Псалтыр 34 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski
Давідаў. Калі ўдаваў сябе за змяшанага ў розуме перад Абімэлехам і пайшоў, выгнаны ім.
АЛЕФ. Буду дабраслаўляць Госпада ўвесь час, хвала Яго заўсёды ў маіх вуснах.
БЭТ. Госпадам будзе выхваляцца душа мая, хай чуюць [гэта] пакорлівыя і хай радуюцца.
ГІМЭЛЬ. Узвялічвайце Госпада са мною і давайце ўзнясём імя Яго ўсе разам.
ДАЛЕТ. Пачаў я шукаць Госпада, і Ён выслухаў мяне і вырваў Ён мяне з усіх трывог маіх.
ГЭ. Зірніце на Яго — і прасвятлееце, і твары вашыя не засаромеюцца.
ДЗАЙН. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад выслухаў яго, і з усіх бед выратаваў яго.
ГЭТ. Анёл Госпадаў абароніць усіх тых навокал, што баяцца Яго, і вырве іх.
ТЭТ. Пакаштуйце і паглядзіце, які салодкі Госпад; шчасны чалавек, які ўсклаў надзею на Яго.
ЁД. Бойцеся Госпада, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго.
КАФ. Багатыя збяднелі і пачалі галадаць, а вось тыя, што шукалі Госпада, не будуць мець нястачы ні ў чым добрым.
ЛЯМЭД. Хадзіце, сыны, слухайце мяне: навучу я вас пашане да Бога.
МЭМ. Што гэта за чалавек, які хоча жыць, шануе дзень, каб пабачыць добрае?
НУН. Утрымлівай язык свой ад ліха і вусны твае хай не гавораць падступна.
САМЭК. Адступіся ад ліха і чыні дабро, шукай спакою і імкніся да яго,
АЙН. бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх.
ФЭ. Але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха, каб сцерці з зямлі і памяць аб іх.
САДЭ. [Справядлівыя] паклікалі — і Госпад выслухаў, і вызваліў іх ад усіх бед іх.
КОФ. Блізкі Госпад да тых, што спакутаваны сэрцам, і пакораных духам Ён уратуе.
РЭС. Многа бед у справядлівых, але з усіх іх уратуе іх Госпад.
СІН. Сцеражэ Ён усе косці іх, не зломіцца ні адна з іх.
ТАЎ. Крывадушнасць знішчыць грэшніка, і тыя, што ўзненавідзелі справядлівага, будуць пакараныя.
ФЭ. Госпад адкупіць душы паслугачоў сваіх, і не будуць пакараныя ўсе тыя, што пакладаюць і Ім надзею.