Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 11 Эклезіясціка 11 разьдзел

1 Мудрасць упакоранага падыме яму галаву ды пасадзіць яго між магнатамі.
2 Не хвалі чалавека па выглядзе яго ды не брыдзься чалавекам дзеля нязграбнага выгляду яго.
3 Малая пчала між лятаючымі, а першынство мае салодкасцю плода свайго.
4 Не ганарыся ніколі адзеннем, ані ў дзень славы сваёй не ўзнасіся, бо цудоўныя ёсць толькі творы аднаго Узвышняга, і не даступны і не бачны людзям творы Яго.
5 Многа тыранаў сядзела на зямлі ды той, аб кім і не думалі, насіў дыядэму.
6 Многія магнаты былі абясслаўлены, і праслаўленыя былі аддадзены ў рукі іншых.
7 Не вінаваць нікога, перш чым не разведаеш, а калі разведаеш, абвінавачвай справядліва.
8 Не адказвай, пакуль не выслухаеш, і ўмешвацца ў гаворку не варта.
9 Не спрачайся ў справе, для цябе не патрэбнай, ды не ўдзельнічай у судзе грэшнікаў.
10 Сыне, не бярыся за многія справы; і калі паспяшаешся, не застанешся без віны: бо калі будзеш пераследаваць — не схопіш, і калі ўцякаеш — не ўцячэш.
11 Чалавек працуе, і спяшаецца, і перажывае, і ўсё-такі жыве ў недастатку.
12 Іншы кволы, мае патрэбу ў падтрымцы, болей мае патрэбу ў сіле, і багаты на недастатак;
13 і вока Божае глядзіць на яго з дабратою, ды падымае Ён яму галаву: і многія дзівяцца з гэтага.
14 Дабро і зло, жыццё і смерць, убогасць і багацце — ад Бога.
15 Мудрасць, і навука, і веданне закону — ад Госпада, любоў і дарогі добрых — у Яго.
16 Блуканне і поцемкі для грэшнікаў створаны; яны ж цешацца ў злачынствах, у злачынстве старэюць.
17 Дар Божы застанецца справядлівым, ды ўпадабанне Яго пяройдзе ў вечнасць.
18 Як хто разжыўся, скупа працуючы, і гэта будзе часткай узнагароды яго:
19 калі ён кажа: «Знайшоў сабе супачынак і цяпер буду пражываць толькі са сваіх дастаткаў», —
20 і ён не ведае, што час пройдзе і наблізіцца смерць, і ўсё пакіне іншым, і памрэ.
21 Цвёрда стой у законе тваім ды ў ім жыві, і, спаўняючы загады, дачакайся старасці.
22 Не дзівіся з дзеянняў грэшнікаў, а спадзявайся на Бога і трывай у сваёй працы.
23 Бо лёгка ў вачах Бога хутка ўзбагаціць беднага.
24 Дабраславенне Бога — у нязменнай узнагародзе справядлівага, і хутка прынясе плады поспех яго.
25 Не кажы: «Чаго мне яшчэ трэба? І якая мне будзе з гэтага карысць?»
26 Не кажы: «Усяго мне хапае; ды чаго мне цяпер сумаваць?»
27 У дзень памыснасці не забывайся пра беды, і ў дзень бед не забывайся пра памыснасць,
28 бо для Бога лёгка ў дзень смерці аддаць кожнаму чалавеку па яго шляхах.
29 Хвілінная бяда прымушае забыцца пра вялікую раскошу, і пры канцы чалавека адкрываюцца яго справы.
30 Пры жыцці не хвалі аніводнага чалавека, бо толькі пры канцы жыцця свайго пазнаецца чалавек.
31 Не ўвадзі ў дом свой абы-якога чалавека, бо многа ёсць подступаў у хітрага.
32 Бо як выходзяць вантробы і смярдзяць, і як курапатка, што трапіла ў клетку, і як дзікая каза ў пастцы, такое і сэрца пыхліўцаў; і, як шпіён, падглядае ён падзенне блізкага свайго.
33 Бо той, хто ставіць пасткі, дабро ператварае ў зло і на людзей выпрабаваных кладзе пляму.
34 Ад іскры адной разгараюцца вугалі, і ад аднаго ліхотніка разліваецца кроў; а чалавек грэшны цікуе на кроў.
35 Сцеражыся ліхога чалавека, бо ён спрычыняе беды; каб ён часам не наклаў на цябе плямы навек.
36 Дапусці да сябе чужынца — і ён увядзе цябе ў замяшанне, і адчужыць цябе ад тваіх найбліжэйшых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017