4 царстваў 8 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў Элісей той жанчыне, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі разам з сям’ёй сваёй, і абжывіся на чужыне, там, дзе зможаш; бо Госпад спаслаў вялікі голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў».
 
І казаў Елісей жанчыне, сына якое ён уваскрэсіў: устань, і йдзі, ты і дом твой, і пажыві там, дзе можаш пажыць, бо наслаў Гасподзь голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў.

Яна ж сабралася і зрабіла тое, што чалавек Божы сказаў ёй, і пайшла яна разам са сваёй сям’ёй, і абжылася ў зямлі філістынцаў на сем гадоў.
 
І ўстала тая жанчына, і зрабіла паводле слова Божага; і пайшла яна і дом яе, і жыла ў зямлі Філістымскай сем гадоў.

І па сямі гадах жанчына вярнулася з зямлі філістынцаў; і пайшла да цара прасіць за дом свой і поле сваё.
 
Празь сем гадоў вярнулася гэтая жанчына зь зямлі Філістымскай і прыйшла прасіць цара за дом свой і поле сваё.

А цар размаўляў з Гэхазі, паслугачом чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісей».
 
Цар якраз гутарыў з Гіезіем, слугою чалавека Божага, і сказаў: раскажы мне ўсё пра выдатнае, што зрабіў Елісей.

І, калі ён расказаў пра тое, як Элісей уваскрасіў мёртвага, з’явілася жанчына, сына якой ён уваскрасіў, і маліла цара аб доме сваім і палях сваіх. І сказаў Гэхазі: «Гаспадару мой, цар, гэта тая жанчына і гэта яе сын, якога ўваскрасіў Элісей».
 
І тым часам як ён расказваў цару, што той уваскрэсіў памерлага, жанчына, сына якое ён уваскрэсіў, прасіла цара за дом свой і за поле сваё. І сказаў Гіезій: гаспадару мой цар, гэта тая самая жанчына і той самы сын яе, якога ўваскрэсіў Елісей.

І запытаўся цар у жанчыны пра гэта, а яна адказала яму. І цар даў ёй аднаго скапца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, ды ўсе даходы з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяперашняга дня».
 
І спытаўся цар у жанчыны, і яна расказала яму. І даў ёй цар аднаго прыдворніка, сказаўшы: вярнуць ёй усё, што ёй належыць, і ўсе прыбыткі з поля, з таго дня, як яна пакінула зямлю, да сёньня.

І прыйшоў Элісей у Дамаск, а ў той час хварэў Бэнадад, цар Сірыі. І паведамілі яму: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».
 
І прыйшоў Елісей у Дамаск, калі Вэнадад цар Сірыйскі, быў хворы. І данесьлі яму, кажучы: прыйшоў чалавек Божы сюды.

Тады сказаў цар Газаэлю: «Вазьмі дары з сабою і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся праз яго ў Госпада, кажучы: “Ці падымуся я з гэтае хваробы сваёй?”»
 
І сказаў цар Азаілу: вазьмі ў рукі свае дарунак і йдзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ў Госпада празь яго, кажучы: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

І пайшоў Газаэль насустрач Элісею, маючы з сабой дары і ўсе багацці Дамаска, цяжарам на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад ім, і сказаў: «Сын твой Бэнадад, цар Сірыі, паслаў мяне да цябе спытаць: “Ці я падымуся з гэтае хваробы сваёй?”»
 
І пайшоў Азаіл насустрач яму, і ўзяў дарунак у рукі свае і ўсяго найлепшага ў Дамаску, колькі могуць несьці сорак вярблюдаў, і прыйшоў і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: сын твой Вэнадад, цар Сірыйскі, паслаў мяне да цябе папытацца: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

Элісей сказаў: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але Госпад аб’явіў мне, што ён памрэ».
 
І сказаў яму Елісей: ідзі скажы яму: выздаравееш. Аднак жа адкрыў мне Гасподзь, што ён памрэ.

І наставіў Элісей вочы на яго і доўга ўглядаўся, аж той занепакоіўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.
 
І скіраваў на яго Елісей позірк свой, і так заставаўся, аж зьбянтэжыў яго, і заплакаў чалавек Божы.

Газаэль спытаўся ў яго: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён адказаў яму: «Бо я ведаю, якое няшчасце ты зробіш сынам Ізраэля: іх мураваныя гарады агнём спаліш, і ваяроў іх мечам заб’еш, і дзяцей іх пазабіваеш, і цяжарных жанчын пасячэш».
 
