Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 28 Эклезіясціка 28 разьдзел

1 Хто хоча быць адпомшчаным, той знойдзе помсту ад Госпада, і грахі яго Госпад, захоўваючы, захавае.
2 Адпусці блізкаму твайму крыўду, і тады табе па просьбе тваёй твае грахі будуць адпушчаны.
3 Калі чалавек на чалавеку будзе спаганяць злосць, як жа ў Бога будзе прасіць ён дапамогі?
4 Не мае ён міласэрнасці да чалавека, да яго падобнага, а як будзе прасіць аб адпушчэнні сваіх грахоў?
5 Сам, з’яўляючыся целам, спаганяе злосць: а даравання просіць у Бога? Хто будзе прасіць за яго злачынствы?
6 Памятай пра апошнія справы і перастань варагаваць,
7 памятай пра мардаванне ды смерць — і выконвай Яго прыказанні.
8 Памятай пра загады і не май злосці на блізкага.
9 Памятай пра запавет Узвышняга і даруй знявагу з боку блізкага.
10 Сцеражыся звадкі і паменшы грахі: бо чалавек гняўлівы пачынае звадку і грэшнік
11 будзе непакоіць сяброў, ды паміж у супакоі жывучых заводзіць непрыязнасць.
12 Паводле бо лясных дрэў — такі агонь гарыць, і паводле моцы чалавека — такі гнеў яго будзе, ды паводле багацця яго ўзнікне гнеў яго.
13 Гарачая спрэчка распаляе агонь, і гарачая звадка пралівае кроў, і язык, што дае пасведчанне, выклікае смерць.
14 Калі будзеш дзьмухаць на іскру, яна загарыцца, быццам агонь; і калі плюнеш на яе, яна патухне: адно і другое выходзіць з вуснаў тваіх.
15 Пляткар і крывадушнік хай будзе пракляты, многіх бо, жывучых у згодзе, загубіў.
16 Трэці язык — многіх узрушыў і разагнаў з народа ў народ;
17 збурыў умацаваныя багатыя гарады і перавярнуў дамы магнатаў;
18 дужыя народы знішчыў, ды мужныя народы аслабіў.
19 Трэці язык выгнаў жонак ад мужоў і пазбавіў іх трудоў іх.
20 Хто слухае яго, не будзе мець супакою і не будзе мець прыяцеля, з якім адпачыў бы.
21 Удар бізуна выклікае сіняк, а ўдар языка зломіць косці;
22 шмат пападала ад ляза меча, але не столькі, колькі загінула праз свой язык.
23 Шчасны, хто ўхаваўся ад яго, хто не патрапіў на злосць яго, ды хто не цягнуў ярмо яго, ды не быў звязаны яго путамі.
24 Ярмо бо яго — ярмо жалезнае, і путы яго — путы медныя.
25 Смерць яго — смерць самая страшная, і нават пекла лепшае, чым ён.
26 Не будзе мець улады над справядлівымі, ды ад полымя яго яны не згараць;
27 тыя, што пакідаюць Бога, трапяць у яго, і загарыцца ён у іх ды не патухне, і, быццам леў, будзе на іх выпушчаны, і, як барс, разарве іх.
28 Агарадзі вушы свае цернямі ды не слухай ліхога языка і вуснам сваім зрабі дзверы і засаўкі.
29 Звяжы золата тваё і срэбра тваё, ды словам сваім зрабі вагу і моцнае акілзанне — вуснам сваім.
30 І глядзі, каб часам не хістаўся язык, ды каб ты не ўпаў на віду ворагаў, цікуючых на цябе, і каб тваё падзенне не было смяротным.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017