Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 51 Эклезіясціка 51 разьдзел

1 Малітва Ісуса, сына Сіраха: «Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе Валадару; і буду хваліць Цябе, Бога, Збаўцу майго.
2 Буду вызнаваць імя Тваё, бо стаў Ты для мяне Успаможцам і Абаронцам,
3 і Ты вызваліў цела маё ад загубы, ад пасткі ліхога языка і ад ілжывых вуснаў, і ад супраць мяне паўстаўшых, Ты стаў для мяне Успаможцам.
4 І вызваліў мяне дзеля вялікай міласэрнасці і імя Свайго ад пастак, падрыхтаваных, каб мяне з’есці,
5 ад рук, шукаючых душы маёй, ды ад многіх бед, што нахлынулі на мяне,
6 ад націску агню, які акружыў мяне, і з сярэдзіны агню, дзе я не згарэў;
7 ад глыбокага нутра пекла, і ад ачарняючага языка, і ад слова лгарства, і ад стралы языка несправядлівага.
8 Душа мая наблізілася аж да смерці,
9 ды жыццё маё было блізка да пекла на дне.
10 Зусюль яны акружылі мяне, і не было таго, хто б мне дапамог; шукаў я дапамогі людзей, і не прыйшла яна.
11 Тады ўспомніў пра міласэрнасць Тваю, Госпадзе, і дзейнасць Тваю спрадвечную,
12 бо ратуеш тых, што пакладаюцца на цябе, Госпадзе, і вызваляеш іх з рук ліхотнікаў.
13 Падняў я з зямлі маленне маё і прасіў аб вызваленні ад смерці.
14 Прызваў Госпада: «Ты Айцец мой, не кідай мяне ў дзень майго гора ды ў час пыхліўцаў — без дапамогі.
15 Буду без перапынку славіць імя Тваё і буду хваліць Яго ў вызнанні». І выслухана было маленне маё.
16 І вызваліў Ты мяне ад загубы, і вырваў мяне ў час ліхі.
17 Таму буду вызнаваць Цябе і хваліць Цябе буду, ды дабраслаўляць імя Госпада.
18 Калі яшчэ малады быў, пакуль стаў падарожнічаць, шукаў слуп мудрасці ў мальбе маёй;
19 перад святыняй прасіў у малітве пра яе, і аж да канца буду шукаць яе, і расцвіла яна, як скараспелы вінаград.
20 Узрадавалася з яе маё сэрца, нага мая пайшла простаю дарогаю, ад юнацтва свайго ішоў яе слядамі.
21 Нахінуў крыху вуха сваё і атрымаў яе,
22 і знайшоў я для сябе самога мудрасць, і меў вялікі поспех у ёй;
23 Таму, Хто дае мне мудрасць, аддам пахвалу.
24 Я бо рашыўся дзейнічаць паводле яе; і знайшоў дабро, і не пасаромлюся.
25 Душа мая дзейнічала дзеля яе, і ў справах маіх я быў дакладны.
26 Рукі свае выцягнуў я ўвысь і непазнавальнасць яе зразумеў.
27 Душу сваю накіраваў я да яе і старанна выконваў закон.
28 З ёю ад пачатку памясціў сэрца, дзеля таго не буду пакінуты.
29 Нутро маё ўзрушылася, каб шукаць яе; таму здабыў я добры здабытак.
30 Даў мне Госпад за плату язык мой, і ім буду славіць Яго.
31 Прыблізьцеся да мяне, ненавучаныя, ды збярыцеся ў дом навучэння.
32 Што вы яшчэ марудзіце ў гэтым, калі душы вашы прагнуць моцна?»
33 Адкрыў я вусны свае і сказаў: «Бярыце сабе без срэбра,
34 і нахіліце шыю вашу пад ярмо, і хай душа ваша ўспрымае павучанне: яго бо можна знайсці блізка.
35 Пабачце вачамі вашымі, што я мала папрацаваў ды знайшоў сабе вялікае супакаенне.
36 Набудзьце вучэнне за вялікую колькасць срэбра і здабудзеце за яго вельмі многа золата.
37 Хай цешыцца душа ваша ў міласэрнасці Яго, і не пасаромеецеся ў Яго славе.
38 Выконвайце справу вашу перад часам, і Ён дасць вам узнагароду вашу ў свой час».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 51 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017