Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 21 Эклезіясціка 21 разьдзел

1 Сыне, зграшыў ты? Не рабі гэтага больш, але і за папярэднія грахі прасі даравання, каб былі табе адпушчаны!
2 Бяжы ад граху, як ад гадзіны, і калі падыдзеш да яго, ён укусіць цябе.
3 Зубы яго — зубы льва, што забіваюць душы людскія.
4 Кожная правіннасць — што меч двухбаковавостры: ад удару яго няма вылячэння.
5 Нахабства і крыўды спустошаць маёмасць, і спустошыцца вельмі багаты дом дзеля пыхлівасці; так багацце пыхліўца будзе спустошана.
6 Просьба з вуснаў убогага дойдзе аж да вушэй Бога, і суд Яго мігам прыйдзе да яго.
7 Хто ненавідзіць дакаранне, ідзе следам грэшніка; а хто баіцца Бога — зверне дакаранне да сэрца свайго.
8 Той, хто валодае языком нахабным, вядомы паўсюль, а разумны пазнае яго ў падзенні.
9 Хто ставіць дом свой за чужыя грошы, падобны да таго, хто збірае камяні свае ўзімку.
10 Зборышча грэшнікаў — куча пакулля, ды іх супольны канец — полымя агню.
11 Дарога грэшнікаў выкладзена камянямі, але ў канцы яе — бездань пякельная.
12 Хто пільнуе закон, будзе валодаць сваім розумам;
13 завяршэнне страху Божага — мудрасць і розум.
14 Не будзе навучаны той, хто не мае мудрасці;
15 а ёсць хітрасць, багатая злом, і няма розуму, дзе ёсць раздражнёнасць.
16 Веды мудрага разальюцца, як паводка, і парада яго, як жывая крыніца, трывае.
17 Сэрца неразумнага, як пабітая пасуда, якая не ўтрымае ніякай разумнасці.
18 Калі разумны чалавек пачуе мудрае слова, пахваліць яго і дакіне сваё да яго; а калі пачуе легкадумны, не спадабаецца яно яму, і ён кіне яго за свае плечы.
19 Апавяданне неразумнага, як цяжар у дарозе, але ў вуснах разумнага знойдзецца ласка.
20 Вусны мудрага будуць шукаць на сходзе, і яго словы будуць абдумваць у сэрцах сваіх.
21 Як раскінуты дом — так мудрасць неразумнага; і веды неразумнага — невыказныя словы.
22 Навука для неразумнага — гэта путы на ногі, і як быццам наручнікі на правай руцэ.
23 Неразумны ў смеху падымае свой голас; а чалавек разумны ледзь ціха ўсміхнецца.
24 Навука для разумнага быццам залатая аздоба і быццам бранзалет на правай руцэ.
25 Нага неразумнага спяшаецца ў дом блізкага, але чалавек вопытны саромеецца перад людзьмі.
26 Неразумны праз акно загляне ў дом, а чалавек выхаваны будзе стаяць навонкі.
27 Падслухоўваць пад дзвярамі — гэта невыхаванасць чалавека, і для чалавека разумнага — вялікая ганьба.
28 Вусны неразумных раскажуць глупствы, словы ж мудрых будуць адважаны па вазе.
29 У вуснах неразумных — іх сэрцы, а ў сэрцы мудрых — іх вусны.
30 Калі бязбожны праклінае праціўніка, праклінае ён сваю душу.
31 Пляткар апаганіць сваю душу, і ўсім будзе ненавісны; і той, хто з ім застанецца, будзе ненавісны, а маўклівы і разумны будзе ў пашане.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017