Дзеі 4 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Калі ж яны прамаўлялі да народа, падышлі да іх святары і начальнік святыні ды садукеі,
Калі яны гаварылі да народу, прыступіліся да іх сьвятары і начальнік варты Сьвятыні і саддукеі,
наракаючы, што яны вучаць народ ды што абвяшчаюць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых.
узлаваныя тым, што яны вучаць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне із мёртвых.
Дык усклалі на іх рукі і даручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.
І наклалі на іх ру́кі і адда́лі (іх) пад варту да наступнага дня, бо быў ужо вечар.
А многія з тых, што слухалі слова, уверылі; і было іх лікам каля пяці тысяч мужоў.
І многія з тых, што пачулі слова, уверавалі. І было такіх мужчын лікам каля пяцёх тысячаў.
І сталася на наступны дзень, што сабраліся ў Ерузаліме іх начальнікі, старэйшыны і кніжнікі,
І сталася, што на другі дзень былі сабраныя іхныя начальнікі і старэйшыны, і кніжнікі
і першасвятар Анна, і Каяфа, і Ян, і Аляксандр ды колькі іх было са святарскага роду
ў Ярузаліму, і Ганна архірэй, і Кайяхва, і Яан, і Аляксандра і ўсе, хто быў з роду архірэйскага.
і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: «Якою моцай ці ў чыё імя вы гэта зрабілі?»
І, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю ці якім імем зрабілі вы гэта?
Тады Пётра, напоўнены Святым Духам, сказаў ім: «Правадыры народа і старэйшыны Ізраэля!
Тады Пётра, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі народу і старэйшыны Ізраэлю!
Калі сёння вы дапытваеце нас пра дабрадзейства хвораму чалавеку, праз якое ён быў аздароўлены,
Калі нас сёньня дапытваюць пра дабрадзеяньне чалавеку хвораму, кім ён аздароўлены,
дык хай будзе ведама ўсім вам ды ўсяму народу Ізраэля, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі і Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, у Яго імя гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.
хай будзе ведама ўсім вам і ўсяму народу Ізраэлю, што Імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў ізь мёртвых, Ім ён пастаўлены перад вамі здаровым,
Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі і які стаўся галавою вугла.
Ён ёсьць Камень, пага́рджаны вамі будаўнікамі, (але) Ён стаў Галавою вугла,
І няма ў нікім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы быць збаўлены».
і няма ні ў кім іншым выратаваньня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, якім нам належыць быць уратаванымі.
Яны, бачачы адвагу Пётры і Яна і зразумеўшы, што яны людзі простыя і неадукаваныя, здзівіліся і пазналі іх, што яны былі з Ісусам.
Бачачы ж сьмеласьць Пятра ды Яана і сьцяміўшы, што яны людзі ня кніжныя і простыя, зьдзіўляліся. І пазнавалі іх, што яны былí разам зь Ісусам.
Але, бачачы стаяўшага з імі чалавека, які быў аздароўлены, нічога не маглі запярэчыць.
Але бачачы разам зь імі таго чалавека, які стаяў аздароўленым, нічога ня маглі запярэчыць.
Дык, загадаўшы ім выйсці з залы рады, радзіліся між сабой,
Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну вон, разважалі паміж сабою,
кажучы: «Што маем зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што зроблены імі яўны знак, і мы не можам адмаўляць гэта.
кажучы: што зробім з гэтымі людзьмі? бо сапраўды стаў добра вядомым усім жыхара́м Ярузаліму цуд, які сатвораны цераз іх, і мы ня можам (гэтага) аспрэчыць,
Але, каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім, каб больш не прамаўлялі ў гэтае імя ніводнаму чалавеку».
але, каб больш гэта ня было распаўсюджана ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб больш ня казалі аб Імені гэтым нікому зь людзей.
І, зноў паклікаўшы іх, забаранілі ім зусім прамаўляць і навучаць у імя Ісуса.
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім ня гаварыць і ня навучаць у Імя Ісусава.
Аднак Пётра і Ян, адказваючы, сказалі ім: «Мяркуйце самі, ці справядліва перад абліччам Бога вас больш слухаць, чым Бога?
Але Пётра і Яан адказаўшы ім сказалі: судзіце самі ці справедліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?
