Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 34 Эклезіясціка 34 разьдзел

1 Чалавек неразумны мае пустыя і падманныя надзеі, і сонныя мроі захапляюць неразумных.
2 Ён як быццам хапае цень ды імчыцца за ветрам — так і той, хто верыць у начныя бачанні.
3 Бачанне сноў — аднаго за адным — перад абліччам чалавека падабенства аблічча.
4 Чым можа быць ачышчаны нячысты? І з ілгарства як можа выйсці праўда?
5 Варажба, і прадказанні з лёту птушак, і сон — мроі,
6 і, як у парадзіхі, сэрца творыць фантазіі. Хіба што ад Узвышняга будзе дадзена бачанне; не прывязвай да іх свайго сэрца!
7 Сны многіх увялі ў зман, і загінулі яны, пакладаючы надзею ў іх.
8 Слова закону здзейсніцца без падману, ды мудрасць у вуснах верных — споўніцца.
9 Чалавек, які падарожнічаў, многа ведае і той, хто шмат перажыў, мудра раскажа.
10 Хто неспрактыкаваны, мала ведае, а хто падарожнічаў — павялічыў веды.
11 [Многа чаго ўбачыў я ў сваіх вандроўках і звыш многіх слоў я зразумеў;]
12 не раз я быў у смяротнай небяспецы і дзякуючы вопыту ўратаваўся.
13 Дух тых, хто баіцца Госпада, — жыць будзе, і пад абаронай Яго — ён атрымае дабраславенне.
14 Надзея бо іх у Тым, Хто іх збаўляе, і вочы Божыя на тых, хто любіць Яго.
15 Хто баіцца Госпада, нічога не будзе баяцца і палохацца, бо Ён — яго надзея.
16 Шчасная душа таго, хто баіцца Госпада.
17 На каго глядзіць ён? І хто моц яго?
18 Вочы Госпадавы на тых, што баяцца яго: Ён Абаронца Магуты, моцная Апора,
19 Заслона перад спякотай і Засень — перад жарам поўдня.
20 Ахова ад спатыкнення і дапамога ад падзення, Ён падымае душу і асвятляе вочы, дае здароў’е ў жыцці і дабраславенне.
21 Госпад адзіны для тых, хто ідзе дарогаю праўды і справядлівасці.
22 Хто ўскладае ахвяру з дрэннага — тая ахвяра апаганеная, таму нямілыя ахвяры несправядлівых.
23 Дары ліхотнікаў Узвышні не адабрае і не глядзіць на прынашэнні нягодных, і ў мностве іх ахвяраў не ўміласцівяцца грахі іх.
24 Хто ўскладае ахвяру з маёмасці ўбогіх, той быццам прыносіць у ахвяру сына на вачах яго бацькі.
25 Хлеб тых, хто жыве ў нястачы, — жыццё ўбогіх; хто яго забірае, ёсць крывапівец.
26 Хто забірае хлеб, цяжка здабыты, быццам той, хто забівае блізкага свайго;
27 і кроў пралівае той, хто пазбаўляе платы работніка.
28 Калі адзін будуе, а другі руйнуе, дык якая карысць ім па-за працаю?
29 Калі адзін моліцца, а другі праклінае, чый голас пачуе Бог?
30 Калі хто абмываецца па дакрананні да трупа, ды зноў дакранаецца да яго, дык чым яму дапаможа абмыццё яго?
31 Так чалавек, які посціць за свае грахі і, вяртаючыся ад посту, робіць тое самае. Хто выслухае яго маленне? І чым яму дапаможа тое, што ён упакорыўся?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017