Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 29 Эклезіясціка 29 разьдзел

1 Хто міласэрны, пазычае сваіму блізкаму, і хто дапамагае яму сваёй рукой, спаўняе прыказанні.
2 Пазыч твайму блізкаму ў яго патрэбе, і зноў жа аддай блізкаму свайму ў свой час.
3 Стрымай слова ды будзь верны яму, і ў кожны час знойдзеш тое, што табе патрэбнае.
4 Многія лічаць пазыку за знаходку і спрычыняюць прыкрасць тым, што ім пазычаюць.
5 Пакуль атрымае, цалуе рукі таму, хто пазычае, і аб маёмасці блізкага гаворыць ціхім голасам;
6 а калі патрэбна аддаваць, будзе патрабаваць часу, і аддасць са словамі незадавальнення і мармытаннем, і будзе жаліцца на час.
7 Калі ж зможа аддаць, працівіцца; ледзь палову соліда аддасць і будзе гэта лічыць як бы знаходкай для таго.
8 А калі не зможа, падмане яго з грашамі яго і стане яму без прычыны ворагам.
9 Аддасць узамен яму праклёны і нараканні, ды замест пашаны і падзякі заплаціць яму знявагай.
10 Многія не пазычаюць не дзеля скупасці, але з боязні быць ашуканымі.
11 Усё ж такі будзь спагадным да беднага і не марудзь даць яму міласціну.
12 Дзеля прыказання дапамажы беднаму і з прычыны яго беднасці не адпусці яго з пустымі рукамі.
13 Выдавай грошы на брата і сябра свайго, і не хавай іх пад каменем на загубу.
14 Усталюй скарб свой на прыказаннях Найвышэйшага, і карыснейшы табе будзе, чым золата.
15 Схавай міласціну для сэрца беднага, і гэта цябе выбавіць ад усякага няшчасця.
16 [Лепш за моцны шчыт ды цвёрдую дзіду супраць ворага твайго будзе ваяваць за цябе міласціна.]
17 [Добры чалавек паручыцца за свайго блізкага; а той, хто страціў сорам, адпіхнуў бы яго.]
18 Не забывай быць удзячным паручыцелю, бо даў ён за цябе сваю душу.
19 Грэшнік спустошыць маёмасць паручыцеля, а няўдзячны ў душы пакіне свайго збаўцу.
20 Паручальніцтва згубіла многіх сумленных людзей і пахіснула іх, як марская хваля;
21 [мужоў наймагутнейшых павыганяла з дамоў, і яны блукалі сярод чужынскіх народаў.]
22 Грэшнік за нішто мае дабрадзейнасці паручыцеля і дзеля карыслівасці без удзячнасці адпіхне свайго выбавіцеля.
23 [Дапамагай блізкаму па магчымасці сваёй, але глядзі на сябе, каб не папасціся ў тое ж.]
24 Галоўнае для чалавечага жыцця: вада, і хлеб, і адзенне, ды дом, каб схаваць сорам.
25 Лепшае жыццё беднага пад дахам з дошак, чым балі багатыя на чужыне без уласнага жытла.
26 Будзь задаволены малым, як і многім, і не пачуеш дакораў, што ты чужынец.
27 Што за жыццё хадзіць з дома ў дом, і там, дзе жывеш, як чужы, адчуваеш сябе няўпэўнена і вуснаў не адкрыеш.
28 Будзеш прыняты, і будзеш падаваць ежу і піццё без удзячнасці, пры тым пачуеш прыкрыя словы:
29 «Падыдзі, прыбылец, і прыгатуй стол, і, калі што маеш пад рукой, накармі мяне!»
30 «Уступі месца важнейшаму! Брат прыйшоў у госці да мяне, бо патрэбны яму дом мой».
31 Цяжка гэта чалавеку разумнаму: упіканне за бяздомнасць і дакаранне пазыкадаўцы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 29 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017