Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 24 Эклезіясціка 24 разьдзел

1 Пахвала мудрасці. Мудрасць будзе славіць сама сябе, ды будзе мець пашану ў Бога, ды сярод свайго народа будзе ўсхвалена,
2 ды на сходзе Узвышняга адкрые яна свае вусны і на віду велічы Яго атрымае пахвалу,
3 і сярод свайго народа будзе ўзвышана, ды ў святой супольнасці на яе будуць дзівіцца;
4 ды ў супольнасці выбраннікаў атрымае пахвалу, і сярод дабраславёных будзе дабраславёна, кажучы:
5 «Я выйшла з вуснаў Узвышняга, першародная перад усім стварэннем.
6 Я ўчыніла, што на небе ўзышло святло безупыннае і, быццам воблака, пакрыла ўсю зямлю.
7 Абжылася я на самых вышынях, і пасад мой — на слупе воблачным.
8 Круг зямлі абышла я сама і хадзіла па бяздонню бездані,
9 стаяла я на хвалях мора, і на ўсёй зямлі,
10 і ў кожным народзе ды ў кожным пакаленні першынствавала,
11 і моцаю стаптала сэрцы ўсіх высакародных і пакорных. Ва ўсіх іх шукала я супачынку: у чыёй спадчыне буду прабываць?
12 Тады загадаў і сказаў мне Творца ўсяго, і Той, Хто стварыў мяне, даў мне адпачываць у палатцы маёй,
13 ды сказаў Ён мне: “Абжывіся ў Якуба і прымі спадчыну ў Ізраэлі, ды ў выбранніках Маіх запусці карані”.
14 Ад спрадвечнасці я створана, і ўжо вечна не перастану існаваць.
15 І ў святой палатцы, у Яго прысутнасці, стала я служыць ды так умацавалася я на Сіёне, ды, умілаваная падобна, супачыла я ў горадзе, і ў Ерузаліме — улада мая.
16 І ўкаранілася ў пачэсным народзе, і ва ўдзеле Госпада, у Яго спадчыне і ў супольнасці святых, — прабыванне маё.
17 Паднялася я, быццам кедр у Лібане ды як кіпарыс на гарах Гэрмона.
18 Вырасла, як пальма, у Энгадзі і, як ружавыя кусты, у Ерыхоне.
19 Як прыгожая аліва на раўніне ды як платан, узвысілася на плошчах каля вады.
20 Духмяная, як карыца і бальзам, я разлілася пахам; як міра адборная дала прыемны водар.
21 І як стыракс, і гальбан, і духмяная мазь, і бурштын,
22 я, як тэрэбініт, раскінула свае галінкі, і галіны мае — галіны гонару і ласкі.
23 Я, як вінаградны куст, выпусціла ласку, і кветкі мае — плады славы і сумленнасці.
24 Я маці прыгожай любові, і страху, і прызнання, і святой надзеі.
25 Ува мне — ласка ўсякай дарогі, і праўды, ува мне — усякая надзея жыцця і дабрадзейнасці.
26 Прыходзьце да мяне ўсе, хто мілуе мяне, ды напаўняйцеся маімі пладамі.
27 Павучэнне бо маё саладзейшае за мёд і спадчына мая большая плястара мёду;
28 памяць аба мне — у вечныя пакаленні.
29 Хто смакуе мяне, далей прагнуць будзе, і хто п’е мяне, далей будзе смагнуць.
30 Хто слухае мяне — не засароміцца, і хто супрацоўнічае са мной — не зграшыць:
31 хто зразумее мяне, вечнае жыццё мець будзе».
32 Гэта ўсё — кніга запавету Узвышняга,
33 гэта закон, які даручыў нам Майсей, — спадчына для дома Якуба.
34 Паставіў для яго юнака свайго Давіда, узбудзіўшы ў ім наймужнейшага цара, які сядзіць на пасадзе славы ў векі вечныя.
35 Закон, што, як Пішон запаўняе мудрасцю, і як Тыгр у дні новых пладоў,
36 напаўняе розумам, як Эўфрат ды як Ярдан у час жніва,
37 што, як Ніл, навадняе навукаю і, як Гэон, дапамагае ў час збору вінаграду.
38 Першы не змог пазнаць яе, так і апошні не прасочыць яе.
39 Бо разважанне яе паўнейшае за мора і намер яе — па-над бяздоннем.
40 Я, мудрасць, выліла рэкі,
41 я, як шлях вялікай вады з ракі ды як акведук, выйшла ў рай.
42 Сказала я: «Навадню мой агарод раслінны, ды палью плады лугоў маіх».
43 І вось, вадаправод замяніўся мне ў раку, ды мая рака паплыла ў мора.
44 Бо павучэнне асвячу, як зрэнку, і распавяшчу яго далёка.
45 Выведаю ўсе падземныя часткі зямлі, і наведаю ўсіх спячых, ды асвячу ўсіх, маючых надзею ў Госпадзе,
46 затым разалью вучэнне, як прароцтва, ды пакіну яго ў пакаленнях навек і не спынюся перадаваць нашчадкам іх аж у век святы.
47 Глядзіце, што я працаваў не толькі для сябе, але для ўсіх тых, што яе шукаюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017