Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 33 Эклезіясціка 33 разьдзел

1 Не сустрэнуцца няшчасці таму, хто баіцца Госпада, але ў выпрабаванні Бог ізноў зберажэ яго і вызваліць ад ліха.
2 Мудры чалавек не ненавідзіць прыказанняў і справядлівасці і не будзе хістацца, як карабель пад час буры.
3 Разумны чалавек верыць слову Божаму, і закон яму верны, як той, хто адказвае на пытанне.
4 Прыгатуй словы і так будзеш па просьбе выслуханы, і захаваеш настаўленне, і тады адкажаш.
5 Як кола ў возе, так нутро неразумнага, і як вось, што круціцца, — думанне яго.
6 Кплівы прыяцель падобны да жарабца, што ржэ пад кожным ездаком.
7 Чаму адзін дзень лепш другога, хоць святло ўвесь год паходзіць ад сонца?
8 Мудрасцю Госпада яны падзелены,
9 і Ён змяніў часы і святы іх.
10 Адных з іх узвысіў і ўзвялічыў Бог, і іншых памясціў у лік дзён. І ўсе людзі — з парахна, і Адам быў створаны з зямлі.
11 У поўні мудрасці Сваёй Госпад раздзяліў іх і змяніў іх шляхі:
12 адных дабраславіў і ўзвысіў, і другіх усвяціў і да Сябе нахіліў; іншых пракляў і ўпакорыў, і вывеў іх з месца іх прабывання.
13 Як гліна ганчара ў руцэ яго, якую ён фармуе
14 і вылеплівае па волі сваёй, так і чалавек у руцэ Таго, Хто яго стварыў; і аддасць Ён кожнаму па Свайму рашэнню.
15 Насупраць зла — дабро, і насупраць смерці — жыццё; так і насупраць чалавека справядлівага — грэшнік. Таму глядзі на ўсе творы Узвышняга: два і два, і адно супраць аднаго.
16 І я апошні добра папрацаваў, і як той, хто збірае астатнія ягады пасля зборшчыкаў вінаграду,
17 з дабраславення Госпада і ён атрымаў карысць, і як той, хто збірае вінаград, напоўніў тоўчню.
18 Зважце, што я не для сябе самога папрацаваў, але для тых усіх, хто шукае настаўлення.
19 Слухайце мяне, магнаты народа, і ўцямце, кіраўнікі сходу.
20 Ані сыну, ані жонцы, ані брату, ані прыяцелю не давай улады над сабой, пакуль жывеш ты; і не аддавай другому маёмасці сваёй, каб часам ты не пашкадаваў і не мусіў прасіць яе.
21 Пакуль ты яшчэ жывеш і дыхаеш, не замяняй сябе самога нікім.
22 Лепш бо, каб твае дзеці прасілі цябе, чым каб ты мусіў глядзець на рукі сваіх дзяцей.
23 Ва ўсіх справах тваіх будзь галоўным,
24 каб не даваць заганы славе сваёй. У дзень спынення дзён жыцця свайго ды ў час смерці тваёй падзялі спадчыну сваю.
25 Корм, і палка, і цяжар — для асла; хлеб, і настаўленне, і праца — для нявольніка.
26 Давай працаваць нявольніку, і знойдзеш адпачынак; паслаб рукі яму, і стане шукаць свабоды.
27 Ярмо і рэмень згінаюць карак, і згінаюць нявольніка заўсёдныя заняткі.
28 Нявольніку ліхому — мукі і кайданы; пасылай яго на работу, каб не быў без зянятку: бо лянота навучае вялікаму злу.
29 Стаў яго да працы, так бо яму належыцца; а калі ён не будзе слухаць, сагні яго кайданамі, але не строга, не ўсё цела; аднак не рабі нічога важнага без роздуму.
30 Калі маеш аднаго нявольніка, хай будзе табе, як твая душа, бо ты будзеш, як ён у табе, мець патрэбу ў ім.
31 Калі маеш аднаго нявольніка, абыходзься з ім так, як з братам, бо ты не маеш чаго гневацца на кроў душы сваёй.
32 Калі скрыўдзіш ты яго несправядліва, ён уцячэ;
33 і калі, падняўшыся, пабяжыць, на якой дарозе шукаць яго будзеш?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 33 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017