Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 23 Эклезіясціка 23 разьдзел

1 Госпадзе, Айцец ды Валадар майго жыцця, не пакідай мяне на іх волю і не дапусці, каб я праз іх упаў.
2 Хто ўжыве розгі на мае думкі і да сэрца майго — навуку мудрасці, каб не шкадавалі мяне ў маіх памылках, і не патуралі маім праступкам,
3 каб не ўзрасло няведанне маё, і каб не павялічыліся праступкі мае, і каб не памнажаліся грахі мае, ды каб не трапіў перад аблічча праціўнікаў маіх, і каб не цешыўся нада мною вораг мой?
4 Госпадзе, Айцец ды Бог майго жыцця, не пакідай мяне на іх рашэнне.
5 Не дай мне ўзвышэння вачэй маіх, ды ўсякую прагавітасць ухілі ад мяне.
6 Выдалі ад мяне пажаднасці цела, ды хай жаданне юрлівае не авалодае мною, і не аддавай мяне душы непачцівай і пустой.
7 Паслухайце, дзеці, павучэнне аб вуснах; і, хто захавае яго, не будзе скампраметаваны вуснамі і ўведзены ў згаршэнне самымі ліхімі справамі.
8 На вуснах сваіх будзе схоплены грэшнік; і пракляты, і пыхлівец будзе згоршаны праз іх.
9 Не прывучай вуснаў сваіх да прысягі: многа бо падзенняў бывае праз яе.
10 А хай не частым будзе прызыванне Бога ў вуснах тваіх, ды не далучай сябе да імя Святога, бо не ачысцішся ад грахоў.
11 Бо як нявольнік, які часта бывае караны, не можа абысціся без сінякоў, так кожны, хто прысягае і прызывае [імя Святога], не ачысціцца ад граху.
12 Чалавек, часта прысягаючы, апаганіцца, і кара не адступіцца ад яго дому.
13 І калі ён падмане — злачынства яго застанецца на ім; і калі ўзгардзіць — зграшыць удвая.
14 І калі дарэмна прысягне, не будзе апраўданы: бо дом яго напоўніцца няшчасцямі.
15 Бывае і іншая мова, якую можна параўнаць са смерцю: не знойдзецца яна ў спадчыне Якуба.
16 Бо ўсё гэта будзе выдалена ад богабаязных, і яны не заблытаюцца ў грахах.
17 Хай не прывыкаюць вусны твае да распуснай нячыстасці, бо ў ёй знаходзяцца грэшныя словы.
18 Помні пра бацьку і маці сваю, калі сядзіш паміж магнатаў;
19 каб часам не забыўся ты пра сябе на віду іх і каб ты, збіты з толку прывычкаю сваёю, не стаў пасмешышчам, і каб не захацеў ты быць народжаным, і каб дзень нараджэння свайго ты не праклінаў.
20 Чалавек, прывыкшы да слоў ганебных, не перавучыцца ва ўсе дні жыцця свайго.
21 Два роды людзей дапускаюцца грахоў, і трэці выклікае гнеў і загубу:
22 душа гарачая, як быццам палымнеючы агонь, не патухне, пакуль не будзе заспакоена;
23 і распусны чалавек у плоці цела свайго не спыніцца, аж пакуль яго агонь не спаліць.
24 Распуснаму чалавеку — кожны хлеб салодкі: не супакоіцца аж да смерці.
25 Кожны чалавек, які дапускаецца чужаложства, пагарджае ў душы сваёй ды кажа: «Хто мяне бачыць?
26 Вакол мяне цёмна, ды хаваюць мяне сцены, ды ніхто мяне не бачыць; чаго маю баяцца? Узвышні не будзе памятаць маіх злачынстваў».
27 І ён не разумее, што вока Яго бачыць усё, бо ён адганяе ад сябе страх Божы страхам чалавечым: толькі вочы людскія ёсць яго страх,
28 і ён не зразумеў, што вочы Госпада ўва многа разоў яснейшыя за сонца, яны наглядаюць за ўсімі людскімі шляхамі, ды за бяздоннем бездані, ды пранікаюць у тайныя закуткі людскіх сэрцаў.
29 Госпаду Богу бо вядомыя ўсе рэчы, перш чым былі створаны, і так, па стварэнні іх, за ўсім Ён назірае.
30 Такі чалавек будзе пакараны на вуліцах горада, ды там, дзе не спадзяваўся, будзе схоплены; ды, як жарабятка, будзе змушаны ўцякаць,
31 ды будзе сорамам для ўсіх, таму што не зразумеў страху Госпадава.
32 Так і кожная жанчына, што пакінула мужа свайго і атрымала спадкаемца ад чужога шлюбу:
33 найперш бо стала непаслухмянай закону Узвышняга, затым адносна свайго мужа стала нявернай, па-трэцяе, дапусцілася нячыстасці чужаложства, ды займела сабе дзяцей ад чужога мужа.
34 Яна будзе заведзена на сход, і над дзецьмі яе адбудзецца следства;
35 дзеці яе не ўкараняцца, і галіны яе не дадуць пладоў:
36 пакіне яна памяць аб сабе на праклён, і ганьба яе не будзе скасавана.
37 І тыя, хто застаўся, пазнаюць, што няма нічога лепшага, як страх Божы, ды нічога мілейшага, як спаўняць прыказанні Госпада.
38 Вялікая слава — ісці за Госпадам; бо даўгалецце бярэцца ад Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017