Лікі 33 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраэля, якія выйшлі з Егіпта дружынамі на чале з Майсеем і Ааронам
 

і якіх Майсей запісаў па месцы лагераў, з якіх яны па загадзе Госпада выходзілі. Вось гэтыя месцы.
 

Вось, у першы месяц, пятнаццатага дня першага месяца вырушылі сыны Ізраэля з Рамэсаса, у другі дзень Пасхі, ведзеныя рукой Узвышняга на вачах усіх егіпцян,
 

калі яны хавалі ўсіх сваіх першародных, забітых Госпадам, калі Ён учыніў суд над іх багамі,
 

і расклаліся лагерам у Сукоце.
 

А з Сукота прыбылі яны ў Этам, што на самай мяжы пустыні.
 

Адтуль вырушыўшы, прыбылі ў Пігахірот, што каля Баал-Сэфона, ды расклаліся лагерам перад Магдолам.
 

Выйшаўшы з Пігахірота, перайшлі яны сярэдзінай мора ў пустыню і тры дні ішлі пустыняй, і расклаліся лагерам у Мары.
 

А выйшаўшы з Мары, прыбылі ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц водных і семдзесят пальмаў; і там расклаліся лагерам.
 

Выйшаўшы з Эліма, расклаліся лагерам каля Чырвонага мора.
 

А выйшаўшы ад Чырвонага мора, яны расклаліся лагерам у пустыні Сін;
 

а адтуль выйшаўшы, яны прыбылі ў Дафку.
 

А выйшаўшы з Дафкі, яны разлажыліся лагерам у Алусе.
 

А выйшаўшы з Алуса, паставілі палаткі ў Рэфідыме, дзе не было вады для піцця;
 

а выйшаўшы з Рэфідыма, яны расклаліся лагерам у пустыні Сінай.
 

Але яны вырушылі і з пустыні Сінай і прыбылі ў Кіброт-Гатаву;
 

а вырушыўшы з Кіброт-Гатавы, яны расклаліся лагерам у Асэроце.
 

А з Асэрота прыбылі ў Рэтму;
 

а выйшаўшы з Рэтмы, яны сталі лагерам у Рэмон-Парэсе.
 

Выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Лебну;
 

пасля Лебны сталі лагерам у Рэсе;
 

А выйшаўшы з Рэсы, прыбылі ў Каалату,
 

адкуль выйшаўшы, паставілі палаткі на гары Сэфар.
 

Затым, выйшаўшы ад гары Сэфар, яны прыйшлі ў Араду;
 

адтуль выйшаўшы, сталі лагерам у Мацэлоце.
 

Выйшаўшы з Мацэлота, прыйшлі ў Тагат;
 

пасля Тагата сталі лагерам у Тарэ.
 

Адтуль выйшаўшы, яны паставілі палаткі ў Мэтцы,
 

а пасля Мэткі яны сталі лагерам у Хэсмоне;
 

выйшаўшы з Хэсмоны, прыбылі ў Мацэрот.
 

А пасля Мацэрота яны сталі лагерам у Бэнэ-Якане;
 

і, выйшаўшы з Бэнэ-Якана, прыбылі да гары Гадгад;
 

выйшаўшы адтуль, паставілі палаткі ў Етэбаце.
 

І з Етэбаты прыбылі ў Эброну; а
 

выйшаўшы з Эброны, расклаліся лагерам у Эцыён-Гебэры.
 

Адтуль выбраўшыся, прыбылі ў пустыню Сін, або Кадэс.
 

Выйшаўшы з Кадэса, паставілі палаткі на гары Гор, на самай мяжы зямлі Эдома.
 

Па загадзе Госпада Аарон, святар, узышоў на гару Гор і там памёр у саракавым годзе па выхадзе сыноў Ізраэля з Егіпта, у першы дзень пятага месяца,
 

маючы сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор.
 

Цар Арада, хананеец, які жыў у Нагэбе, у зямлі Ханаан, пачуў у той час, што прыбылі сыны Ізраэля.
 

І выйшаўшы з гары Гор, яны сталі лагерам у Салмоне;
 

выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Пунон.
 

З Пунона выйшлі і прыбылі ў Абот.
 

З Абота прыбылі ў Еабарым, што на мяжы Мааба.
 

А выйшаўшы з Еабарыма, яны паставілі палаткі ў Дыбонгадзе;
 

выйшаўшы адтуль, сталі лагерам у Элман-Дэблатаіме.
 

А выйшаўшы з Элман-Дэблатаіма, прыбылі пад гару Абарым, насупраць Нэба.
 

А выйшаўшы з гор Абарым, прыйшлі на раўніны Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона;
 

там расклаліся лагерам на мясцовасці ад Бэт-Есімота аж да Абэл-Сітыма на раўнінах Мааба.
 

Там сказаў Госпад Майсею:
 

«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце раку Ярдан і ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, —
 

выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, паламайце ўсіх іх ідалаў ды разбіце ўсе статуі, і ўсе ўзгоркі спусташыце.
 

Завалодайце зямлёй і абжывайцеся на ёй, бо Я даў яе вам ва ўласнасць;
 

яе падзяліце паміж вашымі пакаленнямі: большаму пакаленню дайце большую частку, меншаму — меншую; як жэрабя выпадзе, так паміж усімі хай будзе падзелена ўласнасць; па пакаленнях і родах хай будзе яна падзелена.
 

Калі ж не захочаце выгнаць жыхароў зямлі гэтай, і калі яны застануцца, будуць яны вам як церні ў вачах вашых і як калючкі ў баках вашых, будуць яны ўціскаць вас у зямлі пражывання вашага;
 

і тады, што Я меркаваў ім зрабіць, вам зраблю”».