Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 15 Эклезіясціка 15 разьдзел

1 Учыніць гэта той, хто Бога баіцца, ды хто трымаецца закону, будзе мець яе;
2 і яна пяройме яго, як пачэсная маці, і, як маладзіца, прыме яго.
3 Накорміць яго хлебам жыцця і розуму, ды напоіць яго вадою мудрасці збаўлення, і застанецца ў ёй,
4 і не зменіцца, і паверыць ёй, і не засаромеецца; і яна падыме яго перад блізкімі яго,
5 і на сходзе адчыніць яму вусны, ды напоўніць яго духам мудрасці і розуму і шатамі славы адзене яго,
6 узбагаціць яго прыемнасцю і радасцю; і вечнае імя атрымае ў спадчыну.
7 Неразумныя людзі не зразумеюць яе, а разумныя людзі пяроймуць яе; грэшныя людзі не ўбачаць яе, бо яна далёка ад пыхі і падману.
8 Людзі лжывыя не падумаюць аб ёй; а людзі праўдзівыя знойдуць сябе ў ёй, і будуць мець поспех аж да наведвання Божага.
9 Не ёсць прыгожая пахвала ў вуснах грэшніка,
10 бо не ад Бога дадзена яму; бо пахвала мудрасці застанецца ў Бога, і вусны мудрага скажуць пахвалу, і Валадар яе навучыць ёй.
11 Не кажы: «Ад Бога грэх мой», — бо што Ён ненавідзіць, таго Ён не чыніць.
12 Не кажы: «Ён увёў мяне ў зман», — бо не патрэбны Яму бязбожныя людзі.
13 Госпад ненавідзіць усякую ліхоту зману, і яна будзе нямілай усім, хто баіцца Яго.
14 Бог ад пачатку стварыў чалавека і пакінуў яго ў руцэ наканавання Свайго, ды аддаў яго ў рукі руплівасці Сваёй.
15 Даў яму загады і прыказанні Свае і разуменне спаўняць Яго волю.
16 Калі хочаш спаўняць загады, яны захаваюць цябе; калі будзеш спадзявацца на Яго — таксама ты будзеш жыць.
17 Прапанаваў табе ваду і агонь, чаго хочаш — працягні сваю руку.
18 Перад чалавекам: жыццё і смерць, дабро і зло: што табе падабаецца, будзе табе дадзена.
19 Бо вялікая мудрасць Божая, і магутны Ён уладаю, бачачы ўсіх без перашкоды.
20 Вочы Госпада — на тых, што баяцца Яго, і Ён пазнае ўсякую дзейнасць чалавека.
21 Нікому Ён не загадвае блага рабіць, ды нікому не дае магчымасці грашыць.
22 Не жадай многа дзяцей няверных і злачынных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017