Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
А позна пасля суботы, на досвітку першага дня ад суботы прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
І вось, страшна затрэслася зямля; бо Анёл Госпадаў сышоў з неба, і, падышоўшы, адваліў камень ад дзвярэй, і сядзеў на ім.
А выгляд яго быў — як маланка, і адзенне яго — як снег белае.
Ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя.
А Анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Не бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, Які быў укрыжаваны.
Няма Яго тут, бо Ён уваскрос, як сказаў. Ідзіце і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў пакладзены.
Ды хутчэй ідзіце, скажыце вучням Яго: “Ён уваскрос з мёртвых і, вось, раней вас ідзе ў Галілею; там Яго ўбачыце”. Вось, я сказаў вам».
І, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі яны, каб паведаміць вучням Яго.
І калі яны ішлі апавясціць вучняў Яго, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» Яны ж падышлі, і ўпалі да ног Яго, і пакланіліся Яму.
Тады гаворыць ім Ісус: «Не бойцеся. Ідзіце, абвясціце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць».
А калі яны адышлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што здарылася.
Тыя ж сабраліся са старэйшынамі і, учыніўшы раду, далі жаўнерам даволі грошай,
кажучы: «Паведамляйце: “Вучні Яго прыйшлі ноччу і выкралі Яго, пакуль мы спалі”.
А калі пра гэта дачуецца правіцель, мы яго пераканаем і пазбавім вас пакарання».
Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім загадаў Ісус.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.
Ісус жа, падышоўшы да іх, загаварыў, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.
Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа,
навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў. І вось, Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». Амін.