Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 10 Эклезіясціка 10 разьдзел

1 Мудры суддзя накіруе народ свой, і кіраванне разумнага будзе трывалым.
2 Які суддзя народа, такія і памочнікі пры ім, ды які загадчык горада, такія і яго жыхары.
3 Цар неразумны загубіць народ свой, і будуць населены гарады дзякуючы разумнасці кіраўнікоў.
4 У руцэ Бога — улада на зямлі, ды ў свой час пакліча Ён карыснага правіцеля.
5 У руцэ Бога — памыснасць чалавека, і ў асобе заканадаўцы Ён пакладзе славу сваю.
6 За кожную крыўду блізкага не адгаджайся ды нічога не рабі ў справе пыхлівасці.
7 Перад Богам і людзьмі пыхлівасць ёсць ненавісная, і для абодвух яна з’яўляецца адною пакутаю страшнай.
8 Валадаранне пераходзіць ад народа да народа па прычыне несправядлівасцей, і крыўды, і грошай вераломных.
9 Няма нічога горшага за чалавека сквапнага, такі бо і душу сваю на продаж мае.
10 Чаго пыхлівяцца зямля і попел? Таму што пры жыцці сваім выкідаюць сваё нутро.
11 Доўгаю хваробаю лекар брыдзіцца, кароткая хвароба супакойвае лекара.
12 Ва ўсякага валадарання — кароткае жыццё; так і цар: сёння ёсць, а заўтра памрэ.
13 Калі бо чалавек памрэ, ён атрымае ў спадчыну змеяў, і жывёлу, і чарвякоў.
14 Пачатак пыхлівасці чалавека — адварочванне ад Бога;
15 і адварочваецца сэрца яго ад Таго, Хто стварыў яго. Бо пачатак усякага граху — пыхлівасць, хто трымаецца яе — атрымлівае праклён, і таго вынішчыць Ён дашчэнту.
16 Таму Госпад учыніў дзіўныя кары за грахі, ды такіх вынішчыў цалкам.
17 Бог перавярнуў пасады ўладароў пыхлівых і замест іх пасадзіў пакорных.
18 Бог вырывае з каранямі пыхлівыя народы, а замест іх насаджае пакорныя.
19 Госпад спустошыў землі паганаў ды разбурыў іх аж да падмуркаў.
20 Ён высушвае іх, і выгубляе іх, ды касуе памяць аб іх на зямлі.
21 Бог касуе памяць аб пыхліўцах і пакідае памяць аб пакорных розумам.
22 Пыха не створана для людзей, ані злоснасць — для народжаных ад жанчын.
23 Семя людзей шануецца дзеля таго, што баіцца Бога; а тое семя, што пераступае загады Госпада, шанавацца не будзе.
24 Між братоў у павазе кіраўнік іх, і ў вачах Госпада будуць тыя, што будуць баяцца Яго.
25 Падарожны, прыбылец і бедны: страх Божы — слава іх.
26 Не пагарджай чалавекам справядлівым і бедным ды не ўзвялічвай чалавека грэшнага і багатага.
27 Важны і магутны суддзя ў павазе, але важнейшы за яго той, хто баіцца Бога.
28 Нявольніку мудраму будуць служыць свабодныя; і разумны чалавек і вывучаны не будзе наракаць, прываблены.
29 Не ганарыся, выконваючы работу сваю, ды не хваліся ў час гора свайго.
30 Лепшы той, хто працуе і мае дастатак ва ўсім, чым той, хто хваліцца і патрабуе хлеба.
31 Сыне, пакораю праслаўляй сваю душу, а давай ёй харч і клопат па годнасці сваёй.
32 Хто апраўдае таго, хто грашыць супраць сваёй душы? Ды хто будзе паважаць таго, хто апаганіў душу сваю?
33 Ёсць убогі, якога паважаюць за веды яго і страх яго, і ёсць чалавек, якога паважаюць дзеля яго маёмасці.
34 А каго паважаюць у беднасці, тым больш яго паважаюць у багацці. І каго паважаюць па маёмасці, каб і ў беднасці!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017