Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 32 Эклезіясціка 32 разьдзел

1 Калі паставілі цябе старэйшым на балі — не ганарыся! Будзь між імі, як адзін з іх.
2 Клапаціся пра іх, і так сядзі, ды ўзлягай, выканаўшы ўсякі свой клопат,
3 каб умець парадавацца разам з імі, і атрымаць вянок дзеля прыстойнасці, ды каб атрымаць дастойнае запрашэнне на баль.
4 Прамаўляй, старэйшына: табе бо гэта належыць
5 першае слова з належнай умеласцю; і не перашкаджай музыцы.
6 У час балю не разлівайся размовай і не паказвай сваёй мудрасці ў неадпаведны час.
7 Што каштоўны каменьчык рубіна ў залатым абрамаванні, тое спевы музыкаў на балі пры віне;
8 што смарагдавая пячаць у залатой аправе, тое колькасць музыкаў пры салодкім і ў меру віне.
9 Слухай моўчкі, і за ветлівасць будзе аказана табе ўдзячнасць.
10 Прамоў, юнаку, калі трэба табе, за ледзь два словы;
11 тады, калі цябе спытаюць.
12 Гавары сцісла, шмат — у некалькіх словах; будзь, як ведаючы, але адначасова ўмеючы маўчаць.
13 Не ўзносся паміж магнатамі, і дзе знаходзяцца старцы — не гавары многа.
14 Гром папярэдзіць маланка, і чалавека сціплага папярэдзіць прыхільнасць.
15 І ўставай у час, не будзь апошнім; спяшайся ж першы ў свой дом, і там адпачывай, і там забаўляйся,
16 і рабі там, што прыдумаеш, і не грашы пыхлівым словам.
17 І за ўсё гэта дабраслаўляй Госпада, Які цябе стварыў і Які насычае цябе ўсімі даброццямі Сваімі.
18 Хто баіцца Госпада — атрымае выхаванне, і хто зранку трывае пры Ім, атрымае дабраславенне.
19 Хто спаганяе закон, будзе ім напоўнены, і хто падступна робіць, будзе ўведзены ў спакусу.
20 Хто жыве ў страху Госпадавым, знойдзе справядлівы прысуд і справядлівасць, як святло, засвеціць.
21 Чалавек грэшны ўхіліцца ад напаміну і паводле сваёй волі знойдзе апраўданне.
22 Чалавек разважны не пагардзіць разважаннем; чужынец і пыхлівец нічога не забаіцца.
23 [Без роздуму не рабі анічога, сыне, і не будзеш каяцца дзеля сваёй дзейнасці.]
24 Сыне, не хадзі па дарозе загубы, і не скалечыш нагі аб камяні;
25 не давярай дарозе нязведанай, каб не выставіць душы сваёй на шкоду.
26 І будзь асцярожны нават адносна сваіх дзяцей, і май на ўвазе хатніх сваіх.
27 У кожнай дзейнасці сваёй май давер душы сваёй: гэта бо значыць — спаўненне прыказанняў.
28 Хто верыць закону, зважае на прыказанні, і хто верыць Госпаду — не ашукаецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 32 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017