Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 22 Эклезіясціка 22 разьдзел

1 Лянівец падобны да бруднага каменя, і ўсе пасвішчуць дзеля яго ганьбы;
2 гультай будзе прыраўняны да каровінага гною: і кожны, хто дакранецца да яго, хай абтрасе рукі.
3 Ганьба бацьку дзеля сына, блага выгадаванага, дачка ж, блага выгадаваная, родзіцца на прыніжэнне.
4 Разумная дачка ёсць багацце для свайго мужа, бо дачка, якая сорам прыносіць, становіцца ганьбай для бацькі.
5 Нахабная дачка засароміць бацьку і мужа; у абодвух жа не будзе ў пашане.
6 Музыка ў смутку — аповед не ў свой час; настаўленне і веды — заўсёды мудрыя.
7 Хто вучыць неразумнага — як быццам той, хто склейвае чарапкі;
8 той, хто расказвае слова глухому — як быццам той, хто будзіць спячага ад глыбокага сну.
9 Навучаць неразумнага мудрасці — са спячым гаварыць, і ён у канцы апавядання запытае: «Хто гэта?»
10 Плач над памерлым, бо страціў святло, і над дурнем плач, бо страціў розум.
11 Меней плач над памерлым, бо ён супачыў;
12 а жыццё неразумнага горшае за смерць.
13 Жалоба па памерлым трывае сем дзён, а па неразумным і бязбожным — праз ўсе дні іх жыцця.
14 З дурнем доўга не гавары і з неразумным не адыходзь.
15 Сцеражыся яго, каб не мець прыкрасці ды каб не спаганіцца праз сустрэчу з ім.
16 Ухіляйся ад яго, і знойдзеш супачынак, і не зазнаеш смутку дзеля яго неразумнасці.
17 Што цяжэйшае за волава? Ды як яго інакш назваць? Дурань!
18 Лягчэй несці пясок, і соль, і кавалак жалеза, чым пераносіць чалавека неразумнага, і ліхога, і бязбожнага.
19 Зруб драўляны, умураваны ў падмурак будыніны, не пахіснецца; так і сэрца, умацаванае абдуманым рашэннем, не пахісне ніякі страх.
20 Сэрца, умацаванае ў разумным рашэнні, як аздоба на гладкай сцяне.
21 Як слупы на высокіх месцах і друз, які пакінулі, не выкарыстаўшы, не ўстаяць супраць ветру,
22 так і баязлівае сэрца ў рашэнні дурнога не ўстаіць перад націскам страху.
23 [Удар па воку выціскае слёзы, і хто закранае сэрца, выклікае прыязь.]
24 Хто кідае каменем у птушак, адганяе іх; так хто зневажае прыяцеля, спыняе сяброўства.
25 Калі выцягнеш меч на прыяцеля, не перажывай: ёсць бо паваротная дарога,
26 калі адчыніш вусны свае супраць прыяцеля, не бойся: ёсць бо прымірэнне;
27 толькі праз знявагу, і пагарду, і пыхлівасць, ды выяўленне сакрэту і ўдар здрады — праз гэта адвернецца кожны прыяцель.
28 Зберажы вернасць прыяцелю ў бядзе яго, каб удзельнічаў ты і ў яго дабрабыце;
29 у час яго гора будзь яму верны, каб і ў спадчыне яго спадкаемцам быць.
30 Перад полымем у печы — пара і дым; так і перад праліццём крыві: праклёны, і знявагі, і пагрозы.
31 Абараняць прыяцеля — не буду саромецца, ды перад ім не буду скрывацца; і калі што благое здарыцца праз яго — перанясу:
32 кожны, хто пачуе, будзе сцерагчыся ад яго.
33 Хто паставіць варту для вуснаў маіх ды пячаць мудрасці на вусны мае, каб мне не ўпасці ад іх, ды каб не загубіў мяне мой язык?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017