Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў [Яго].
 

І жаўнеры, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яму, і ў пурпуровае адзенне апранулі Яго,
 

[і падыходзілі да Яго,] і казалі: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!», і білі Яго па твары.
 

Тым часам Пілат выйшаў зноў вонкі і кажа ім: «Вось жа, выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны».
 

Выйшаў затым Ісус у церневым вянцы і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось Чалавек!»
 

Дык калі Яго ўбачылі першасвятары і паслугачы, закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо я ў Ім не знаходжу віны».
 

Адказалі яму юдэі: «Мы маем закон, а паводле закона павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў Сябе Сынам Божым».
 

Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,
 

і зноў увайшоў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Але Ісус яму не адказаў.
 

Кажа Яму тады Пілат: «Не гаворыш мне? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе ды маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
 

Адказаў Ісус: «Не меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх».
 

Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго; але юдэі крычалі, кажучы: «Калі ты Яго выпусціш, дык ты — не сябар цэзара! Кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца цэзару».
 

Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літастратас, а па-гебрайску Габбата.
 

А быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, бліз гадзіны шостай. І кажа юдэям: «Вось Цар ваш».
 

А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Цара вашага ўкрыжаваць?» Першасвятары адказалі: «Не маем цара, толькі цэзара».
 

Дык тады Пілат выдаў ім Яго на ўкрыжаванне. І забралі яны Ісуса.
 

І, несучы крыж Свой, выйшаў на тое месца, што завецца Чараповае, а па-гебрайску — Гальгота,
 

дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і з другога, а пасярэдзіне Ісуса.
 

Пілат напісаў таксама надпіс і змясціў над крыжам. А было напісана: «Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі».
 

Многа юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжавання было паблізу горада; і было напісана па-гебрайску, па-лацінску і па-грэцку.
 

Дык казалі першасвятары юдэйскія Пілату: «Не пішы: “Цар Юдэйскі”, але: “Ён Сам сказаў: “Я — Цар Юдэйскі”».
 

Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў».
 

Калі жаўнеры ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзенне Яго і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па адной, і туніку. А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз.
 

Дык сказалі яны адзін аднаму: «Не будзем раздзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй мае быць», каб споўнілася Пісанне, якое кажа: «Адзенне Маё падзялілі між сабою, а на вопратку Маю кінулі жэрабя». Так і зрабілі жаўнеры.
 

А каля крыжа Ісуса стаяла Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
 

Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога любіў, побач стаяўшага, сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось сын Твой!»
 

Затым кажа вучню: «Вось, Маці твая!» Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань у сваю апеку.
 

Пасля таго Ісус, ведаючы, што ўсё зрабілася, каб збылося Пісанне, кажа: «Смагну».
 

А была там пастаўлена пасудзіна, напоўненая воцатам, дык жаўнеры, насадзіўшы на трысціну губку, якую напоўнілі воцатам, паднялі яе да вуснаў Яго.
 

Калі Ісус прыняў воцат, сказаў: «Споўнілася!»; і, схіліўшы галаву, аддаў Духа.
 

Дык юдэі, бо быў дзень прыгатавання, каб у суботу целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зняць іх.
 

Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі абапал Яго ўкрыжаваны.
 

А калі падышлі да Ісуса, як убачылі, што Ён памёр, не ламалі Яму ног,
 

але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцекла кроў і вада.
 

І той, хто бачыў, сведчыць, ды праўдзівае яго сведчанне, і ведае ён, што праўду кажа, каб вы ўверылі.
 

Гэта сталася, каб споўнілася Пісанне: «Косць Яго не пераломіцца».
 

А ў іншым месцы кажа Пісанне: «Убачаць Таго, каго прабілі».
 

Пасля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але скрытым дзеля страху перад юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Ісуса.
 

Прыйшоў таксама і Нікадэм, які раней прыходзіў уночы да Ісуса, несучы літр каля ста мешанкі міры і алоэ.
 

Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі яго пялёнамі з духмянасцямі па традыцыі хаваць у юдэяў.
 

А на месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены;
 

там дзеля дня прыгатавання юдэйскага паклалі цела Ісуса, бо магіла была блізка.