Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 37 Эклезіясціка 37 разьдзел

1 Кожны прыяцель кажа: «І я пасябраваў з ім!»; але бывае прыяцель толькі з імя прыяцель. Ці ж сумаванне не падобнае аж да смерці,
2 калі сябар і прыяцель абарачваюцца ў ворага?
3 О ліхая пераваротнасць! Адкуль ты ўзялася, каб пакрыць зямлю злом і подступам сваім!
4 У памыснасці сябар цешыцца з прыяцелем, і ў час гора робіцца праціўнікам;
5 сябар памагае прыяцелю ў працы з прычыны жывата, і ў час вайны возьмецца за шчыт.
6 Не забудзь пра прыяцеля твайго ў сваёй душы, і не забывай пра яго ў дастатку сваім.
7 Не шукай парады ў таго, хто на цябе цікуе, і перад зайздроснымі хавай свой намер.
8 Кожны дарадчык хваліць сваю параду, але ёсць дарадчык такі, што раіць у сваю карысць.
9 Сцеражы душу сваю ад дарадчыка, і перш даведайся, што яму трэба, — бо ён будзе думаць пра сваю душу, —
10 каб часам не кінуў на цябе жэрабя ды не сказаў табе:
11 «Добрая твая дарога», — а сам стане насупраць цябе, каб паглядзець, што станецца з табой.
12 Не райся з зайздросным і ад зайздроснага хавай свой намер; не райся з жанчынай, што да яе саперніцы; з баязлівым, што да вайны; з купцом, што да пазыкі, якую маеш узяць; з гандляром, што да продажу; са злосным, што да ўдзячнасці;
13 з бязбожным адносна пабожнасці; з несумленным, што да сумленнасці; з лянівым адносна нейкай працы;
14 з гадавым парабкам пра заканчэнне работы, з гультаяватым нявольнікам аб вялікай рабоце — не пакладайся на такіх ні пры якой парадзе.
15 Але з чалавекам пабожным падтрымай сяброўства, а таксама з тым, аб якім ведаеш, што беражэ прыказанні,
16 чыя душа, як твая душа, ды хто, калі ў поцемках будзеш блукаць, паспагадае табе.
17 І трымайся парады свайго сэрца; бо няма за яе нічога вярнейшага для цябе.
18 Душа чалавечая часам праўдзівейшае скажа, чым сем наглядчыкаў, што сядзяць на ўзгорку для наглядання.
19 І пра ўсё гэта ўмольвай Узвышняга, каб дарогай праўды тваёй кіраваў.
20 Хай кожную тваю дзейнасць папераджае слова праўды, ды перад кожным учынкам хай будзе заўсёдная парада.
21 Корань намераў у сэрцы, з якога паўстаюць чатыры галіны: дабро і зло, жыццё і смерць; і над гэтым язык мае поўную ўладу.
22 Бывае чалавек спрактыкаваны, знаўца многага, а для душы сваёй бескарысны.
23 Бывае хітра гаворыць і ненавісны; і такі застанецца без усякай ежы салодкай.
24 Не дадзена яму ласка Госпадам: пазбаўлены бо ён усякай мудрасці.
25 Бывае мудрэц для душы сваёй мудры, і плады яго ведаў — на целе яго.
26 Бывае мудрэц, што народ свой выхоўвае, і плады яго розуму верныя.
27 Мудры чалавек перапоўнены будзе дабраславеннямі, і ўсе, хто бачыць яго, назавуць шчасным.
28 Жыццё чалавека абмежавана лікам дзён, а дні Ізраэля без ліку.
29 Мудры набудзе славу ў свайго народа, і імя яго будзе жыць вечна.
30 Сыне, у жыцці сваім гартуй душу сваю і глядзі, калі што шкоднае ёй, не давай ёй таго.
31 Бо не ўсё карысна для ўсіх, і не кожнай душы ўсё падабаецца.
32 Не будзь сквапным ва ўсякім балі і не кідайся на ўсякую ежу.
33 Дзеля многіх бо страў узнікне хвароба, і хцівасць давядзе да расстройства жывата.
34 Ад пераядання многія памерлі, а хто ўмее паўстрымацца — прадаўжае жыццё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 37 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017