Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 18 Эклезіясціка 18 разьдзел

1 Агулам усё стварыў Той, Хто жыве вечна. Адзіны Бог будзе апраўданы і застанецца непераможным Валадаром навек.
2 Хто зможа распавесці дзеянні Яго?
3 Ды хто прасочыць вялікія справы Яго?
4 А хто зможа высказаць магутнасць велічы Яго? Або хто патрапіць расказаць пра Яго міласэрнасць?
5 Нельга ані што зменшыць, ані дадаць, ды нельга прасачыць вялікія справы Божыя;
6 калі чалавек думае, што скончыў, тады ён толькі пачынае, і калі спыняе, не ведае, што далей рабіць.
7 Што гэта чалавек, чаго яму не хапае, ды якая з яго карысць? І якое дабро яго або якое зло яго?
8 Лік дзён чалавечых добра, як сто гадоў, як капля вады марской, яны падлічаны, і як крупінка пяску, такія кароткія гады яго ў вечнасці.
9 Дзеля таго Бог цярплівы да людзей і вылівае на іх Сваю міласэрнасць.
10 Ён бачыць сапсаванасць сэрца іх, што ліхое яно; ды ведае пераваротнасць іх, што благая яна.
11 Таму напоўніў іх Сваёю ласкаю і паказаў ім дарогу справядлівасці.
12 Міласэрнасць чалавека — адносна свайго блізкага, а міласэрнасць Божая — над усім жывым.
13 Ён асуджае, вучыць і гадуе, як пастыр, які накіроўвае свой статак.
14 Шкадуе тых, хто прымае павучэнне літасці і якія шчыра спаўняюць законы Яго.
15 Сыне, калі што добрае, — не сквапся, і пры кожным падарунку не засмучай ліхім словам.
16 Ці ж спякоту не ахалоджвае раса? Так і добрае слова лепш, чым падарунак.
17 Ці ж вось не лепшае слова за падарунак? Але адно і другое — у ветлівага чалавека.
18 Неразумны будзе неміласэрна дакараць, і падарунак пераваротнага высушвае вочы.
19 Перад судом — прыгатуй сабе абаронцу і, перш чым пачнеш гаварыць, падумай.
20 Перад хваробай — ужыві лякарства, і перад судом спытай самога сябе, і ў час наведвання знойдзеш ласку.
21 Перш чым пачуеш хваробу, упакарыся, і калі ўпадзеш у грэх — дай доказ навяртання.
22 Не дазваляй, каб табе што перашкодзіла скласці абяцанае ў адпаведны час, ды не марудзь аж да смерці, каб быць апраўданым, бо адплата Бога будзе трываць вечна.
23 Перад абяцаннем — падрыхтуй сваю душу, ды не будзь, як той чалавек, які спакушае Госпада.
24 Памятай пра гнеў у дзень смерці, і пра адплату ў свой час, [калі Госпад] адварочвае аблічча.
25 Памятай пра голад у час дастатку, і пра патрэбу беднасці ў дзень багацця.
26 Ад раніцы аж да вечара час змяняецца, і ўсё хутка прабягае на вачах Бога.
27 Чалавек мудры ва ўсім будзе асцярожны, і ў днях злачынстваў усцеражэцца ад ліха.
28 Кожны разумны пазнае мудрасць і таму, хто знайшоў яе, дасць вызнанне.
29 Разумныя ў словах і самі мудра вялі сябе, і разумелі праўду і справядлівасць, ды вылілі, як дождж, прыказкі і прысуды.
30 Аб стрыманасці душы: Не ідзі за пажаднасцямі сваімі, ды ўстрымайся ад хаценняў сваіх;
31 калі дасі волю душы тваёй на пажадлівасць, выставіць яна цябе на пацеху тваім ворагам.
32 Не шукай упадабання ў частым баляванні, бо падвойная доля — убогасць яго.
33 Не будзь гулякам і п’яніцам, калі не маеш нічога ў капшуку: бо будзеш злоснікам свайму жыццю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017