Дзеі 28 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Меліта.
 
І, выратаваўшыся, тады (яны) даведаліся, што востраў называецца Мэліта.

Барбары ж выявілі да нас немалую людскасць; распалілі агонь дзеля таго, што церушыў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было холадна.
 
Барбары ж спрычынілі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.

Калі Паўла назбіраў бярэмя ламачча і ўсклаў на агонь, тады гад, вылезшы ад гарачыні, прычапіўся да яго рукі.
 
Калі ж Паўла набраў бе́рамя хворасту і паклаў на агонь, дык ад жару выйшаўшы яхідна ўчапілася за ягоную руку.

Калі барбары ўбачылі гада, што звісаў з яго рукі, гаварылі між сабой: «Гэты чалавек хіба забойца, бо, хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць».
 
Калі ж ба́рбары ўбачылі зьвісаючага зь ягонай рукі гада, гаварылі паміж сабою: пэўна, што чалавек гэты — душагуб, бо (і) уратаванаму ад мора справядлівасьць ня пакінула жыць.

А ён абтрос гада ў агонь і не дазнаў нічога благога.
 
Але ён, абтросшы гада ў агонь, ня дазна́ў нічога благога.

Яны думалі, што ён пачне пухнуць і раптам упадзе і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога не робіцца, змяніўшы думкі, гаварылі, што ён — бог.
 
Яны ж чакалі, што ён пачне пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Але пачакаўшы доўга і ўбачыўшы, што нічога благога зь ім ня сталася, яны зьмянілі думкі (і) казалі, што ён Бог.

Каля таго месца быў маёнтак гаспадара таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас ласкава, і мы тры дні гасцілі ў яго.
 
Навакол жа таго мейсца былі землі начальніка вострава на імя Публій, які, прыняўшы нас тры дні прыязна частаваў.

Бацька ж Публія ляжаў хворы на гарачку і крываўку. Паўла пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.
 
І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго ру́кі і аздаравіў яго.

Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя, што былі на востраве, ды аздараўляліся.
 
Калі ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены.

Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, далі нам усяго, у чым мы мелі патрэбу.
 
Дык выявілі нам шматлікія пашаны, а як (мы) адплывалі, надавалі што трэба было.

Па трох месяцах на александрыйскім караблі, які зімаваў на востраве і быў пазначаны Дыяскурамі, мы адплылі.
 
Цераз тры месяцы вырушылі (мы) на аляксандрыйскім караблі са знакам Дыяскураў, што зімаваў на востраве.

Даплыўшы ў Сіракузы, прабылі мы там тры дні.
 
І прыплыўшы ў Сіракузы прабылí (там) тры дні.

Адплыўшы адтуль, прыбылі мы ў Рэгію праз адзін дзень, і, калі падзьмуў паўднёвы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Путэолі.
 
Адплыўшы стуль (мы) прыплылí ў Рэгію, і, (як) цераз адзін дзень узьняўся паўдзённы вецер, дык на другі (дзень) прыйшлі ў Путэолі,

Там спаткалі братоў і па іх просьбе забавіліся ў іх сем дзён. І нарэшце прыбылі мы ў Рым.
 
дзе знайшлі братоў і былі запрошаны імі прабыць (у іх) сем дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым.

Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і Трох Гасцініц. Убачыўшы іх, Паўла падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
 
І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрач да Аппіявае плошчы і Трох гасьцініц. Убачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў.

Калі ж прыбылі мы ў Рым, сотнік перадаў вязняў начальніку войска, а Паўлу было дазволена жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.
 
Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўлу ж дазволена было жыць у сябе з жаўнерам, што яго вартаваў.

Па трох днях запрасіў Паўла да сябе паважаных юдэяў. І, калі яны сабраліся, казаў ім: «Мужы браты! Не зрабіў я нічога ані супраць народа, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліма ў рукі рымлянаў,
 
І сталася, (што) цераз тры дні склікаў Паўла першакоў жыдоўскіх. Калі ж яны зыйшліся, сказаў да іх: мужчыны браты! Я нічога ня ўчыніўшы супраць народу і звычаяў ба́цькаў, (але) зь Ярузаліму я быў пераданы як вязень у ру́кі рымлян.

якія, учыніўшы мне допыт, хацелі мяне выпусціць, бо не было ўва мне ніякай смяротнай віны.
 
Яны, зрабіўшы мне допыт, хацелі (мяне) звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне няма.

Калі, аднак, юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў апеляваць да цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свой народ.
 
Як жа жыды супрацівіліся, дык я быў прыму́шаны паклікацца на кесара, (але) ня для таго, каб у чым абвінаваціць мой народ.

Таму, вось, запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзявання Ізраэля я апутаны гэтымі кайданамі».
 
Дык па гэтай прычыне я (і) паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за надзею Ізраэля закаваны я ў путы гэтыя.

А яны сказалі яму: «Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога благога не сказаў пра цябе.
 
Яны ж сказалі яму: мы ані лістоў аб табе ня даста́лі зь Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзіўшых ня абвясьціў і ня сказаў аб табе нічога благога.

Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай гарэзіі, што ўсюды працівяцца ёй».
 
Але хочам пачуць ад цябе, як (ты) думаеш; бо аб гарэзіі гэтай ведама нам, што ўсюды працівяцца ёй.

І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў гатэль. І ён ім выкладаў, сведчачы пра Валадарства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх пра Ісуса на падставе Майсеева закону і прарокаў.
 
І, назначыўшы яму дзень, прыйшлі да яго ў гасьцініцу досыць многа. І ад ранку да вечара (ён) тлумачыў ім, сьведчучы аб Валадарстве Бога ды пераконваючы іх аб Ісусе із Закону Масея і Прарокаў.

І адны былі перакананы тым, што гаварыў, а другія не верылі.
 
І адны былі пераконваемы словамі (ягонымі), другія ж ня верылі.

І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адысці. Тады Паўла сказаў ім адно слова: «Добра Дух Святы сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю,
 
І, пярэчачы адзін аднаму, яны пачалі адыходзіць, калі Паўла сказаў адно слова: добра сказаў да ба́цькаў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Гісаю,

кажучы: “Ідзі да народа гэтага і скажы ім: “Слыхам пачуеце — і не зразумееце, глядзець будзеце — і не ўбачыце.
 
мовячы: пайдзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце ды ня зразумееце, і, бачучы, глядзець будзеце, ды ня ўбачыце,

Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў”.
 
бо загрубела сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачыць вачыма і ня пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і ня навярнуцца (да Мяне), каб Я аздаравіў іх. (Гісая 6:9−10).

Дык няхай будзе вам вядома, што гэтае збаўленне Божае паслана паганам, і яны будуць слухаць».
 
Таму няхай будзе вам ве́дама, што паганам пасла́на выратаваньне ад Бога, яны і пачуюць.

Пасля гэтых слоў юдэі разышліся, горача спрачаючыся адзін з адным.
 
І, калі ён гэта сказаў, жыды адыйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою.

Паўла ж цэлых два гады пражываў у нанятай кватэры і прымаў усіх, хто да яго прыходзіў,
 
Паўла ж цэлыя два гады жыў у сваім нанятым памяшканьні і прымаў усіх, што прыходзілі да яго,

абвяшчаючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагай без перашкод.
 
абвяшчаючы Валадарства Бога ды з усёй адвагай бяз перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.