Беларускі пераклад Бібліі Сёмухі 21

Біблія беларуская ў перакладзе Васіля Сёмухі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Сыне, зграшыў ты? Не рабі гэтага больш, але і за папярэднія грахі прасі даравання, каб былі табе адпушчаны!
 

Бяжы ад граху, як ад гадзіны, і калі падыдзеш да яго, ён укусіць цябе.
 

Зубы яго — зубы льва, што забіваюць душы людскія.
 

Кожная правіннасць — што меч двухбаковавостры: ад удару яго няма вылячэння.
 

Нахабства і крыўды спустошаць маёмасць, і спустошыцца вельмі багаты дом дзеля пыхлівасці; так багацце пыхліўца будзе спустошана.
 

Просьба з вуснаў убогага дойдзе аж да вушэй Бога, і суд Яго мігам прыйдзе да яго.
 

Хто ненавідзіць дакаранне, ідзе следам грэшніка; а хто баіцца Бога — зверне дакаранне да сэрца свайго.
 

Той, хто валодае языком нахабным, вядомы паўсюль, а разумны пазнае яго ў падзенні.
 

Хто ставіць дом свой за чужыя грошы, падобны да таго, хто збірае камяні свае ўзімку.
 

Зборышча грэшнікаў — куча пакулля, ды іх супольны канец — полымя агню.
 

Дарога грэшнікаў выкладзена камянямі, але ў канцы яе — бездань пякельная.
 

Хто пільнуе закон, будзе валодаць сваім розумам;
 

завяршэнне страху Божага — мудрасць і розум.
 

Не будзе навучаны той, хто не мае мудрасці;
 

а ёсць хітрасць, багатая злом, і няма розуму, дзе ёсць раздражнёнасць.
 

Веды мудрага разальюцца, як паводка, і парада яго, як жывая крыніца, трывае.
 

Сэрца неразумнага, як пабітая пасуда, якая не ўтрымае ніякай разумнасці.
 

Калі разумны чалавек пачуе мудрае слова, пахваліць яго і дакіне сваё да яго; а калі пачуе легкадумны, не спадабаецца яно яму, і ён кіне яго за свае плечы.
 

Апавяданне неразумнага, як цяжар у дарозе, але ў вуснах разумнага знойдзецца ласка.
 

Вусны мудрага будуць шукаць на сходзе, і яго словы будуць абдумваць у сэрцах сваіх.
 

Як раскінуты дом — так мудрасць неразумнага; і веды неразумнага — невыказныя словы.
 

Навука для неразумнага — гэта путы на ногі, і як быццам наручнікі на правай руцэ.
 

Неразумны ў смеху падымае свой голас; а чалавек разумны ледзь ціха ўсміхнецца.
 

Навука для разумнага быццам залатая аздоба і быццам бранзалет на правай руцэ.
 

Нага неразумнага спяшаецца ў дом блізкага, але чалавек вопытны саромеецца перад людзьмі.
 

Неразумны праз акно загляне ў дом, а чалавек выхаваны будзе стаяць навонкі.
 

Падслухоўваць пад дзвярамі — гэта невыхаванасць чалавека, і для чалавека разумнага — вялікая ганьба.
 

Вусны неразумных раскажуць глупствы, словы ж мудрых будуць адважаны па вазе.
 

У вуснах неразумных — іх сэрцы, а ў сэрцы мудрых — іх вусны.
 

Калі бязбожны праклінае праціўніка, праклінае ён сваю душу.
 

Пляткар апаганіць сваю душу, і ўсім будзе ненавісны; і той, хто з ім застанецца, будзе ненавісны, а маўклівы і разумны будзе ў пашане.