Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 5 Эклезіясціка 5 разьдзел

1 Не пакладайся на маёмасць сваю ды не кажы: «Хапае мне ўсяго ў жыцці».
2 Не ганіся за дужасцю сваёй, каб ісці за пажаданнямі свайго сэрца,
3 ды не кажы: «Хто пераадолее мяне?» або: «Хто пакарае мяне за ўчынкі мае?» — Бог бо будзе спаганяць справядлівасць.
4 Не кажы: «Зграшыў, і што мне благога сталася?» — Узвышні бо ёсць цярплівы Аддаўца.
5 Бойся, ці Бог адпусціць табе грэх, і не дадавай грэх да граху,
6 і не гавары: «Міласэрнасць Госпадава вялікая, Ён злітуецца над мноствам маіх грахоў»;
7 бо міласэрнасць і гнеў у Яго хутка праходзяць, і гнеў Яго супачывае на грэшніках.
8 Не марудзь навярнуцца да Госпада і не адкладай гэтага з дня на дзень.
9 Раптоўна бо прыйдзе гнеў Яго, і ў час помсты — прападзеш.
10 Не пакладайся на несправядліва набытыя багацці, бо нічога яны не дапамогуць у час гібелі.
11 Не вей пры ўсякім ветры і не хадзі ўсякаю сцяжынкаю, так бо выяўляецца ў раздвоеным языку кожны грэшнік.
12 Будзь цвёрды ў сваім перакананні, і ў праўдзівасці пераканання твайго і ведаў няхай праводзіць цябе слова супакою і справядлівасці.
13 Будзь скоры да слухання слова, каб зразумець, і не спяшайся даваць адказ.
14 Калі ёсць у цябе розум — адкажы блізкаму; а калі не — пакладзі руку сваю на вусны свае, інакш захопіць цябе слова няўмелае і будзеш пасаромлены.
15 Праз мову — гонар і ганьба; язык жа бывае чалавеку на падзенне яго.
16 Хай не называюць цябе паклёпнікам, ды не ачарняй языком сваім.
17 Злодзеем быць — ганьба, і крывадушніку — найгоршае асуджэнне, плеткару ж — нянавісць, і варожасць, ды ганьба.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017