўла, пераканаўшы, багата народу адвярнуў, кажучы, што няма багоў рукатворных.

І небяспека не толькі ў тым, што наша рамяство будзе зняслаўлена, але і што святыню вялікай багіні Артэміды будуць мець за нішто, а таксама будзе зруйнавана веліч тае, якую ўшаноўвае ўся Азія і населеная зямля.
 
А гэта ня толькі пагражае ўпадкам нашаму рамяслу, але й тым, што храм вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца ве́ліч тае́, якую паважае ўся Азія і ўве́сь сьве́т.

І, пачуўшы [гэта] і напоўніўшыся лютасцю, яны пачалі крычаць, кажучы: Вялікая Артэміда Эфеская!
 
Пачуўшы-ж і напоўніўшыся страхам, яны закрычэлі, мовячы: Вяліка Артэміда Эфэская!

І [ўвесь] горад напоўніўся сумятнёю, і яны аднадушна кінуліся ў тэатр, схапіўшы македонцаў Гаія і Арыстарха, Паўлавых спадарожнікаў.
 
І ўсё ме́ста напоўнілася ўзварушэньнем; і, захапіўшы з сабой Гайя й Арыстарха, Македонцаў, што вандравалі з Паўлам, кінуліся аднадушна ў тэатр.

Калі ж Павел хацеў увайсці ў народ, вучні не дазволілі яму.
 
Калі-ж Паўла хаце́ў выйсьці да народу, вучні не пазволілі яму.

І таксама некаторыя з азіярхаў56, якія былі яго сябрамі, паслаўшы да яго, прасілі, каб ён не ішоў у тэатр.
 
Дый некаторыя із начальнікаў Азійскіх, што былі прыяцелямі яго, паслалі да яго прасіць, каб ня йшоў у тэатр.

А між тым адны крычалі адно, другія — другое; бо сход быў у сумятні і большасць не ведала, дзеля чаго яны зышліся.
 
Адны-ж крычэлі адно, другія другое: бо сход быў бязладны, і большасьць ня ве́дала, дзеля чаго сабраліся.

І выставілі з натоўпу [наперад] Аляксандра, якога прапанавалі іудзеі; і Аляксандр, даўшы знак рукою, хацеў апраўдвацца перад народам.
 
З таўпы-ж выпхнулі напе́рад Аляксандра, якога выпіхалі Жыды. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хаце́ў апраўдацца перад народам.

Але калі яны пазналі, што ён іудзей, то з усіх вуснаў чуўся адзіны голас і амаль праз дзве гадзіны яны крычалі: Вялікая Артэміда Эфеская!
 
Калі-ж даве́даліся, што ён — Жыд, дык узьняўся крык у адзін голас, і крычэлі каля дзьвюх гадзін: Вяліка Артэміда Эфэская!

І гарадскі сакратар, супакоіўшы натоўп, сказаў: Мужы эфескія, які ж чалавек не ведае, што горад эфесянаў — гэта захавальнік храма вялікай [багіні] Артэміды і статуі, якая ўпала ад Дзеўса?
 
Усьцішыўшы-ж народ, пісар кажа: Мужы Эфэскія! Хто-ж ня ве́дае, што ме́ста Эфэс ёсьць вартаўнік храму вялікае багіні Артэміды й Дыапэта?

Дык таму, што гэта бясспрэчна, вам трэба быць спакойнымі і не рабіць нічога неабдуманага;
 
А як проці гэтага нічога сказаць не́льга, дык трэ’ вам супакоіцца й нічога неразважна не рабіць.

бо вы прывялі гэтых людзей, якія ні храма не абрабавалі, ні нашу57 багіню не зневажаюць.
 
Вы-ж прывялі гэтых людзе́й, якія ані храму не абакралі, ані багіні вашае не зьневажалі.

І калі Дзімітрый і рамеснікі з ім маюць скаргу на каго-небудзь, то праводзяцца суды і ёсць праконсулы; няхай яны абвінавачваюць адзін аднаго.
 
Калі-ж Зьмітра й раме́сьнікі, што з ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і старасты ёсьць: няхай адны адных пазываюць.

А калі вы дамагаецеся чаго-небудзь большага, то гэта будзе вырашана на законным сходзе.
 
Калі-ж даходзіце не́чага іншага, дык будзе разьвязана на законным сходзе.

Бо мы ж рызыкуем, што за сённяшняе нас абвінавацяць у мяцяжы, хоць няма ніякай прычыны і ў сувязі з ім мы не зможам даць апраўдання дзеля гэтага зборышча. І, сказаўшы гэта, ён распусціў сход.
 
Мы-ж баімося, каб не абвінавацілі нас за сягоньняшнюю разруху, бо-ж няма ніякае прычыны, каб апраўдаць гэту зборку.