Псалтыр 42 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
Кіраўніку хору. Маскіль. Сыноў Корэ.
Як алень імкнецца да водаў крынічных, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа.
Адчула смагу душа мая да Бога моцнага, жывога: калі ж пайду я і з’яўлюся перад Богам?
Сталі хлебам слёзы мае днём і ноччу, калі кажуць мне штодня: «Дзе ж Бог твой?»
Прыпамінаю я гэта, і хвалююся ў душы маёй, бо я прыйшоў у грамадзе, у самы дом Божы, з голасам радасці і вызнання ў святкаванні ўслаўляючай працэсіі.
Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».
Ува мне самім душа мая маркотная, таму ўспамінаю Цябе з зямлі Ярдана і Гэрмону, з гары Мізар.
Бездань заклікае бездань пад шум вадаспадаў Тваіх. Усе віры Твае і хвалі Твае на мяне нахлынулі.
Калі ўдзень надзеліць мяне Госпад ласкаю Сваёю, то і ноччу песня для Яго ёсць у мяне: малітва да Бога жыцця майго.
Кажу я Богу: «Ты — мая скала. Чаму забываешся Ты пра мяне? Чаму я крочу засмучаны, а вораг чыніць мне пераслед?»
Уздрыгваюць косці мае, а тыя, што прыцясняюць мяне, зняважылі мяне і кажуць мне штодзень: «Дзе Бог твой?»
Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».