Захарыі 12 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Прароцтва. Слова Госпада, што да Ізраэля і што да Юды. Прароцтва Госпада, Які распасцёр неба, і заснаваў зямлю, і дух чалавека ўдыхнуў у яго:
 
Прарочае слова Госпада пра Ізраіля. Гасподзь, Які распрасьцёр неба, уцьвердзіў зямлю і ўтварыў дух чалавека ўсярэдзіне яго, кажа:

«Вось, Я зраблю Ерузалім чашай п’янства для ўсіх народаў навокал. Гэта будзе ў час асады Ерузаліма.
 
вось, Я зраблю Ерусалім чараю захапленьня ўсім навакольным народам, а таксама для Юды ў час аблогі Ерусаліма.

І будзе: у той дзень зраблю Ерузалім цяжкім каменем для ўсіх народаў; кожны, хто нясе яго, скалечыцца цяжка, і супраць яго пазбіраюцца ўсе народы.
 
І будзе ў той дзень, зраблю Ерусалім цяжкім каменем усім плямёнам; усе, якія падымацьмуць яго, надарвуцца, а зьбяруцца супроць яго ўсе народы зямлі.

У той дзень, — кажа Госпад, — паражу кожнага каня шалёнасцю і яго вершніка — дурманам; і на народ Юды адкрыю вочы Свае, і ўсіх коней паганскіх паражу слепатой.
 
У той дзень, кажа Гасподзь, Я паб’ю кожнага каня шаленствам і верхаўца яго — вар’яцтвам, а на дом Юдаў разамкну вочы Мае; а кожнага каня ў народаў пакараю сьлепатою.

І правадыры Юды будуць казаць у сэрцы сваім: “Сіла ўсіх жыхароў Ерузаліма ў Госпадзе Магуццяў, Богу іх”.
 
І скажуць князі Юдавыя ў сэрцах сваіх: сіла мая — жыхары Ерусалімскія ў Госпадзе Саваофе, Богу іхнім.

У той дзень зраблю князёў Юды, як кацёл на агні з дроў і як галавешку гарачую сярод снапоў; і яны знішчаць направа і налева ўсе навокал народы, і Ерузалім будзе жыць ізноў на сваім месцы.
 
У той дзень Я зраблю князёў Юдавых — як жароўню з агнём паміж дровамі і як запаленую сьвяцільню сярод снапоў, і яны зьнішчаць усе навакольныя народы справа і зьлева, і зноў заселены будзе Ерусалім на сваім месцы, у Ерусаліме.

І перш збавіць Госпад палаткі Юды, каб слава дому Давіда не ўзносілася і слава жыхароў Ерузаліма адносна Юды.
 
І ўратуе Гасподзь спачатку намёты Юды, каб веліч дому Давідавага і веліч жыхароў Ерусаліма ня ўзносілася над Юдам.

У той дзень Госпад абароніць жыхароў Ерузаліма; і самы кволы між імі ў той дзень будзе, як Давід, і дом Давіда будзе, як Бог, як анёл Госпадаў перад імі.
 
У той дзень абараняць будзе Гасподзь жыхароў Ерусаліма, і самы слабы сярод іх у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл Гасподні перад імі.

І будзе: у той дзень зраблю, што ўсе народы, што нападаюць на Ерузалім, будуць знішчаны,
 
І будзе ў той дзень, Я зьнішчу ўсе народы, якія нападацьмуць на Ерусалім.

і на дом Давіда і на жыхароў Ерузаліма вылью дух ласкі і пабожнасці; і яны будуць глядзець на Мяне. З-за Таго, Каго прабілі, будуць яны лямантаваць, як лямантуюць па адзіным сыне, і будуць перажываць па Ім, як перажываюць звычайна па першынцу.
 
А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух мілаты і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы.

У той дзень будзе вялікі плач у Ерузаліме, як плач у Адад-Рэмоне на раўніне Магеда;
 
У той дзень падымецца вялікі плач у Ерусаліме, як плач Гададрымона ў даліне Манідонскай.

і плакаць будзе зямля, асобныя сем’і асобна: сям’я дому Давіда асобна і іх жанчыны асобна; сям’я дому Натана асобна і іх жанчыны асобна;
 
І галасіцьме зямля, кожнае племя асобна: племя дому Давідавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя дому Натанавага асобна, і жанчыны іхнія асобна;

сям’я дому Леві асобна і іх жанчыны асобна; сям’я дому Сімона асобна і іх жанчыны асобна;
 
племя дому Лявіінага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя Сымонавае асобна, і жанчыны іхнія асобна.

усе астатнія сем’і, асобныя сем’і асобна і іх жанчыны асобна.
 
Усе астатнія плямёны — кожнае племя асобна, і жанчыны іхнія асобна.