Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 2 Эклезіясціка 2 разьдзел

1 Сыне, прыступаючы служыць Богу, трывай у справядлівасці і страху ды загартуй душу сваю на выпрабаванні.
2 Кіруй сэрцам сваім і трымайся, нахілі вуха сваё і прымі разумнае слова і не бойся ў час бяды.
3 Пакладзіся на Бога, злучайся з Богам і не адступай, каб разумным быць на сваіх дарогах.
4 Усё, што на цябе будзе ўскладзена, прымі і выцерпі ды ў смутку пакорлівасці сваёй май цярплівасць,
5 бо ў агні выпрабоўваецца золата і срэбра, а людзі, мілыя Богу, у печы прыніжэння.
6 Вер Богу, і Ён палюбіць цябе, і ўскладай надзею на Яго, і Ён накіруе дарогу тваю; бойся Яго і з Ім дачакаешся старасці.
7 Маючы страх Госпадаў, атрымаеце міласэрнасць Яго, і не адыходзьце ад Яго, каб не ўпасці.
8 Вы, што баіцеся Госпада, верце Яму, ды не прападзе плата ваша.
9 Вы, што баіцеся Госпада, спадзявайцеся на дабро, і вечную радасць, і міласэрнасць.
10 Вы, што баіцеся Госпада, любіце Яго, ды праяснеюць вашы сэрцы.
11 Паглядзіце, дзеткі, на даўнейшыя пакаленні і пераканайцеся: калі хто ўскладаў надзею на Госпада, ці быў пасаромлены?
12 Або хто трымаўся прыказанняў Яго, і быў пакінуты? Або хто прызываў Яго, і Ён адцураўся ад яго?
13 Бо Госпад святы і міласэрны, і ў дзень трывогі адпусціць грахі, ды Абаронца ўсім, хто шукае Яго ў праўдзе.
14 Гора раздвоенаму сэрцу, і ліхім вуснам, ды апушчаным рукам, ды грэшніку, што ходзіць па зямлі дзвюма сцежкамі!
15 Гора знеахвочаным сэрцам, бо яны страцілі веру і таму не будуць мець абароны!
16 Гора вам, страціўшым цярплівасць, і тым, якія пакінулі простыя дарогі і павярнулі на ліхія дарогі!
17 І што будзеце рабіць, калі Госпад вас наведае?
18 Хто баіцца Госпада — будзе верным слову Яго, ды хто любіць Яго — будзе трымацца дарогі Яго.
19 Хто баіцца Госпада — будзе шукаць таго, што Яму падабаецца; і хто любіць Яго — будзе выконваць закон Яго.
20 Хто баіцца Госпада, прыгатуе сваё сэрца і асвяціць перад Ім душу сваю.
21 Хто баіцца Госпада — будзе берагчы загады Яго, і будуць мець цярплівасць аж да Яго наведвання,
22 кажучы: «Калі будзем чыніць навяртанне, дык трапім у Госпадавы рукі, а не ў рукі людзей:
23 бо па велічы Яго і міласэрнасць Яго».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017