Захарыі 8 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І вось што сказаў Госпад Магуццяў:
 
І было слова Госпада Саваофа:

«Гэта кажа Госпад Магуццяў: “З руплівым апекаваннем люблю Я Сіён і з вялікім гневам руплюся пра яго”.
 
так кажа Гасподзь Саваоф: зарупіўся Я пра Сіён руплівасьцю вялікаю, і зь вялікім гневам зарупіўся Я пра яго.

Гэта кажа Госпад: “Вярнуся Я зноў на Сіён і пасялюся ў Ерузаліме; Ерузалім назавуць горадам Праўды, і гару Госпада Магуццяў — Святою Гарой”.
 
Так кажа Гасподзь: зьвярнуўся Я да Сіёна і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, і гара Госпада Саваофа — гарою сьвятыні.

Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў засядуць старыя і бабулі на плошчах Ерузаліма; і ўсе з палкамі сваімі ў руцэ сваёй дзеля старасці веку;
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: зноў старцы і старыцы сядзецьмуць на вуліцах Ерусаліма, кожны з посахам у руцэ, ад сталасьці веку свайго.

і вуліцы гарадскія запоўняцца гуляючымі на іх хлапчукамі і дзяўчаткамі”.
 
І вуліцы горада гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчаткамі, якія гуляцьмуць на вуліцах яго.

Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Калі гэта ў вачах рэшты гэтага народа пакажацца цяжкім у тыя дні, то ці ж яно будзе цяжкім таксама ў Маіх вачах?” — кажа Госпад Магуццяў.
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: калі гэта ў вачах пазасталага народу здасца дзівосным у тыя дні, дык няўжо яно дзівоснае і ў вачах Маіх? кажа Гасподзь Саваоф.

Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Вось, збаўлю народ мой ад зямлі з усходу і ад зямлі з захаду сонца:
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны заходу сонца;

І прывяду іх, і абжывуцца ў Ерузаліме, і будуць яны Маім народам, а Я буду іх Богам, у праўдзе і ў справядлівасці”.
 
і прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерусаліме, і будуць Маім народам, і Я буду іхнім Богам, у ісьціне і ў праўдзе.

Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Хай умацуюцца рукі вашы, тых, якія ў гэтыя дні слухаюць словы гэтыя з вуснаў прарокаў у дзень, у які былі закладзены падмуркі пад дом Госпада Магуццяў для пабудавання святыні.
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: умацуйце рукі вашыя вы, хто чуе сёньня словы гэтыя з вуснаў прарокаў, якія былі пры заснаваньні дому Госпада Саваофа, для будаўніцтва храма.

Бо перад тымі днямі не атрымоўвалі платы ані людзі за работу, ані жывёла, ані прыходзячаму, ані адыходзячаму не было супакою ад бяды; і Я напусціў усіх людзей — кожнага супраць блізкага яго.
 
Бо раней дзён тых ня было аддзякі ні чалавеку, ні аддзякі за працу жывёлам; ні адыхадню, ні прыхадню ня было спакою ад ворага; і патураў Я кожнаму чалавеку варагаваць з другім.

Але цяпер для рэшты гэтага народа Я не буду Такі, як раней, — кажа Госпад Магуццяў; —
 
А сёньня рэшце народу гэтага Я не такі, як у былыя дні, кажа Гасподзь Саваоф.

але пасеў супакою будзе: вінаград дасць плод свой і зямля радзіць будзе, і ўсё гэта даю ў спадчыну рэшце гэтага народа.
 
Бо пасеяна будзе ў сьвеце; вінаградная лаза дасьць плод свой, і зямля дасьць плады свае, і нябёсы будуць даваць расу сваю: і ўсё гэта Я аддам у валоданьне астатку народу гэтага.

Ды будзе: як вы, доме Юды і доме Ізраэля, былі праклёнам у народаў, так Я збаўлю вас і вы будзеце дабраславеннем. Не бойцеся, хай набяруць сілы рукі вашы!”
 
І будзе: як вы, дом Юдаў і дом Ізраілеў, былі пракляцьцем у народаў, так Я выратую вас, і будзеце дабраславеньнем; ня бойцеся; хай умацуюцца рукі вашыя!

Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Як задумаў Я вас вынішчыць, калі да гневу справакавалі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад Магуццяў, —
 
Бо так кажа Гасподзь Саваоф: як Я вызначыў пакараць вас, калі бацькі вашыя гнявілі Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і не адмяніў,

і не пашкадаваў, так у гэтыя дні вырашыў спрыяць Ерузаліму і дому Юды; не турбуйцеся!
 
так зноў Я назначыў у гэтыя дні ўтварыць добрае Ерусаліму і дому Юдаваму; ня бойцеся!

Дык вось што павінны вы рабіць: кажыце праўду кожны блізкаму свайму і ў супакоі судзіце ў брамах вашых,
 
Вось дзеі, якія вы павінны чыніць: кажэце праўду адзін аднаму; па праўдзе і міралюбна судзеце каля брамаў вашых.

і хай ніводзін з вас не думае ў сэрцы сваім ліха супраць прыяцеля свайго, і не любіце прысягі лжывай: бо ўсё гэта ёсць тое, што Я ненавіджу”, — кажа Госпад».
 
Ніхто з вас хай не намышляе ў сэрцы сваім ліхога супроць блізкага свайго, і ілжывай клятвы ня любеце; бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа Гасподзь.

І прамовіў Госпад Магуццяў да мяне, кажучы:
 
І было мне слова Госпада Саваофа:

«Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Пост чацвёртага месяца, і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзесятага месяца хай будзе для народа Юды ў радасць і пацеху і ў святыя ўрачыстасці; любіце толькі праўду і супакой”.
 
так кажа Гасподзь Саваоф: пост чацьвёртага месяца і пост пятага, і пост сёмага і пост дзясятага зробіцца дому Юдаваму радасьцю і вясёлым сьвятам; толькі любеце праўду і мір.

Вось гэта кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары вялікіх гарадоў,
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары многіх гарадоў;

і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: “Хадземце ўмаляць аблічча Госпада і шукаць Госпада Магуццяў; я пайду таксама”.
 
і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: хадзем маліцца перад аблічча Госпада Саваофа; і кожны скажа: пайду і я.

І будуць прыходзіць многія людзі і дужыя народы, каб шукаць Госпада Магуццяў у Ерузаліме і ўмаляць аблічча Госпада”.
 
І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада.

Так кажа Госпад Магуццяў: “У тыя дні дзесяць чалавек з усіх мнагамоўных народаў моцна схопяцяцца за крысо юдэя, кажучы: “Пойдзем мы з вамі; бо мы, вось, пачулі, што з вамі Бог”».
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: будзе ў тыя дні, возьмуцца дзесяць чалавек з усіх рознамоўных народаў, возьмуцца за крысо Юдэя і будуць казаць: мы пойдзем з табою, бо мы чулі, што з вамі — Бог.