Да Піліпянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбна.
 

Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне!
 

Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,
 

хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:
 

абрэзаны ў восьмы дзень, родам ізраэлец з пакалення Бэньяміна, гебрай з гебраяў, фарысей паводле закону,
 

праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, — беззаганны.
 

Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць.
 

Ды сапраўды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць
 

і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая з веры ў Хрыста, якая ад Бога справядлівасць праз веру,
 

каб пазнаць Яго, і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго,
 

каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых.
 

Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус.
 

Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі, вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною,
 

імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе.
 

Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;
 

аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем думаць і паводле гэтага жыць.
 

Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас.
 

Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова,
 

лёсам іх будзе загуба, бо бог іх — жывот, слава іх — у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным.
 

Наша ж грамадзянства — у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста,
 

Які пераменіць цела прыніжэння нашага, каб зрабіць яго падобным целу славы Яго, магутнасцю, якою ўсё падпарадквае Сабе.