Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 9 Эклезіясціка 9 разьдзел

1 Не будзь раўнівы да жонкі сэрца свайго, каб не навучыць яе адносна сябе ліхой думцы.
2 Не давай жонцы ўлады над душой сваёй, каб не паднялася яна над уладаю тваёй на стыд табе.
3 Не выходзь насустрач распуснай жанчыне, каб часам не папасціся ў яе сетку.
4 Не жыві са спявачкай і не слухай яе, каб не прапасці часам ад яе мастацтва.
5 Не ўглядайся ў дзяўчыну, каб часам не згоршыцца дзеля прыгажосці яе.
6 Не аддавай ніякім чынам душы сваёй распусніцам, каб не згубіць сябе і сваю спадчыну.
7 Не аглядайся на бакі горада, каб не заблудзіць на яго вуліцах.
8 Адварочвай тваё аблічча ад красуні і не прыглядайся да чужой прыгажосці.
9 Дзеля прыгажосці жанчыны многія папрападалі, і дзеля гэтага жаданне, як агонь, загараецца.
10 З замужняй жанчынай не заставайся сам-насам ніколі ды не заставайся з ёй на застоллі з віном,
11 каб часам сэрца тваё не прыхілілася да яе ды каб душою сваёю не пайшоў ты на пагібель.
12 [Не сядзі перад старой жанчынай, калі яна стаіць, і не давай свайму сэрцу волі ў віне,]
13 [не дазваляй сэрцу свайму частых і многіх узліванняў, і крыві тваёй узгарацца ў гэтым.]
14 Не пакідай ранейшага сябра, бо новы не зраўняецца з ім.
15 Сябар новы — тое, што віно новае: калі яно зробіцца старым, з прыемнасцю будзеш піць яго.
16 Не зайздросці славе і багаццю грэшніка; бо не ведаеш, які будзе канец яго.
17 Хай не падабаецца табе памыснасць зайздрасці несправядлівых, ведай, што яны аж да самага пекла не апраўдаюцца.
18 Аддаляйся ад чалавека, які мае ўладу забіваць, ды не спазнаеш страху смерці;
19 і калі будзеш мець дачыненне да яго, не дапускайся нічога, каб часам не пазбавіў ён цябе жыцця.
20 Ведай, што ты саўдзельнік смерці, бо будзеш хадзіць паміж пастак ды паміж сілоў будзеш хадзіць.
21 Па магчымасці тваёй добра абыходзься з блізкім тваім і прасі парады ў мудрых і разважлівых.
22 І дзяліся думкамі сваімі з разумным чалавекам, ды ўся размова твая хай будзе ў прыказаннях Узвышняга.
23 Хай тваімі субяседнікамі будуць людзі справядлівыя, ды ганарыся ты страхам Божым.
24 Творы рук мастакоў ёсць іх слава, і кіраўнік народа славіцца мудрасцю мовы сваёй, а розум старэйшыны — слова яго.
25 Страшны ў горадзе сваім чалавек языкаты, ды ненавісным будзе неразумны ў слове сваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017