Дзеі 3 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Аднойчы Пётра і Ян разам уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.
А Пётра і Яан ішлі разам у Сьвятыню ў час малітвы а дзявятай гадзіне.
І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціну ў тых, што ўваходзілі ў святыню.
І быў нейкі мужчына, калека ад чэрава маці сваёй, каторага насілі і клалі кожны дзень ля дзьвярэй Сьвятыні, называямых Прыгожымі, прасіць міласьціну ў прыходзячых у Сьвятыню,
Ён, убачыўшы Пётру і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.
ён, убачыўшы Пятра і Яана, што меліся ўвайсьці ў Сьвятыню, прасіў (у іх) міласьціны.
Тады Пётра з Янам, паўзіраўшыся на яго, сказалі: «Зірні на нас!»
Пётра ж з Яанам, паўзіраўшыся на яго, сказаў: паглядзі на нас.
А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.
Ён жа пільна ўзіраўся на іх, чакаючы што-небудзь ад іх атрымаць.
Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»
Але Пётра сказаў: срэбра і золата ў мяне няма. А што маю, тое даю табе: у Імя Ісуса Хрыста Назарэя устань і хадзі!
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,
І, узяўшы яго за правую руку́, падняў (яго), і ўраз жа былі ўмацаванымі ягоныя ступні і шчыкалаткі,
і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў, ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.
і, падскочыўшы, устаў і хадзіў, і ўвайшоў разам зь імі ў Сьвятыню, ходзячы і падскокваючы ды слаўлючы Бога.
І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,
І ўвесь народ убачыў яго ходзючы і слаўлючы Бога.
і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.
І пазналі яго, што ён сядзеў дзеля міласьціны ля Прыгожых дзьвярэй Сьвятыні, і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад стаўшагася зь ім.
А як аздароўлены кульгач прытрымліваўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.
А як аздароўлены кульгач ня адступаўся ад Пятра і Яана, зьбегся да іх у прыбудову, называную Салямонавай у зьдзіўленьні ўвесь народ.
Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?
Убачыўшы (гэта), Пётра прамовіў да народу: мужчыны ізраэльцяны! што дзівуецеся з гэтага, ці што так пільна ўглядаецеся на нас, як быццам мы сваёю сілаю альбо пабожнасьцяй зрабілі, што ён ходзіць.
Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Паслугача Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;
Бог Абрагамаў і Ісакаў і Якубаў, Бог ба́цькаў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў вызваліць Яго.
вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,
Але вы адцураліся ад Сьвятога і Праведнага і папрасілі памілаваць вам мужчыну забойцу.
а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.
А Валадара жыцьця (вы) забілі, Якога Бог уваскрасіў зь мёртвых, Каторага мы сьведкі.
І праз веру ў імя Яго — гэтага чалавека, якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэтае, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.
І праз веру ў Імя Ягонае, гэтага, каторага вы бачыце і ведаеце, Імя Ягонае ўмацавала, і вера, якая ад Яго, дала яму гэтае аздараўленьне перад усімі вамі.
Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашы;
Але цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы (гэта), як і начальнікі вашыя.
а Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
Бог жа, як прадказаў цераз вусны ўсіх Сваіх Прарокаў пацярпець Хрысту, учыніў так.
Дык навярніцеся і перамяніцеся, каб грахі вашы былі скасаваны,
Дык пакайцеся і навярніцеся, каб былі зьнішчаны грахі вашыя, каб надыйшлі часы супакою ад Аблічча Госпада,
каб насталі часы асвяжэння ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,
бо Ён паслаў вам наканаванага Ісуса Хрыста,
Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, як спрадвеку прадказваў Бог вуснамі ўсіх святых Сваіх прарокаў.
Якога Небу належыць прыняць да часоў зьдзяйсьненьня ўсяго, што сказаў Бог цераз вусны ўсіх Ягоных сьвятых Прарокаў ад веку.
Майсей жа сказаў бацькам: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
Бо Масей сказаў ба́цькам: Прарока вам паставіць Госпад Бог ваш із братоў вашых, як мяне. Яго слухайцеся ва ўсім, што б Ён ні сказаў вам.
І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа”.
І будзе: усякая душа́, якая ня паслухаецца Прарока гэнага, вынішчана будзе з народу.
І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.
Ды і ўсе Прарокі ад Самуэля і ўсе пасьля іх, хто апавясьціў, таксама прадказалі дні гэтыя.
Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі нашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: “У нашчадках тваіх дабраславёныя будуць усе зямныя народы”.
Вы ёсьць сыны Прарокаў і Запавету, які даў Бог для ба́цькаў нашых, кажучы Абрагаму: і ў Семені тваім будуць багаславёны ўсе народы зямлі.
Вам найперш Бог, падняўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, каб дабраславіў вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці сваёй».
Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, багаслаўляючы вас, каб кожны адвярнуўся ад благіх учынкаў сваіх.