Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 42 Эклезіясціка 42 разьдзел

1 І будзеш сапраўды сціплы, і знойдзеш ласку ва ўсіх людзей. Саромся гэтага ўсяго: граху пры звяртанні ўвагі на асобу;
2 адварочвання ад закону Узвышняга і прымірэння; прысуду, які апраўдвае нават бязбожнага;
3 неразрахавання з сябрам і чужынцам і непрадстаўлення спадчыны чужынцу;
4 недакладнасці ў вазе і шалях, у заробку вялікім або малым;
5 пошуку сваёй карысці пры куплі і продажы; паблажлівасці ў выхаванні дзяцей і пускання крыві з бакоў нядбайнага нявольніка.
6 Адносна ліхой жонкі добрая ёсць пячаць; замыкай на ключ, дзе многа ёсць рук,
7 і калі што выдаеш, — выдавай у ліку і вазе; а ўсё, што даеш і прымаеш, — занатуй.
8 Не саромся настаўляць неразумнага і дурня, і састарэлага, які асуджаецца за распусту; і будзеш выхаваны ў праўдзе і прызнаны ўсімі людзьмі.
9 Дачка для бацькі — гэта схаваная ад іншых бяссонная ноч, клопат пра яе адымае сон: у маладосці яе, каб не стала часам распуснай, а ўзятая замуж, каб не была зненавіджана;
10 каб не спаганілася ў сваім дзявоцтве, ды бацькам сваім не стала цяжарам; каб, будучы заручанай мужам, часам не збегла, або каб, будучы замужняй, не аказалася няплоднай.
11 Над бессаромнай дачкой узмацні нагляд, каб калі не выставіла цябе на пасмешышча ворагам, на абмову ў горадзе і ўпіканне людзей і каб не асароміла цябе перад мноствам народа.
12 Хай не паказвае хараства ніводнаму мужчыне, ды між жанчынамі хай не прабывае;
13 бо як з адзення выходзіць моль, так і з жанчыны — пераваротнасць жанчыны.
14 Лепш бо злачыннасць мужчыны, чым ласкавая жанчына, і жанчына, якая сароміць, — гэта ганьба.
15 Такім чынам, успамяну цяпер пра справы Госпадавы і, што я ўбачыў, раскажу: у словах Госпадавых — справы Яго, і сталася рашэнне па волі Яго.
16 Як сонца, што свеціць, глядзіць на ўсё, так хвала Госпада напаўняе Яго творы.
17 Святыя Госпадавы не могуць расказаць пра ўсе Яго цуды. Узмацніў Госпад войскі Свае, каб усталявалася хвала Яго.
18 Ён прасачыў бяздонне і сэрцы людскія, і выкрыў іх хітрасці.
19 Бо Госпад пазнаў усе веды і паглыбіўся ў пячаць веку, абвяшчаючы тое, што мінула і што мае прыйсці, ды адкрывае Ён сляды таемных рэчаў.
20 Не пройдзе міма Яго ніводная думка, ды не скрыецца ад Яго ніводная гаворка.
21 Ён упарадкаваў вялікія падзеі мудрасцю Сваёй, адзін бо Ён перад вякамі і спакон вякоў; ані павялічваецца,
22 ані змяншаецца і не патрабуе нічыёй парады.
23 Якія жаданыя ўсе Яго справы і быццам іскра глядзяць.
24 Усе яны жывуць і трываюць у векі вечныя, і ў кожнай патрэбе ўсе Яму паслухмяныя;
25 усе падвойныя, адно супраць аднаго, і не зрабілі ніякай крыўды,
26 адзін аднаго ўмацоўвае дабром; ды хто насыціцца, гледзячы на Яго славу?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 42 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017