І сказаў Азаіл: чаго гаспадар мой плача? І сказаў ён: таму, што я ведаю, якога ліха наробіш ты сынам Ізраілевым; крэпасьці іхнія папаліш, а юнакоў іхніх пазабіваеш мечам, і немаўлят іхніх паб’еш, і цяжарных у іх пасячэш.

І Газаэль сказаў: «Хто бо такі паслугач твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісей: «Госпад аб’явіў мне, што ты будзеш царом Сірыі».
 
І сказаў Азаіл: што такое раб твой, сабака, каб мог зрабіць такую вялікую справу? І сказаў Елісей: указаў мне Гасподзь у табе цара Сірыі.

Калі пайшоў ён ад Элісея, прыйшоў да гаспадара свайго. Той спытаўся ў яго: «Што сказаў табе Элісей?» І ён адказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».
 
І пайшоў ён ад Елісея, і прыйшоў да гаспадара свайго. І сказаў яму гэты: што казаў табе Елісей? І сказаў: ён казаў мне, што ты паправішся.

І, калі прыйшоў Газаэль на другі дзень, узяў подсціл, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар яго, і той памёр; і Газаэль стаў царом замест яго.
 
А на другі дзень ён узяў коўдру, намачыў яе вадою і паклаў на твар ягоны, і той памёр. І зацараваў Азаіл замест яго.

На пяты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, — а Язафат быў царом Юдэі — Ярам, сын Язафата, стаўся царом Юдэі.
 
У пяты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ёрам, сын Ёсафатаў, цар Юдэйскі:

Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў цараваць і восем гадоў цараваў у Ерузаліме.
 
трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;

І хадзіў ён дарогамі цароў Ізраэля, як рабіў дом Ахаба; бо дачка Ахаба была яго жонкай. І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада.
 
і хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонкаю яго, і рабіў благое ў вачах Госпада.

Але Госпад не хацеў знішчыць Юдэі дзеля паслугача Свайго, Давіда, як Ён абяцаў яму, даць светач яму і сынам яго на ўсе часы.
 
Аднак не хацеў Гасподзь загубіць Юду, дзеля Давіда, раба Свайго, бо Ён абяцаў даць яму сьвяцільню ў дзецях ягоных на ўсе часы.

У дні яго Эдом паўстаў, каб не быць пад Юдэяй, і паставіў сабе цара.
 
У дні ягоныя выступіў Эдом з-пад рукі Юды, і паставілі яны над сабою цара.

І Ярам пайшоў у Сэйру, і ўсе яго калясніцы з ім; і ўстаў ён ноччу і ўдарыў эдомцаў, якія акружылі яго і кіраўнікоў калясніц; і народ уцёк у свае палаткі.
 
І пайшоў Ёрам у Цаір, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаў ён уначы, і пабіў Ідумэянаў, якія акружалі яго, і начальнікаў над калясьніцамі, але народ уцёк у намёты свае.

Такім чынам, Эдом узбунтаваўся, каб не быць пад Юдэяй, па сённяшні дзень. Тады ж адышла таксама Лебна.
 
І выступіў Эдом з-пад рукі Юды да сёньняшняга дня. У той самы час выступіла і Ліўна.

А астатнія дзеянні Ярама, і ўсё, што ён зрабіў, — ці ж гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
 
Астатняе пра Ёрама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

І супачыў Ярам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, і па ім цараваў сын яго, Ахазія.
 
І спачыў Ёрам з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.

На дванаццаты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, пачаў цараваць Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі.
 
У дванаццаты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага:

Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і адзін год цараваў у Ерузаліме. Маці яго на імя Аталія, дачка Амры, цара Ізраэля.
 
дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя, цара Ізраільскага.

І ён хадзіў шляхамі дому Ахаба, і рабіў тое, што ліхім было перад абліччам Госпада, як дом Ахаба; бо быў ён зяцем роду Ахаба.
 
І хадзіў шляхам дома Ахававага, і рабіў благое ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў у радстве з домам Ахававым.

Таксама пайшоў ён разам з Ярамам, сынам Ахаба, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот у Галаадзе, і сірыйцы паранілі Ярама.
 
І пайшоў ён зь Ёрамам, сынам Ахава, на вайну з Азаілам, царом Сірыйскім, у Рамот Галаадскі, і паранілі Сірыйцы Ёрама.

Ён вярнуўся ў Ізрагэль, каб лячыцца ад ран, якімі паранілі яго сірыйцы ў Раме, калі ён ваяваў супраць Газаэля, цара Сірыі. А Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, пайшоў наведаць Ярама, сына Ахаба, у Ізрагэль, бо той хварэў.
 
І вярнуўся Ёрам цар, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ранаў, якія прычынілі яму Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахава, у Ізрэель, бо ён быў хворы.