Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць,
 

напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, будзьце аднадушныя і аднадумныя,
 

нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы,
 

не аб сабе толькі клапоцячыся, але кожны і аб іншых.
 

Бо тое хай у вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе,
 

Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам,
 

але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць паслугача і стаўшыся на падобнасць людзей, і па знешнасці прызнаваны за чалавека;
 

упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай.
 

Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя,
 

каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,
 

і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца.
 

Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне.
 

Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць.
 

Усё рабіце без наракання і хістання,
 

каб вам быць без заганы і чыстымі, дзецьмі Божымі без віны паміж народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце,
 

трымаючыся слова жыцця ў пахвалу маю ў дзень Хрыстоў, што я не дарма прабег і не дарма папрацаваў.
 

Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі.
 

З гэтага і вы цешцеся і цешцеся разам са мною.
 

Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас.
 

Бо нікога не маю роўнага яму душою, хто б так шчыра рупіўся пра вас.
 

Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста.
 

Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні.
 

Такога, вось, спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне.
 

Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.
 

Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,
 

бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу.
 

Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў смутку да смутку.
 

Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў.
 

Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане,
 

бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.