Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І сталася, калі Апалос быў у Карынце, Паўла, прайшоўшы ўзгорыстыя мясцовасці, прыйшоў у Эфес ды напаткаў нейкіх вучняў,
 
І сталася, як Апальлёс быў у Карыньце, што Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, зайшоў у Эфэс. Знайшоўшы-ж некаторых вучняў,

і сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, уверыўшы?» А яны адказалі яму: «Мы нават не чулі, ці ёсць Дух Святы».
 
сказаў да іх: Ці, уве́раваўшы, прынялі вы Духа Сьвятога? Яны-ж сказалі яму: Але-ж мы й ня чулі, што існуе Сьвяты Дух.

Тады ён гаворыць да іх: «Дык які хрост вы прынялі?» А яны сказалі: «Хрост Янаў».
 
І сказаў да іх: Дык у што-ж вы хрысьціліся? Яны-ж сказалі: У хрышчэньне Іоанавае.

Тады Паўла сказаў: «Ян хрысціў хростам навяртання, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, Хто прыйдзе па ім, значыць у Ісуса Хрыста».
 
Паўла-ж сказаў: Іоан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб уве́равалі ў Таго, што йдзе́ за ім, знача ў Ісуса Хрыста.

Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Ісуса.
 
Пачуўшы-ж, яны ахрысьціліся ў імя Госпада Ісуса.

І калі Паўла ўсклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх, і гаварылі мовамі, і праракавалі.
 
І, як узлажыў Паўла рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і пачалі гаварыць языкамі ды прарочыць.

Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчын.
 
Было-ж усіх каля дванаццацёх мужоў.

Затым, увайшоўшы ў сінагогу, адважна прамаўляў, на працягу трох месяцаў дыспутуючы і пераконваючы пра Валадарства Божае.
 
Увайшоўшы-ж у сынагогу, адважна прамаўляў, вядучы ў працягу трох ме́сяцаў гутаркі й даводзячы аб царстве Божым.

Але паколькі некаторыя закамянелі і не верылі, знеслаўляючы шлях перад натоўпамі, дык аддзяліўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тырана.
 
А як некаторыя закамянелі й ня ве́рылі, зьневажаючы шлях (Гасподні) перад народам, дык, пакінуўшы іх, аддзяліў вучняў і кожын дзе́нь гутарыў у школе не́йкага Тырана.

Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і юдэі, і грэкі, мелі магчымасць слухаць слова Госпада Ісуса.
 
Дзе́ялася-ж гэта два гады, і гэтак чулі слова Госпада Ісуса ўсе́ жыхары Азіі, Жыды і Грэкі.

І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,
 
І Бог немалыя цуды рабіў рукамі Паўлы,

так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі з іх.
 
так, што хусткі й паясы ад це́ла ягонага на хворых ускладалі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі із іх.

Дык некаторыя падарожныя экзарцысты юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Ісуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: «Заклінаю вас праз Ісуса, Якога прапаведуе Паўла».
 
Дый некаторыя з вандроўных шаптуноў Жыдоўскіх пачалі над апанаванымі злым духам называць імя Госпада Ісуса, мовячы: Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.

Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасвятара юдэйскага.
 
Былі-ж не́йкія сямёра сыноў Ске́вы, архірэя Жыдоўскага, якія рабілі гэта.

А ліхі дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса я ведаю і Паўлу ведаю, а вы хто такія?»
 
І злы дух, адказваючы, сказаў: Ве́даю Ісуса, дый Паўлу ве́даю; а вы хто будзеце?

І кінуўся на іх чалавек, у якім быў ліхі дух, і, атрымаўшы сілу над імі, адолеў іх так, што голыя і пакалечаныя ўцяклі з таго дома.
 
І чалаве́к, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і перамогшы іх, ме́ў гэткую сілу над імі, што яны голыя й параненыя ўцяклі з гэнага дому.

І даведаліся пра гэта ўсе юдэі і грэкі, якія жылі ў Эфесе, і страх ахапіў іх усіх, і славілі імя Госпада Ісуса.
 
Гэта сталася ве́дама Жыдом і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і страх напаў на іх на ўсіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.

І многа веруючых прыходзіла, вызнаючы і абвяшчаючы ўчынкі свае.
 
Багата-ж із тых, што ўве́равалі, прыходзілі, вызнаваючы й апавядаючы ўчынкі свае́;

Многа таксама з тых, што займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і падлічылі кошт іх, і аказалася пяцьдзясят тысяч срэбранцаў.
 
і даволі з тых, што чынілі чары, папрыносіўшы кнігі свае́, папалілі іх перад усімі; і, палічыўшы цану іх, знайшлі пяцьдзесят тысячаў серабра.

Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.
 
З гэткай сілай расло й крапчэла слова Гасподняе.

Зрабіўшы ўсё гэта, Паўла намерыўся ў Духу, прайшоўшы праз Мацэдонію і Ахаю, ісці ў Ерузалім, кажучы: «Пасля таго, як пабуду там, належыць мне і Рым убачыць».
 
Калі-ж гэта споўнілася, Паўла пастанавіў у духу йсьці ў Ерузалім, прайшоўшы праз Македонію і Ахе́ю, ды сказаў: Пабываўшы там, трэ’ мне́ й Рым пабачыць.

