Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 31 Эклезіясціка 31 разьдзел

1 Клопат пра багацце зжывае цела, і думкі пра яго спыняюць сон;
2 клопат пра ежу адганяе сон, і цяжкая хвароба абуджае ад сну.
3 Папрацаваў багач, збіраючы багацце, і, калі спыняецца, напаўняецца яго асалодаю;
4 мучаецца бедны ад недахопу на пражыццё, і калі спыняецца — становіцца бедным.
5 Хто любіць золата, не будзе апраўданы, і хто гоніцца за набыткамі, будзе падмануты.
6 Многія дзеля золата трапілі ў бяду, і гібель іх выявілася перад абліччам іх.
7 Дрэвам спатыкнення бывае золата для тых, што яго ахвяроўваюць; гора тым, што за ім ганяюцца; ды кожны неразумны будзе захоплены ім.
8 Шчасны багацей, які аказаўся без віны ды які не пагнаўся за золатам, і не паклаў надзеі ў грошах і багаццях.
9 Хто ён такі, і будзем яго хваліць? Бо даканаў цуды ў сваім народзе.
10 Хто выпрабаваны ў гэтым і стаў дасканалым? Будзе яму вечная слава! Хто мог прайсці міма і не прайшоў, хто мог чыніць зло, і не зрабіў?
11 Таму дабрыня яго вырашана ў Госпада, і пра яго міласціны раскажа кожны сход святых.
12 Аб стрыманасці: засеў ты за багатым сталом? Не разяўляй над ім глоткі сваёй першы.
13 Не кажы: «О, як многа на ім!»
14 Памятай, што вока хцівае ліхое; Бог ненавідзіць вока хцівае.
15 Што створана горшага за сквапнае вока? Таму яно плача на віду ўсяго.
16 Куды б яно ні глянула, не выцягвай ты першы рукі сваёй, бо, сквапнасцю апаганены, — засаромішся;
17 не пхніся з ім у міску.
18 Судзі аб сваіх блізкіх па самому сабе, ды пры кожным слове — падумай!
19 Карыстайся, як чалавек, з таго, што перад табой пакладзена, бо, калі будзеш есці шмат, — выклікаеш абрыду.
20 Дзеля выхаванасці першы перастань есці, ды не еш лішняга, каб каго не згоршыць.
21 І калі сядзіш паміж многіх, перш за іх не выцягвай рукі сваёй і першы не патрабуй піць.
22 Чалавеку выхаванаму хапае крыху віна! Тады ў час сну не будзеш мучыцца ад яго і не будзеш адчуваць болю.
23 Бяссонніца, халера і рэзь у жываце ў чалавека, які пераеў.
24 Здаровы сон у чалавека стрыманага: будзе спаць аж да раніцы, і душа яго будзе з ім захапляцца.
25 І калі будзеш змушаны многа есці, устань з асяроддзя, вырыгай; і стане табе лягчэй, і не давядзеш цела свайго да хваробы.
26 Слухай мяне, сыне, і не грэбуй мною, і ў далейшым прызнаеш напаміны мае.
27 Ва ўсёй дзейнасці сваёй будзь стрыманы, і ніякая хвароба не спаткае цябе.
28 Шчодрага на балях дабраславяць многіх вусны, і сведчанне пра яго дабрыню — праўдзівае;
29 супраць скнары на балі будзе шушукацца горад, ды пасведчанне пра яго скупасць будзе праўдзівае.
30 У піцці віна не рызыкуй; бо многіх згубіла віно.
31 Як у печы выпрабоўваецца цвёрдасць сталі закалкаю, так віно выпрабоўвае ў звадцы сэрцы пыхліўцаў.
32 Віно людзям, як жыццё, калі будзеш піць яго ў меру.
33 Якое жыццё таго, хто не п’е віна?
34 Хто падманвае жыццё? Смерць.
35 Віно створана на развесяленне людзей, і не на п’янства — ад пачатку.
36 На падняцце душы, і на радасць і асалоду сэрца — віно, выпітае ў меру, у свой час;
37 здароўе для душы і цела — здаровы напітак.
38 Віно, зашмат выпітае, выклікае шаленства, і гнеў, і загубу вялікую.
39 Горыч для душы — віно, калі п’юць яго многа, у злосці і звадцы.
40 П’янства павялічвае шалёнасць неразумнага на яго загубу, аслабляючы яго моц ды калечачы.
41 На балі пры піцці віна не ўпікай блізкага, ды не выказвай яму пагарды ў яго весялосці;
42 не кажы яму слоў знявагі і не дражні яго, чагосьці дамагаючыся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 31 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017