Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 46 Эклезіясціка 46 разьдзел

1 Мужны ў баю Ешуа, сын Нуна, пераемнік Майсея ў прароцтвах, які быў адпаведны імю свайму,
2 найвялікшы ў збаўленні выбраннікаў Божых, які помсціў нападаўшым ворагам, каб увесці Ізраэль у яго спадчыну.
3 Як уславіўся ён, падымаючы рукі свае і накіроўваючы меч свой на горад!
4 Хто перад ім так адзначыўся? Ён бо вёў войны Госпадавы.
5 Ці не яго рукою было стрымана сонца ды адзін дзень стаў, быццам два?
6 Прызваў Ён Узвышняга Валадара, калі напалі на яго зусюль ворагі; і выслухаў яго вялікі Госпад, бо спаслаў камяністы град надта вялікай сілы.
7 Кінуўся ён на варожы народ і, сышоўшы, разграміў праціўнікаў;
8 так што пазналі народы сілу зброі Яго, бо вайна іх — супраць Бога, бо наступаў ён за плячамі Магутнага.
9 І ў дні Майсея аказаў ён міласэрнасць, ён і Калеб, сын Ефоны, тым, што сталі супраць сходу, паўстрымалі народ ад грахоў ды супакоілі злую лаянку.
10 Таму яны ўдвух былі вызвалены з ліку шасцісот тысяч пешакоў, і былі ўведзены ў спадчыну, у зямлю, што абцякае малаком і мёдам.
11 І даў Госпад самому Калебу сілу, якая да старасці ў ім ператрывала, каб узышоў на высокае месца зямлі ды каб там патомства яго атрымала спадчыну;
12 каб пераканаліся ўсе сыны Ізраэля, што добрым ёсць — слухаць Госпада.
13 Далей аб суддзях, аб кожным па імю, аб тых, у каго сэрца не было сапсавана і якія не адвярнуліся ад Госпада:
14 хай памяць аб іх будзе дабраславёна, і хай косці іх дадуць атожылкі з месца свайго,
15 і хай імя іх будзе ўзноўлена сынамі гэтых мужоў святых.
16 Умілаваны Госпадам сваім Самуэль, прарок Госпадаў, паставіў царства, ды намасціў валадароў у народзе сваім.
17 Па законе Госпадавым судзіў сход, і наведаў Бог Якуба, і праз вернасць сваю быў ён праўдзівым прарокам;
18 і праўдзівасць бачання пазнана была па яго словах.
19 І ён прызваў усемагутнага Госпада, калі ворагі дзеля аблогі абкружылі зусюль, ахвяруючы малочнае ягня.
20 І загрымеў з неба Госпад, і ў магутным гуку даў пачуць Свой голас,
21 і сцёр кіраўнікоў тырскіх ды ўсіх князёў філістынскіх.
22 І перад часам супачынку вечнага Ён сведчыў на віду Госпада і Яго Намашчэнца: «Грошай ані нават сандаляў ні ад каго не ўзяў»; і ніхто не змог яго абвінаваціць.
23 І ён прарочыў і па сваёй смерці, і прадказаў цару і паказаў яму смерць яго, і падняў голас свой з зямлі, каб ухіліць народ ад ліхоцця.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 46 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017