Бо мы не можам не гаварыць пра тое, што мы бачылі і чулі».
Бо мы, якія ўбачылі і пачулі, ня можам ня гаварыць.
Дык яны, аднаўляючы пагрозы і не знаходзячы, за што караць, выпусцілі іх дзеля народа, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.
Дык яны пагразіўшы звольнілі іх ня знаходзячы як можна пакараць іх дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася,
Бо той чалавек, з якім стаўся гэты знак аздараўлення, меў болей сарака гадоў.
бо чалавеку таму было́ больш чым сорак гадоў, над якім стаўся такі цуд аздараўленьня.
Выпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і абвясцілі, што казалі ім першасвятары і старэйшыны.
Звольненыя яны прыйшлі да сваіх і пераказалі ўсё, што ім сказалі архірэі і старэйшыны.
Тыя ж, выслухаўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Госпадзе, Ты — Бог, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ёсць у іх,
А тыя, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару! Ты Бог, Які стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх!
Які праз Духа Святога сказаў вуснамі бацькі нашага Давіда, паслугача Твайго: “Чаго бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае?
Вуснамі Давіда, слугі Твайго, (Ты) сказаў: чаму забунтаваліся пагане, і народы надумалі марнае?
Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і супраць Хрыста Яго”.
Паўсталі цары зямлі, і валадары сабраныя супраць Яго: супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага.
Бо сапраўды сышліся ў гэтым горадзе супраць святога Паслугача Твайго Ісуса, Якога Ты намасціў, Ірад і Понцкі Пілат з паганамі ды народам Ізраэля,
Бо сапраўды сабраны супраць Сьвятога Слугі Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, — Гірад і Понцій Пілат разам з паганамі і народам Ізраэля;
каб здзейсніць тое, чаму рука і рада Твая прызначылі стацца.
выканаць усё, чаму Рука Твая і Задума Твая наканавала стацца.
І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іх ды дай слугам Тваім з усёю адвагай абвяшчаць слова Тваё,
І цяпер, Госпадзе, глянь на пагрозы іхныя і дай рабам Тваім з усёй адвагай гаварыць Слова Тваё,
ды працягні руку Тваю, каб аздараўляць і чыніць знакі і цуды праз імя святога Сына Твайго Ісуса».
у той час як Ты працягваеш Руку́ Тваю на ўчыне́ньне аздараўле́ньня і зна́каў і цудаў у Іме́ні Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
І, калі яны памаліліся, задрыжала месца, на якім яны сабраліся, ды ўсе былі напоўнены Духам Святым і вясцілі слова Божае з адвагай.
І, як (яны) памаліліся, было пахістана мейсца тое, у якім яны былі сабраны, і ўсе былі напоўнены Духам Сьвятым і гаварылі Слова Бога з адвагай.
І вялікае мноства веруючых былі аднаго сэрца і адной душы; і нічога з таго, што мелі, ніхто не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.
І ў мноства (людзей) што ўверылі было адно сэрца і адна душа́, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй ня называў уласным, але было́ ў іх ўсё супольнае.
І Апосталы з вялікай сілай сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
І зь вялікай сілай Апосталы давалі сьведчаньне пра ўваскрасеньне Госпада Ісуса. І вялікая Багадаць была на ўсіх іх.
І не было між імі нікога ў недастатку, бо ўсе, хто былі ўласнікі зямлі або дома, прадавалі іх ды прыносілі грошы за тое, што прадавалі,
І ня было сярод іх нікога ў нястачы, бо ўсе, хто валодалі землямі альбо дамамі, прадаючы прыносілі цану праданага
ды складалі ля ног Апосталаў, ды давалася кожнаму тое, хто ў чым меў патрэбу.
і клалі да ног Апосталаў. І давалася кожнаму столькі, хто якую меў патрэбу.
Тады Язэп, названы Апосталамі Барнабам, што значыць «Сын пацяшэння», левіт, родам з Кіпра,
А Ёсія, празваны Апосталамі Барнабам, што значыць «Сын суцяшэньня», — лявіт, родам кіпрыец,
маючы зямлю, прадаў яе, і прынёс грошы, і паклаў ля ног Апосталаў.
маючы сваё поле, прадаўшы (яго) прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.