Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 45 Эклезіясціка 45 разьдзел

1 умілаванага Богам і людзьмі Майсея, аб якім памяць дабраславёна.
2 Учыніў яго падобным да святых у хвале і ўзвялічыў яго на страх непрыяцеляў, і ён сваімі словамі паскорыў знакі.
3 Уславіў яго ў прысутнасці цароў, і даў яму права адносна Свайго народа, і паказаў яму хвалу Сваю.
4 Усвяціў яго праз вернасць і ласкавасць, ды выбраў яго з усіх жывучых.
5 Даў яму пачуць голас Свой і ўвёў яго ў цёмную хмару;
6 і даў яму твар у твар прыказанні, і закон жыцця, і веды, каб навучыць Якуба Свайму прымірэнню і законам Сваім — Ізраэль.
7 Узвысіў таксама Аарона, падобнага ў святасці да яго, брата яго з пакалення Левія.
8 Учыніў з ім вечнае прымірэнне, ды даў яму святарства ў народзе, ды ўшчаслівіў яго славаю,
9 ды падперазаў яго поясам славы. І апрануў яго дасканалым упрыгожаннем, і ўпрыгожыў яго рэчамі годнасці:
10 даў яму порткі, і туніку, і ефод, і падперазаў яго залатымі званочкамі, і кругом надта многімі яблыкамі граната,
11 каб выдавалі гук пры хадзе яго, каб чуўся гук у святыні на памяць сынам Свайго народа.
12 Апрануў яго святымі шатамі з золата, і гіяцынту, і пурпуру, судзейскім наперснікам тканай работы і поясам —
13 вітым, ярка-чырвоным, мастацкай работы, над наперснікам — каштоўныя камяні ў залатой аправе, гранёнай работы, з выразаным на памяць надпісам паводле ліку пакаленняў Ізраэля.
14 Аздобіў вянком залатым мітры яго, бляхай з пячаццю святасці — славай годнасці, мастацкім творам і пажаданнем вачэй, дасканалай красой.
15 Ніколі перад тым спрадвеку не бачана такіх рэчаў;
16 ніхто чужы не ўбярэцца так ніколі, адно толькі яго сыны ды нашчадкі яго за ўвесь час.
17 Ахвяра цэласпалення яго спальваецца на агні штодзень, заўсёды, двойчы.
18 Майсей напоўніў рукі яго і намасціў яго святым алеем.
19 Гэта сталася для яго вечным прымірэннем і для яго патомства, як доўга будуць трываць нябёсы; каб служыў ён Яму і выконваў святарскія абавязкі і каб дабраслаўляў народ свой у Яго імя.
20 Выбраў Ён яго з усіх жывучых, каб ускладаць ахвяру Богу, кадзіла і тук, і каб успаляць мілы пах на памяць і ўміласціўляць за народ свой.
21 І даў яму ўладу адносна прыказанняў Сваіх у сведчаннях судоў: каб вучыць сведчанням ды асвячаць Ізраэль у Яго законе.
22 Паўсталі бо супраць яго чужыя і пазайздросцілі яму ў пустыні людзі, якія былі з Датанам і Абірам, і шайка Корэ ў гневе абурэння свайго.
23 Госпад Бог убачыў, і гэта Яму не спадабалася, і абурэннем гневу Яго яны былі знішчаны.
24 Ён учыніў для іх цуды, і спаліў іх у полымі агню.
25 Ды павялічыў славу Аарона і даў яму спадчыну, і прызначыў яму пяршыні пладоў зямлі.
26 Перш за ўсё прыгатаваў ім хлеба да сытасці, бо і ахвяры Госпада спажываюць тое, што даў Ён яму і патомству яго.
27 Але ён не будзе мець спадчыны ў зямлі народа і не мае ён часткі ў народзе: бо ён сам частка яго і спадчына.
28 І Пінхас, сын Элеазара, — трэці па славе, таму, што руплівасць паказаў у страху Госпадавым;
29 і цвёрда стаў у час разрыву за народ, у дабраце і гатоўнасці сваёй душы і гэтым уміласцівіў Бога для Ізраэля.
30 Таму заключыў Ён з ім прымірэнне супакою, каб быў ён кіраўніком святынь і народа свайго, каб яму і яго патомству належала годнасць святарства ў векі.
31 І заключыў прымірэнне з Давідам царом, сынам Ясэя, з пакалення Юды, што спадчына чалавека — перад славай яго, спадчына Аарона і патомства яго хай дасць вам мудрасць у вашыя сэрцы, каб судзіць народ свой справядліва, каб не прападала іх маёмасць ды хвала іх у вечных пакаленнях.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 45 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017