Дык выслаў у Мацэдонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.
 
Паслаўшы-ж у Македонію двух прыслужнікаў сваіх, Цімахве́я й Эраста, сам астаўся часова ў Азіі.

І сталася ў той час немалое забурэнне з прычыны шляху Госпадава.
 
Пад гэны-ж час узьнялася трывога немалая аб шлях (Гасподні):

Адзін срэбранік, на імя Дэметр, які вырабляў срэбраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў неблагі заробак рамеснікам,
 
бо не́хта, на ймя Зьмітра, што рабіў сярэбраныя храмы Артэміды й даваў раме́сьнікам немалы заработак,

сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамяства і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамяства нам дабрабыт.
 
сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў гэтага дзе́ла, сказаў: Мужы, вы ве́даеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;

Але бачыце і чуеце, што не толькі у Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Паўла, пераконваючы, зводзіць шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, зробленых рукамі.
 
бачыце-ж і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але й блізу па ўсе́й Азіі гэны Паўла, пераканаўшы, багата народу адвярнуў, кажучы, што няма багоў рукатворных.

Дык пагражае небяспека, што не толькі наша рамяство ўпадзе, але і святыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы сваёй».
 
А гэта ня толькі пагражае ўпадкам нашаму рамяслу, але й тым, што храм вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца ве́ліч тае́, якую паважае ўся Азія і ўве́сь сьве́т.

Калі яны гэта пачулі, напоўніліся гневам і крычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
 
Пачуўшы-ж і напоўніўшыся страхам, яны закрычэлі, мовячы: Вяліка Артэміда Эфэская!

І замяшанне напоўніла ўвесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, мацэдонцаў, таварышаў Паўлы, з імпэтам кінуліся аднадушна ў тэатр.
 
І ўсё ме́ста напоўнілася ўзварушэньнем; і, захапіўшы з сабой Гайя й Арыстарха, Македонцаў, што вандравалі з Паўлам, кінуліся аднадушна ў тэатр.

Калі ж Паўла хацеў выйсці да народа, вучні не пусцілі яго;
 
Калі-ж Паўла хаце́ў выйсьці да народу, вучні не пазволілі яму.

таксама некаторыя прыхільныя да яго азійскія начальнікі паслалі да яго, просячы, каб ён не ішоў у тэатр.
 
Дый некаторыя із начальнікаў Азійскіх, што былі прыяцелямі яго, паслалі да яго прасіць, каб ня йшоў у тэатр.

І адны крычалі адно, а іншыя — другое, бо сабранне было бурлівае, і многія не ведалі, з якой нагоды сышліся.
 
Адны-ж крычэлі адно, другія другое: бо сход быў бязладны, і большасьць ня ве́дала, дзеля чаго сабраліся.

З натоўпу вывелі Аляксандру, якога выпіхалі юдэі. Аляксандра, даўшы знак рукою, каб змоўклі, хацеў даць народу тлумачэнні.
 
З таўпы-ж выпхнулі напе́рад Аляксандра, якога выпіхалі Жыды. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хаце́ў апраўдацца перад народам.

Калі ж даведаліся, што ён — юдэй, то ўсчыніўся суцэльны голас, і ўсе крычалі каля дзвюх гадзін: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
 
Калі-ж даве́даліся, што ён — Жыд, дык узьняўся крык у адзін голас, і крычэлі каля дзьвюх гадзін: Вяліка Артэміда Эфэская!

І пісар, калі супакоіў натоўпы, сказаў: «Мужы эфескія! Ці ёсць чалавек, які не ведае, што горад Эфес славіць вялікую багіню Артэміду ды Эпіэта?
 
Усьцішыўшы-ж народ, пісар кажа: Мужы Эфэскія! Хто-ж ня ве́дае, што ме́ста Эфэс ёсьць вартаўнік храму вялікае багіні Артэміды й Дыапэта?

Паколькі гэтаму нельга запярэчыць, то належыць вам супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.
 
А як проці гэтага нічога сказаць не́льга, дык трэ’ вам супакоіцца й нічога неразважна не рабіць.

Прывялі вы гэтых людзей, якія ані абкрадалі святыні, ані блюзнілі супраць багіні вашай.
 
Вы-ж прывялі гэтых людзе́й, якія ані храму не абакралі, ані багіні вашае не зьневажалі.

А калі Дэметр і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку праводзяцца суды і ёсць праконсулы; хай адны адных вінавацяць.
 
Калі-ж Зьмітра й раме́сьнікі, што з ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і старасты ёсьць: няхай адны адных пазываюць.

А калі чаго іншага дамагаецеся, дык можна вырашыць законна на сходзе.
 
Калі-ж даходзіце не́чага іншага, дык будзе разьвязана на законным сходзе.

Пагражае бо нам абвінавачанне адносна сённяшняга забурэння, бо няма ніякай прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча». І па гэтых словах распусціў сход.
 
Мы-ж баімося, каб не абвінавацілі нас за сягоньняшнюю разруху, бо-ж няма ніякае прычыны, каб апраўдаць гэту зборку.