Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе.
І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.
Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,
каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.
І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.
А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.
Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.
А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё,
прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;
і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем вінаватым нашым;
і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў. Амін.
Бо калі вы даруеце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, даруе вам.
Але калі вы не даруеце людзям грахі іх, то і Айцец ваш не даруе грахоў вашых.
Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
А ты, калі посціш, памаж галаву сваю ды абмый твар свой,
каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе яўна.
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.
Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Свяцільня цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.
А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, — цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе?
Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё ваша, што будзеце есці і што піць, ані пра цела ваша, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела — за адзенне?
Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ёсць у небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?
Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?
А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.
А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.
Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.
І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?”
Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.
Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.
І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова кожнаму дню свайго ліха.