Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 27 Эклезіясціка 27 разьдзел

1 Многія дапускаюцца граху дзеля прыбытку; і той, што стараецца разбагацець, адварочвае сваё вока.
2 Як між змацаваных камянёў убіваецца слуп, так і між продажам і купляй улазіць грэх.
3 [Калі не будзеш трымаць сябе ў страху Госпадавым, то адразу ж і хутка разваліцца твой дом.]
4 Як пры трасенні рэшата застаюцца парушынкі, так застаецца бруд чалавека пры разважанні яго.
5 Гліняныя пасудзіны выпрабоўвае печ, і выпрабаванне справядлівых людзей — у бядзе.
6 Як догляд за дрэвам выяўляецца ў яго плодзе, так разумнасць сэрца чалавечага — у слове.
7 Не хвалі чалавека перад размовай: яна бо ёсць выпрабаванне людзей.
8 Калі будзеш шукаць справядлівасць, знойдзеш яе, ды адзенешся ёю, як шатамі славы, і зжывешся з ёю,
9 і яна захавае цябе павек, ды ў дзень прызнання знойдзеш апору.
10 Птушкі злятаюцца з падобнымі да сябе, і праўда вернецца да тых, хто яе здзяйсняе.
11 Леў заўсёды цікуе на здабычу, так грахі на тых, якія дапускаюцца злачынстваў.
12 Размова богабаязнага заўсёды прабывае ў мудрасці; неразумны ж змяняецца, як месяц.
13 Сярод неразумных скарачай час, а пасярод мудрых — падаўжай.
14 Размова неразумных — абрыдная, і смех іх — у грэшных прыемнасцях.
15 Языкатасць з частымі прысягамі — падыме дыбам валасы на галаве, і звадка іх — хоць затыкай вушы.
16 Праліццё крыві — вынік звадкі пыхліўцаў, і цяжка слухаць іх праклёны.
17 Хто раскрывае тайны — траціць давер сябра, ды не знойдзе сябра па душы сваёй:
18 любі сябра ды будзь яму верны,
19 бо калі адкрыеш тайны яго, не ганіся болей за ім.
20 Як бо чалавек, што страціў таго, хто памёр, так і ты, што страціў сяброўства блізкага свайго;
21 і як хто выпусціў птушку з рукі сваёй, так ты адпіхнуў блізкага свайго і ўжо не вернеш яго.
22 Не бяжы за ім, бо ён далёка; уцёк бо ён, як сарна з сеткі, бо скалечана яго душа,
23 болей не зможаш яго затрымаць. Гэта пагаджэнне з праклятым,
24 адкрыць жа тайны сябра — гэта знішчэнне надзеі.
25 Хто міргае вокам — задумвае ліха; хто ведае яго, адступіцца ад яго.
26 Перад вачамі тваімі ён асалодзіць свае вусны і будзе дзівіцца на твае словы; але ў рэшце рэшт перакруціць свае вусны і па словах тваіх зробіць закід.
27 Многа што я ненавіджу, і не параўноўваю з ім, і Госпад зневавідзіць яго.
28 Хто кідае камень угору, упадзе ён яму на галаву; і балючы ўдар падступнага
29 Той, хто капае дол, сам у яго ўваліцца, і хто прыгатаваў камень блізкаму, сам ударыцца аб яго, і хто ставіць пастку іншаму, сам у яе трапіць.
30 Хто дае нядобрую параду, на таго абернецца яна, і не пазнае, адкуль прыйдзе на яго.
31 Ганьба ды знявага — пыхліўцу, і помста, як леў, будзе цікаваць на яго.
32 У сетку трапяць тыя, якія цешацца з падзення справядлівых, боль жа паразіць іх перш, чым памруць.
33 Гнеў і абурэнне — абодва абрыдныя, і грэшнік з’яўляецца ўдзельнікам іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017