Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 25 Эклезіясціка 25 разьдзел

1 Тры рэчы ўпадабаў дух мой, прызнаныя перад Богам і перад людзьмі:
2 згоду між братамі, і любоў блізкіх, і калі муж і жонка між сабою ладзяць.
3 Тры роды людзей зненавідзела душа мая, і сумую вельмі над іх душамі:
4 пыхлівага жабрака, багатага лгуна, распуснага старога, ды пазбаўленага розуму.
5 У маладосці сваёй ты не назбіраў; як жа знойдзеш у сваёй старасці?
6 Як прыстала сівізне судзіць, так старцам — умець параіць!
7 Як высакародная старэчая мудрасць, так славутым людзям — розум і парада!
8 Вянец старцаў — вялікая ўмеласць, і слава іх — страх Божы.
9 Дзевяць пажаданняў сэрца высока ацаніў я, і дзесятае выкажу я чалавечаю моваю:
10 чалавек, які мае пацеху ў дзецях, які жыве і бачыць падзенне сваіх ворагаў;
11 шчасны чалавек, які мае разумную жонку, і не арэ валом і аслом адначасна, і хто не балбатаў языком сваім, ды хто не служыў сабе, нягоднаму;
12 шчасны той, хто знайшоў сапраўднага сябра і хто кажа справядліва вуху, слухаючаму яго;
13 які вялікі той, хто знайшоў мудрасць і веды, але ён не вышэйшы за таго, хто баіцца Госпада.
14 Страх Божы — перавышае ўсё;
15 і хто мае яго, з кім ён можа быць параўнаны?
16 Страх Божы — гэта пачатак любові да Яго, а вера — гэта пачатак адданасці Яму.
17 Кожная кара — перажыванне сэрца, і найгоршае зло — гэта нягоднасць жонкі.
18 І ўсякі боль можна перацярпець, але не боль сэрца;
19 ды ўсякую нягоднасць, але не нягоднасць жонкі;
20 і кожнае пераследаванне, але не пераследаванне ад ненавідзячых;
21 і кожную помсту, але не помсту ад ворагаў.
22 Няма горшай атруты за атруту гадзіны,
23 ды няма горшай злосці за злосць жонкі; хацеў бы лепш жыць з ільвом і драконам, чым жыць з нягоднай жонкай.
24 Злосць жанчыны змяняе твар яе, захмурвае аблічча яе, як у мядзведзя. Муж яе будзе начаваць між знаёмых сваіх,
25 і, няпрошаны, будзе ўздыхаць горка.
26 Кожная злосць малая ў параўнанні са злосцю жанчыны; спадзе на яе доля грэшнікаў.
27 Як узыходжанне старому нагамі па пяску, так языкатая жонка спакойнаму мужу.
28 Не прыглядайся да прыгажосці жанчыны і не зажадай дапамогі жанчыны.
29 Гнеў, і знявага, і вялікі сорам,
30 калі жонка мае ўладу над сваім мужам.
31 Сэрца прыгнечана і сумны твар, ды боль сэрца — пераваротная жонка.
32 Кволыя рукі і бяссільныя калені — жанчына, якая не ўшчасліўлівае свайго мужа.
33 Ад жанчыны пачынаецца грэх, ды праз яе ўсе мы ўміраем.
34 Не давай выхаду вадзе сваёй анічуць, ды пераваротнай жонцы — дазволу на ўладу.
35 Калі яна не ходзіць пад тваёю рукой, засароміць цябе на віду ворагаў;
36 адлучы яе ад цела свайго ды адпусці яе са свайго дома.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 25 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017