Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І, адказваючы, Ісус стаў гаварыць ім далей у прыпавесцях:
 

«Валадарства Нябеснае падобна да чалавека валадара, які справіў вяселле для свайго сына.
 

І паслаў ён паслугачоў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.
 

Ізноў паслаў іншых паслугачоў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось, я прыгатаваў свой абед, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вяселле!”
 

Але яны не дбалі і пайшлі: хто ў поле сваё, хто да гандлю свайго;
 

астатнія ж схапілі паслугачоў яго і, наздзекаваўшыся, забілі.
 

І ўгнявіўся валадар, і, паслаўшы сваё войска, знішчыў тых забойцаў і горад іх спаліў.
 

Потым гаворыць ён паслугачам сваім: “Вяселле прыгатавана, але тыя, што запрошаны, не былі вартыя.
 

Дык ідзіце на скрыжаванні дарог і, каго толькі знойдзеце, клічце на вяселле”.
 

І паслугачы яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.
 

І ўвайшоў валадар, каб паглядзець на гасцей, ды ўбачыў ён там чалавека, які быў апрануты не ў вясельныя шаты.
 

І гаворыць яму: “Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельных шатаў?” Але той маўчаў.
 

Тады сказаў валадар паслугачам сваім: “Звяжыце яму рукі і ногі, кіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
 

Бо многія пакліканы, але нямногія абраны».
 

Тады фарысеі, адышоўшы, пачалі радзіцца, як бы падлавіць Яго ў словах.
 

І паслалі да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, якія казалі: «Настаўнік, ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, ды не аглядаешся на асобы людзей.
 

Скажы нам тады, як Табе здаецца, ці належыць плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?»
 

Ісус жа, пранікаючы іх подступ, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
 

Пакажыце мне манету на падатак». І яны падалі Яму дынар.
 

І Ён гаворыць ім: «Чые гэта выява і надпіс?»
 

Кажуць Яму: «Цэзара». Тады сказаў ім: «Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу».
 

І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адышліся.
 

У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пыталіся Яго,
 

кажучы: «Настаўнік, Майсей загадаў: калі хто памрэ, не маючы дзяцей, дык хай брат яго возьме жонку яго і хай створыць нашчадка брату свайму.
 

А было ў нас сем братоў; і першы, як ажаніўся, памёр і, не маючы нашчадка, пакінуў жонку брату свайму.
 

Падобна другі і трэці — аж да сёмага.
 

Нарэшце па ўсіх памерла і жанчына.
 

Дык у час уваскрэсення чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе».
 

А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ані магутнасці Божай.
 

Пры ўваскрэсенні не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы Божыя ў небе.
 

Ці не чыталі пра ўваскрэсенне мёртвых, што сказана вам Богам, Які казаў:
 

“Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Бог не ёсць Бог мёртвых, але тых, што жывыя».
 

І, чуючы гэта, людзі дзівіліся з вучэння Яго.
 

Тады фарысеі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, сышліся разам.
 

І адзін з іх, заканазнавец, выпрабоўваючы Яго, спытаў:
 

«Настаўнік, якое найважнейшае прыказанне ў законе?»
 

Той жа гаворыць яму: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;
 

гэта найважнейшае ды першае прыказанне.
 

Другое, падобнае гэтаму: любі блізкага свайго, як сябе самога.
 

На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі».
 

Калі сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Ісус,
 

кажучы: «Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць яму: «Давіда».
 

Сказаў ім: «Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
 

“Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”?
 

Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсць Сынам яго?»
 

І ніхто не мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.