Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 14 Эклезіясціка 14 разьдзел

1 Шчасны чалавек, які не зграшыў словам вуснаў сваіх, ды не турбуе яго смутак злачынства.
2 Шчасны той, каго не асуджае душа яго і хто не згубіў сваёй надзеі.
3 Для чалавека скупога багацце не мае сэнсу, і нашто золата скнары.
4 Хто адмаўляе ў належным сваёй душы, для другіх збірае, і з дастаткаў яго іншы багата жыць будзе.
5 Хто для сябе ліхі, як для каго іншага добры будзе? І ён не пацешыцца з маёмасці сваёй.
6 Няма горшага чалавека за таго, хто скнара для сябе; і гэта адплата за яго ліхоту.
7 І калі ён добрае што робіць, то несвядома і пад прымусам, і затым выявіць сваю ліхоту.
8 Ліхое ёсць вока скнары, і ён адварочвае аблічча сваё і зверху глядзіць на іншых.
9 Ненасытнае вока хціўцы, не насыціцца тым, што мае, пакуль не знішчыць, высушваючы, сваю душу.
10 Ліхое хцівае вока прагне хлеба і пагарджае ежай сваёю.
11 Сыне, калі маеш магчымасць, дбай пра сваё дабро і ўскладай належныя ахвяры Богу.
12 Памятай, што смерць не марудзіць і прымірэнне памерлых, бо яно не адкрыта табе: прымірэнне бо гэтага свету: смерцю памрэ.
13 Перш, чым памрэш, добра рабі прыяцелю свайму і, па магчымасці сваёй, працягнуўшы руку, дай яму.
14 Не пазбаўляй сябе добрага дня, і доля хацення дабра хай не пройдзе міма цябе.
15 Ці не другім пакінеш маёмасць, здабытую з цяжкасцю, ды труды свае на падзел жэрабя?
16 Давай і бяры ды пацяшай сваю душу;
17 перад сконам сваім спаганяй справядлівасць, бо ў пекле не трэба шукаць прыемнасці.
18 Усё жывое старэецца, як адзенне і як лістота на дрэве, што прыносіць плады:
19 адны нараджаюцца, а другія ападаюць; такі род цела і крыві: адно ўмірае, а другое нараджаецца.
20 Усякі тленны твор у рэшце рэшт знікне, і той, хто яго робіць, з ім пойдзе;
21 і кожная адборная праца будзе апраўдана, і кожны творца яе праз яе будзе ўшанаваны.
22 Шчасны чалавек, які застанецца ў мудрасці і будзе разважаць у сваёй справядлівасці ды ў разважнасці будзе разглядаць наканаванне Божае;
23 хто разважае ў сваім сэрцы аб шляхах Яго, ды разумее ў яе скрытых справах, ідучы за ёй, як наглядальнік, і цвёрда трымаючыся яе дарог;
24 хто заглядае праз вокны яе і слухае пры яе дзвярах;
25 хто супачывае каля яе дома і ўбівае кол у яе сцены; паставіць палатку сваю каля яе і супачыне ў гасцініцы багаццяў павек.
26 Пакіне дзяцей сваіх пад яе дахам ды пад яе галінамі будзе прабываць;
27 будзе схаваны ад спякоты пад дахам яе, і ён супачыць у яе славе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017