Мацьвея 3 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

У тыя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, прапаведуючы ў пустыні Юдэйскай
 

і кажучы: «Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
 

А ён быў той, што быў названы Ісаем прарокам, які казаў: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму!”»
 

Сам жа Ян насіў адзенне сваё з вярблюджага воласу і дзяжку скураную на паясніцы сваёй, а ежай яму была саранча і дзікі мёд.
 

Тады да яго выходзілі Ерузалім і ўся Юдэя, ды ўсе ваколіцы каля Ярдана,
 

і яны былі ім хрышчаны ў Ярдане, вызнаючы свае грахі.
 

А калі ўгледзеў многіх фарысеяў і садукеяў, што прыходзілі да хросту яго, сказаў ім: «Род змяіны, хто паказаў вам, што пазбегнеце будучага гневу?
 

Стварыце належны плод навяртання
 

і не жадайце сказаць у сабе: “Маем айца Абрагама”. Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.
 

Бо ўжо сякера прыстаўлена да кораня дрэў; а кожнае дрэва, якое не дае добрага плода, высякаецца і кідаецца ў агонь.
 

Я вас хрышчу вадою дзеля навяртання, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне. Яму я не варты насіць пасталоў. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.
 

Веялка Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысціць ток Свой і збярэ пшаніцу Сваю ў свіран, а салому спаліць агнём незгасальным».
 

Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб прыняць хрост ад яго.
 

Але Ян утрымліваў Яго, кажучы: «Я з Твайго дазволу павінен быць ахрышчаны, а Ты ідзеш да мяне?»
 

Адказваючы ж, Ісус сказаў яму: «Дазволь цяпер, бо гэтак нам належыць выканаць усякую справядлівасць». Тады Ян дапусціў Яго.
 

А калі Ісус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады; і вось, адкрыліся нябёсы, і ўбачыў, што Дух Божы сыходзіць, як голуб, і ідзе да Яго.
 

І вось, голас з неба, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, Якога Я ўпадабаў Сабе».