Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 3 Эклезіясціка 3 разьдзел

1 Дзеці мудрасці — сход справядлівых, і племя іх — паслухмянае і ўмілаванае.
2 Дзеці, слухайце параду бацькі, ды так рабіце, каб быць збаўленымі.
3 Бо Бог ушанаваў бацьку праз дзяцей і права маці сцвердзіў над сынамі.
4 Хто шануе бацьку — просіць за грахі, і ўстрымаецца ад іх, і ў дзень малення выслуханы будзе.
5 І хто шануе маці сваю, той быццам збірае скарбы.
6 Хто паважае бацьку свайго, будзе мець радасць у дзецях ды ў дзень малення свайго выслуханы будзе;
7 хто шануе свайго бацьку — даволі доўга жыць будзе, ды хто слухае бацьку, будзе супакаеннем маці.
8 Хто баіцца Госпада — той паважае бацькоў ды, быццам валадарам, служыць тым, што яго нарадзілі.
9 Дзейнасцю і словам шануй бацьку свайго,
10 каб супачыла на табе дабраславенства яго.
11 Дабраславенне бацькі ўмацоўвае дамы дзяцей; а праклён маці выварочвае падмуркі.
12 Не ганарыся бясслаўем бацькі свайго, бо ганьба бацькі не прыносіць табе славы;
13 слава бо чалавека — з павагі да яго бацькі, і ганьба дзецям — маці без гонару.
14 Сыне! Прымі бацьку ў яго старасці ды не засмучай яго ў яго жыцці;
15 і калі ён розум страціць, будзь ласкавы да яго ды не пагарджай ім ва ўсе дні яго жыцця. Бо міласэрнасць да бацькі не будзе забыта,
16 бо замест грахоў яна ў цябе разрасцецца
17 і ў справядлівасці будзе пабудавана ў цябе; ды ў дзень смутку прыгадаецца табе, і, як лёд у цёплы дзень, знікнуць твае грахі.
18 О, якая вялікая ганьба таму, хто кідае бацьку; і пракляты Богам, хто гнявіць маці.
19 Сыне, справы свае спраўляй з лагоднасцю, ды будзеш любімы чалавекам, што даручае іх.
20 Хоць і важны ты — упакорвай сябе ва ўсім і знойдзеш ласку ў Бога. Шмат важных і слаўных людзей, але сціплым адкрывае Ён Свае таямніцы.
21 Вялікая бо магутнасць адзінага Бога, і пакорлівымі Ён праслаўлены.
22 Не шукай таго, што не пад сілу табе, ды не даследуй таго, што мацнейшае за цябе, але пра тое думай заўсёды, што загадаў табе Бог, і не будзь пільны ў многіх справах Яго.
23 Бо не патрэбна табе бачыць вачамі сваімі тое, што скрытае.
24 Не займайся шмат рэчамі непатрэбнымі;
25 бо многа, што перавышае розум чалавечы, аб’яўлена табе.
26 Многіх ужо звялі здагадкі іх, ды выгляд ліхі падмануў іх розум. Без зрэнкі не будзе святла, без ведаў адсутнічае мудрасць.
27 Для ўпорыстага сэрца будзе ліхое заканчэнне; і хто любіць небяспеку, прападзе ў ёй.
28 Сэрца, што ходзіць дзвюма дарогамі, не будзе мець поспеху; і сапсаваны сэрцам на іх будзе зведзены.
29 Ліхое сэрца набярэ бед, і грэшнік — дадасць грэх да граху.
30 На хваробы пыхліўцаў не будзе лякарства, бо куст граху запусціць у іх карані і не будзе разумення.
31 Сэрца разумнага зразумее словы мудрых, і вуха слухаючага зажадае мудрасці.
32 Сэрца мудрае і разумнае ўстрымаецца ад граху ды ў працах справядлівасці будзе мець поспех.
33 Вада тушыць палымнеючы агонь, так міласціна ачышчае грахі.
34 Бог ёсць Наглядчык таго, хто падае міласціну; Ён памятае пра яго ў будучыні, і той у час падзення свайго знойдзе апору.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017