Лікі 10 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
«Зрабі сабе дзве трубы срэбраныя, чаканеныя, якімі зможаш склікаць сход, калі трэба будзе зняцца з лагера.
І калі ты зайграеш на трубах, збярэцца да цябе ўся супольнасць ля дзвярэй палаткі сустрэчы.
А калі зайграеш толькі ў адну, збяруцца да цябе князі і галовы грамады Ізраэля.
А калі прагучыць больш працяглы гук, хай здымуцца з лагера першымі тыя, хто знаходзіцца на ўсходнім баку;
а ў другую чаргу ў час гучання трубы, падобнага да выцця, хай звярнуць палаткі тыя, хто знаходзіцца на поўдні; і хай астатнія робяць такім жа чынам, калі трубы выццём клікаюць у дарогу.
А на збіранне супольнасці хай будзе просты, а не працяглы трубны гук.
Хай трубяць у трубы сыны Аарона, святары. І хай будзе гэта вам у пакаленнях вашых законам вечным.
Калі будзеце ісці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які змагаецца супраць вас, працягла трубіце ў трубы; і гэта будзе ўспамін аб вас перад Госпадам, Богам вашым, каб пазбеглі вы рук ворагаў вашых.
Калі будзеце мець баляванне, і святочныя дні, і маладзікі, пры вашых ахвярах цэласпалення і ахвярах прымірэння трубіце ў трубы, каб яны былі ўспамінам аб Госпадзе для вас. Я — Госпад, Бог ваш!»
У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца ўзнялося воблака па-над палаткай сведчання;
і адправіліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сінай, і спынілася воблака ў пустыні Паран.
І зняліся яны з лагера ў першы раз па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.
Першым узняўся сцяг лагера сыноў Юды па іх дружынах, князем якіх быў Наасон, сын Амінадаба;
а князем дружыны пакалення Ісахара быў Натанаэль, сын Суара;
а князем дружыны пакалення Забулона быў Эліяб, сын Гэлона.
І была разабрана скінія, якую неслі па выхадзе сыны Гэрсона і Мэрары.
Адправіўся ў дарогу сцяг лагера сыноў Рубэна па сваіх дружынах, а над сваёй дружынай князем быў Элісур, сын Сэдэура.
А над дружынай пакалення сыноў Сімяона князем быў Саламіэль, сын Сурысадая.
А над дружынай пакалення сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэуэля.
Рушылі ў дарогу і сыны Кагата, што неслі свяцілішча. Перад тым, як яны прыбылі, скінія была ўжо пастаўлена.
Быў узняты сцяг лагера сыноў Эфраіма па сваіх дружынах, якіх князем быў Элісама, сын Аміюда.
А над дружынай пакалення сыноў Манасы князем быў Гамаліэль, сын Падасура;
а над дружынай пакалення сыноў Бэньяміна князем быў Абідан, сын Гедэона.
Нарэшце быў узняты сцяг лагера сыноў Дана па сваіх дружынах у войску, князем якіх быў Ахіязэр, сын Амісадая.
А над дружынай пакалення сыноў Асэра князем быў Пэгіэль, сын Акрана;
а над дружынай пакалення сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана.
Гэта — парадак выхаду сыноў Ізраэля па дружынах сваіх, калі яны выходзілі.
І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рагуэля, мадыянца, свайму сваяку: «Адпраўляемся мы ў дарогу да месца, якое мае намер нам даць Госпад; ідзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю».
Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю сваю, у якой я нарадзіўся».
І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх месцах пустыні павінны мы ставіць лагер, і будзь нашымі вачамі.
А калі пойдзеш з намі, тое, што будзе найлепшае з багаццяў, якія дасць нам Госпад, аддадзім табе».
Дык адправіліся яны ў дарогу на тры дні з гары Госпада; і каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца для лагера.
Таксама воблака Госпадава было над імі ўдзень, калі яны выходзілі.
Калі ўздымаўся каўчэг, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай рассеюцца непрыяцелі Твае, і хай уцякаюць ад аблічча Твайго тыя, што ненавідзяць Цябе».
А калі ставіўся каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска ізраэльскага!»