Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 36 Эклезіясціка 36 разьдзел

1 Злітуйся над намі, Божа ўсіх, і глянь на нас ды акажы нам святло міласэрнасці Тваёй!
2 І нашлі страх Свой на паганаў, якія не шукалі Цябе, каб пазнаць, што няма Бога, апрача Цябе, ды каб апавяшчалі яны пра вялікія дзеі Твае.
3 Выцягні Сваю руку супраць чужых народаў, каб убачылі яны магутнасць Тваю.
4 Як бо на віду іх аказаўся ў нас Святым, так перад намі выяві веліч Сваю ў іх,
5 каб яны пазналі, як і мы пазналі, што няма Бога апроч Цябе, Госпадзе.
6 Узнаві знакі ды паўтары цуды,
7 праслаў руку і ўзмацуй правае плячо,
8 выяві абурэнне і вылі гнеў,
9 знішчы праціўніка ды пакарай ворага.
10 Паскор час і прыпомні прадвызначэнне, каб славілі цуды Твае.
11 Хай у полымі гневу будзе знішчаны, хто хоча ўратавацца; і хай тыя, што крыўдзяць народ Твой, папрападаюць.
12 Сатры галовы валадарачых ворагаў, якія кажуць: «Няма нікога іншага, апроч нас!»
13 Збяры ўсе пакаленні Якуба і вазьмі іх у спадчыну, як было ад пачатку.
14 Пашкадуй Твой народ, над якім прызывана імя Тваё, — Ізраэль, які Ты назваў першародным Сваім.
15 Пашкадуй горад Твой святы Ерузалім, месца прабывання Твайго.
16 Напоўні Сіён веліччу Сваёй, ды хвалою Сваёю — святыню Сваю.
17 Дай сведчанне тым, што ад пачатку ёсць Твае стварэнні, і ўзбудзі казанні, якія гаварылі ў імя Тваё.
18 Дай узнагароду тым, якія Цябе падтрымліваюць, ды хай прарокі Твае акажуцца вернымі. Ды выслухай мальбы Сваіх паслугачоў,
19 паводле ўпадабання над Тваім народам, і вядзі нас дарогай справядлівасці; і хай ведаюць усе, хто жыве на зямлі, што Ты — Бог спрадвечны.
20 Чэрава ўспрымае ўсякую ежу, і ёсць ежа лепшая за другую;
21 язык адрознівае ежу з дзічыны, і разумнае сэрца — словы лжывыя.
22 Сэрца крывадушнае выклікае прыкрасць, і вопытны чалавек адплаціць яму.
23 Жанчына хай прымае мужа ўсякага [г. зн. такім, які ён ёсць], але дачка адна лепшая за другую.
24 Прыгажосць жанчыны радуе аблічча мужа свайго, ды на ўсякую палкасць чалавека наводзіць жаданне.
25 Калі пры тым у словах сваіх будзе мець спачуццё, і асалоду, і міласэрнасць, муж яе не будзе, як іншыя людзі.
26 Калі хто мае добрую жонку, мае пачатак памыснасці, помач для сябе і апору супакаення.
27 Дзе няма агароджы, там параскрадваюць вінаграднік; і ў каго няма жонкі, той будзе ўздыхаць, блукаючы.
28 Хто паверыць таму, хто не мае гнязда і хто блукае там, дзе не можа схавацца, як разбойнік, якога пераследуюць, бадзяецца з горада ў горад?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017