Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 8 Эклезіясціка 8 разьдзел

1 Не спрачайся з чалавекам важным, каб часам не трапіць у яго рукі.
2 Не спрачайся з чалавекам багатым, каб часам не паклаў ён на цябе свайго цяжару:
3 золата бо загубіла многіх і срэбра нават сэрца цароў звяло.
4 Не спрачайся з чалавекам лапатлівым і не падкідвай дроў у яго агонь.
5 Не сябруй з чалавекам неадукаваным, каб не быць пагарджаным князямі.
6 Не адцурайся ад чалавека, які адварочваецца ад граху, ані не сварыся на яго; памятай, што мы ўсе заслужылі пакаранне.
7 Не ганьбуй чалавека ў яго старасці, бо і некаторыя з нас дачакаюцца старасці.
8 Не цешся са смерці ворага свайго; памятай, што мы ўсе паміраем і не хочам ісці з радасцю.
9 Не пагарджай апавяданнем мудрых старцаў і цікаўся іх размовамі;
10 ад іх бо навучышся мудрасці ды разуменню навук і таму, як служыць магнатам без скаргі.
11 Зважай на аповед старцаў, бо яны навучыліся ад сваіх бацькоў;
12 бо ад іх навучышся розуму і ў адпаведны час дасі адказ.
13 Не распальвай вуголля грэшнікаў, сварачыся на іх, і сам не згарай у полымі агню іх.
14 Не станавіся супраць паклёпніка, каб ён не засеў, быццам засадаю, у вуснах тваіх.
15 Не пазычай чалавеку важнейшаму за цябе; бо калі пазычыш, лічы гэта за страчанае.
16 Не заручайся вышэй сваёй магчымасці; бо калі заручыўся, думай, як аддаць.
17 Не судзіся з суддзёю, бо ў яго волі асудзіць.
18 З нахабнікам не ідзі ў дарогу, каб ты часам не пагоршыў беды свае: бо ён па волі сваёй будзе весці сябе і ты можаш дзеля яго нахабства прапасці.
19 Не спрачайся з гняўлівым ды з ім не ідзі ў пустыню, бо кроў для яго нічога не значыць і там, дзе не будзе дапамогі, — знішчыць цябе.
20 Не райся з дурнымі: яны бо не змогуць захаваць сакрэту твайго.
21 Перад чужым не адкрывай таямніцы, бо не ведаеш, што ён прыдумае.
22 Не перад кожным чалавекам адкрывай сваё сэрца, каб часам не адштурхнуць ад сябе дабра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017